— Дык чаму вы самі не застрэліцеся? — спытаў Ліневіч.
Мазур пачаў пераконваць, што сам не можа, бо грэх, а ён веруючы.
— Але ж забіць чалавека яшчэ большы грэх, — сказаў Ліневіч.
— Тут мая воля і жаданне маё, — заблытаўся Мазур.
— Тады вы ўсё роўна самагубца, — даводзіў яму Ліневіч, — і адкажаце за тое па веры.
— Так, — згадзіўся Мазур. Ён выглядаў збянтэжаным.
— А дзеці ў вас ёсць? — спытаў Ліневіч.
— А ў вас?
— Я нежанаты, — сказаў Ліневіч.
— У мяне дачка ў Менску, але яна дарослая, у яе сваё жыццё, — паведаміў Мазур.
— Вы б наведалі яе, — параіў Ліневіч, на што Мазур адказаў, што дачку не гадаваў.
— Кроў ваша, — заўважыў Ліневіч.
— Я хацеў зблізіцца, але не атрымалася, — быццам ажывіўся Мазур.
— Трэба проста набрацца цярпення, — суцешыў яго Ліневіч. — Кажуць, што менавіта цярплівыя кіруюць светам...
Пасля гэтых яго слоў настаўнік Мазур задумаўся і пайшоў. Праз дзень ён зноў завёў гаворку пра тое ж самае, але Ліневіч тады добра абсек яго. І вось цяпер ён прыйшоў зноў.
— Вы тут новы чалавек, — сказаў настаўнік Мазур. — На вас звяртаюць увагу, бо вы нешта шукаеце ў рэчцы.
— Дык што з таго? — спытаў Ліневіч.
— Людзі не выносяць нязвыклае. А тут яшчэ інфляцыя, радыенукліды. Людзі нервуюцца, няўпэўнены ў будучым, п'юць. Шмат злачынцаў, бадзяг, прыхадняў. Некаторыя амаль вар'яты.
— Мне на раку, — сказаў Ліневіч.
— Я крыху таксама прайдуся, калі вы не супраць. Тут асабліва і пагаварыць няма з кім. Інтэлектуальны голад...
Ліневіч паціснуў плячыма.
Сонца ўзышло, але раса яшчэ там-сям бліскацела на павуцінні. Высока ў небе чорнай кропкай вісеў каршун. Сцежка вяла па траве ўздоўж вербалозу, і красоўкі ў Ліневіча сталі вільготныя. Настаўнік Мазур маўчаў. Дыхаў ён цяжка.
— А як ваша ідэя? — раптам зацікавіўся Ліневіч з намерам, каб адчапіцца.
— А я, калі яе здзейсню з нечай дапамогай, то вам знак пакіну, — сказаў настаўнік Мазур і ўсміхнуўся. — Кропачку якую не да месца ў развітальным слове ці яшчэ што...
— Кіньце, — параіў Ліневіч. — Пачвар не варта казытаць.
— Я можа, і перадумаю яшчэ, — пагадзіўся настаўнік Мазур. — Хаця ўсе гэтыя краявіды з гармонікамі па вечарах наганяюць тугу. Вы не заўважалі, якія ў нас змрочныя краявіды? Балоты, лес гнілы, кустоўе рэдкае, пясок, зноў балоты...
— А вас не цікавіць, чым скончыцца наша калатнеча? — спытаў Ліневіч. — Цікаўнасць — адметная рэч, магутны інстынкт. Так нічога і не даведаецеся.
— Мяркую, нічым не скончыцца. Ад сухога дрэва і ценю не бывае. Вось, бачыце азярцо, — ён паказаў на ваду, што бліснула за вербалозам. — Там крынічка б'е. А яе штогод раска з усіх бакоў зацягвае. І заглушыць у рэшце рэшт. Жывое — анамалія ў Сусвеце. Ён жа імкнецца да неарганічнага стану. Урэшце, галоўная ідэя Сусвету, магчыма, і ёсць барацьба з жыццём...
— Як эколагу не зразумела, — пачаў Ліневіч і спахапіўся. Але настаўнік Мазур ужо скарыстаў яго промах.
— Прагаварыліся, урэшце, — адзначыў ён. — Дык вы эколаг. Пэўна, нешта тут даследуеце, пра што нам, простым, ведаць нельга. А казалі — у адпачынку, рыбу ловіце. Якая рыба? Няма яе тут даўно.
— Якраз рыба ёсць, — сказаў Ліневіч.
— Ну дык прынясіце мне ў абмен на яйкі, — прапанаваў настаўнік Мазур і спыніўся.
— Мы адхіліліся ад тэмы, — заўважыў Ліневіч. — Калі ў Сусвеце ўтварылася разумнае жыццё, то так вырашыў Бог, і ў тым яго ідэя.
— Не. Ідзе гон.
— Гон? — здзівіўся Ліневіч. — На каго?
— Магчыма, на ўсё чалавецтва, у першую чаргу на саслабелых, на тых, хто адстаў, хто не ведае свайго Шляху, ну, прыкладам, як наш народ. Некаторыя адчуваюць гэта, але змяніць нічога не могуць.
— А вы адчуваеце? — спытаў чамусьці зусім без іроніі Ліневіч.
Настаўнік Мазур зірнуў яму ў твар.
— Шукайце, што згубілі, — ён павярнуўся і няспешна пайшоў назад, кінуў ужо на хаду: — Бывайце.
Ліневіч моўчкі правёў яго позіркам.
Раса знікла, і трава была ўжо сухая і жорсткая. Толькі кусты па баках канавы буялі зеленню. Сонца ў дымным мроіве (гарэлі тарфянікі) цяжка ўзнімалася ў небе. За чорнай плынню вады шарэла сцірта леташняй саломы. Нібы загуў чмель — за ракой на дарозе цягач перавозіў лес.
«Трупы дрэваў, — падумаў Ліневіч. — І так штодня».
...Рашотка, звараная з дроту, была замацавана ад берага да берага. Прыбітая да глеістага дна металічнымі клямарамі, яна ўзвышалася сантыметраў на сорак, не больш, і вада свабодна струменіла над ёй і праз яе. Рашотка павінна была затрымаць сумку, калі б яе аднесла цячэннем. Сумка згубілася тыдні два таму, калі перакуліўся кацер. Менавіта яму, Ліневічу, трэба было адшукаць тую сумку. Што ў ёй — ён не ведаў. Справу гэту адразу засакрэцілі. Як ён бачыў, дзеля падстрахоўкі адначасова рыхтаваліся асушыць невялікі ўчастак ракі, дзе сутыкнуўся з тапляком кацер. Таму бульдозерам і экскаватарам паглыблялі канаву, па якой мусілі спрамляць русла. Але ўжо суткі, як бульдозер не працаваў. Стаяў нерухома і экскаватар.
Читать дальше