зараз шваркну наглуха
і заложнік мяняўся з твару, станавіўся шэрым, як ляжалае сала, і прасіў умольна
отпусты, отец заплатит деньги
а стары не сунімаўся
на зону б цябе, вылупня, адразу б акруглілі
і пытаўся ў мужчыны
можа, адрэжам яму тое-сёе?
і ўрэшце, узнагародзіўшы выспяткам, выгнаў таго прэч, і Даніла Прусак упершыню ўсміхнуўся, а раніцай стары схадзіў на рынак і прынёс адтуль труса, белага колеру і з чырвонымі вачыма, і даўнёнак карміў яго дзьмухаўцамі і казаў
Піля
і паўтараў
ПіляПіляПіля
і глядзеў бяздумна, як чырвоны дыск сонца ўздымаецца над даляглядам, высвечваючы друхлыя будынкі і кволыя, самотныя дрэвы і траву пад імі, і гаварыў
мы грэбаныя псіхі
Студзень-жнівень 1998
Прідоша прузі [1] Прузі (старажытнаслав.) — саранча.
, і покрыла землю,
і шла она в полночные страны.
Летапіс
Раніцай барвовае, у мроіве, сонца зноў павісла над даляглядам. Слабы вецер, перамешаны з дымам, раз-пораз спрабаваў хіліць долу тонкія, абадраныя козамі кволыя дубцы-клёны ды куст вербалозу. Насупраць крамы стаяў недабудаваны цагляны дом без даху, а за ім пачынаўся поплаў, што цягнуўся да ракі. На самым ускрайку поплаву хадзілі гусі і скублі траву, выгінаючы па-змяінаму гнуткія шыі.
Па вуліцы, выкідваючы пасмы дыму, марудна прасунуўся лесавоз. Абцярэбленыя вярхі дрэў цягнуліся за ім па зямлі, пакідаючы на пяску пісягі. У паветры ўзняўся пыл.
Герман Ліневіч зірнуў у акно, правёў позіркам грузавік і ўбачыў, як праз поплаў да яго ідзе настаўнік Мазур. Той быў яшчэ далёка, але Ліневіч не сумняваўся, што Мазур ідзе менавіта да яго, і пашкадаваў, што не паспеў сабрацца і пайсці з хаты. Не таму, што не любіў Мазура, а каб дарэмна не спрачацца з ім.
Ён таропка запхнуў у рукзак ласты, маску, паклаў бутэльку з вадой са студні, бо з рэчкі піць не рызыкаваў, і тут якраз Мазур пастукаў у дзверы. Ліневіч сказаў:
— Адчынена.
Настаўнік Мазур зайшоў у пакой. Гэта быў чалавек гадоў пад шэсцьдзесят, у клятчатай кашулі, картовых штанах і танных сандалях на босых нагах. Выглядаў ён стомленым: твар быў у зморшчынах, рэдкія сівыя валасы тапырыліся на шышкаватым чэрапе, толькі вочы разумна і цупка пазіралі з-пад надброўяў. Ён павітаўся і ўсміхнуўся:
— Зноў шукаць, што па вадзе плыве?
— Усяго не пярэймеш, застанецца і вам, — адказаў Ліневіч і працягваў збірацца.
— Мяне рэчка не цікавіць, — заўважыў Мазур.
— Урэшце, калі вы зноў са старым пытаннем, то дарэмна губляеце час, — дадаў Ліневіч не зусім ветліва.
Але Мазур сказаў пра іншае:
— Учора вечарам тут на гармоніку ігралі. Чулі?
— І што?
— Я такога музіцыравання на захадзе сонца не выношу. Гэта занадта. Гармонік, катрынка...
— Не прыслухоўваўся, — пахмурна сказаў Ліневіч.
— Я вам прыйшоў ружжо пазычыць. Хочаце?
— Не трэба, — адмовіўся Ліневіч. У яго зноў, як і раней, з'явілася пачуццё, што думкі Мазура цяжка чытаць. Ёсць жа людзі, якіх лёгка зразумець, а іншых аніяк.
— Тады вазьміце яек, — прапанаваў Мазур і дадаў: — У мяне ўчора трусы здохлі — трус і дзве трускі. Усе трое разам. Шкада. А тут яшчэ гармонік увечары... А куры нясуцца.
Ён выцягнуў з кішэні некалькі яек і паклаў на стол. Ліневіч падзякаваў.
— Чаму вы лічыце, што з ружжом мне будзе лепш? — спытаў ён.
Настаўнік Мазур быццам крыху збянтэжыўся.
— Вы ведаеце, што за вамі сочаць? Тут цяпер шмат рознай набрыдзі.
— Заўважаў, — сказаў Ліневіч.
— Хаця, можа, я і перабольшваю, — адступіўся Мазур. Ён нібы здранцвеў, гледзячы ў акно. Ліневіч працягваў збірацца.
Тыдзень таму, калі ён прыбыў сюды і пачаў пошукі ў рацэ, настаўнік Мазур упершыню наведаў яго. Увогуле, як пачуў Ліневіч ад сялян, ён ніякі не настаўнік, а былы інжынер з горада, проста крыху панастаўнічаў у мясцовай школе; прыехаў ды застаўся, бо хата пасля смерці бацькоў пачала парахнець, а ў горадзе яму стала быццам цяжка жыць. Урэшце, Ліневіч не ўнікаў.
Дык вось Мазур заявіўся тады да яго і спытаў, ці не здолее ён, Ліневіч, па-сяброўску застрэліць яго (ён так і сказаў). З яго ружжа, вядома. А ён, Мазур, адпаведна напіша паперу, што сам. Ну, і перадусім, вядома, аддзячыць за гэта.
Ліневіч спачатку вырашыў, што настаўнік Мазур хворы на шызафрэнію, але потым перамяніў сваю думку.
— З якой нагоды я буду страляць у вас? — пацікавіўся тады Ліневіч. — Жыццё кароткае — само ўсё вырашыцца.
На тое настаўнік Мазур адказаў, што ён нажыўся і баіцца старасці і хвароб.
Читать дальше