Маёр Уразаў узнік за плячыма нячутна, як прывід.
— Чаму не выкананы загад? — зашыпеў ён. — Два нарады пасля вучэнняў! Паўтарыце!
— Ёсць два нарады.
— Каб праз пяць хвілін усё было гатова!
Радавы Сяргей Каляда моўчкі пачаў распакоўваць пухкі мех. Урэшце «паленпак», ці паходны ленінскі пакой, які ўвасабляў сабой усю ротную наглядную агітацыю, быў замацаваны. Ён нагадваў брызентавы прамакутнік пад такой жа павеццю два з паловай метры на паўтара, на якім месціліся партрэты сябраў Палітбюро, а таксама вышэйшага каманднага саставу арміі, дзеячаў марксізму-ленінізму. Глядзелі са сваіх месцаў армейскі статут, матэрыялы апошняга пленума, падшыўкі вайсковай акруговай газеты. Асобна размясцілася сям'я Ўльянавых у рэпрадукцыях з чорна-белых фотаздымкаў. Ніжэй вісела скрыня для пісем і заўваг. Над усім месціўся невялікі бронзавы бюста Ільіча.
Сяргей Каляда завяршыў справу ўжо ў цемры. Ён сеў на зямлю спінай да сасны і доўга сядзеў так, а потым заціснуў аўтамат між каленяў і пачаў шукаць па кішэнях. Ён знайшоў і пералічыў некалькі баявых патронаў — рэштку таго, што засталося пасля стрэльбішчаў. Запаслівы, як кажуць, лепш за багатага. Сяргей выцягнуў ражок і высыпаў адтуль на зямлю халастыя — іх выдалі ім раней. Замест іх ён уставіў баявыя патроны і схаваў ражок у кішэню галіфэ. Кароткі дэсантны варыянт свайго «калашнікава» ён закруціў у плашч-накідку. Потым сцягнуў з сябе і кінуў пад ногі шынель, падсумкі, процівагаз, сапёрную рыдлёўку.
Забраўшы толькі скрутак са зброяй, ён рушыў прэч. Цемра ўжо ахінала ўсё навокал. У свежавыкапаных акопах там-сям курылі, хто ўжо спаў, скурчыўшыся, хто яшчэ толькі рыхтаваўся і назапашваў з гэтай нагоды пад бакі сасновы лапнік ды пажухлы быльнік, хто размаўляў напаўголасу.
Ён ужо дасягнуў лесу, але спыніўся, нейкі час пастаяў, прыслухоўваючыся, і раптам павярнуў назад.
Радавы Сяргей Каляда зноў мінуў распалажэнне роты, прайшоў каля напалову прыхаваных у зямлі бэтээраў і знайшоў знаёмую палянку, дзе, прымацаваны да соснаў, месціўся паходны ленінскі пакой. Ён выцягнуў з кішэні і чыркнуў запалку. Агеньчык лізнуў лісты з падшыўкай, перакінуўся на партрэты правадыроў і начальнікаў, набраў моцы. Агазлівыя твары на партрэтах курчыліся ў пачварных усмешках. Полымя ахапіла ўвесь брызентавы домік. «Паленпак» гарэў. Радавы Сяргей Каляда адступіў у цемру і заспяшаўся да прыкмечанай ім раней вузкай лясной дарогі. Лес адразу прыняў яго ў сябе, мякка і пяшчотна ахутаўшы цішынёй і спакоем...
Праз некалькі гадзін, пад раніцу, ён ужо ляжаў у пустым вагоне таварнага цягніка, які вёз яго на захад, да Менска. Паклаўшы скрутак са зброяй пад галаву, радавы Сяргей Каляда прыпальваў цыгарэту ад цыгарэты. Потым пачак скончыўся, і ён нібы праваліўся ў небыццё, на кароткі час заснуў неспакойным цяжкім сном.
У гэтым напаўсне-напаўтрызненні Сяргей ішоў разам з Палінай па пустой дарозе пад гару. Ён быў чамусьці ў вайсковай форме і з «паленпакам» на спіне. Ісці яму было вельмі цяжка, ён задыхаўся і ўсё больш адставаў ад дзяўчыны. Тая, не азіраючыся, лёгкай хадою ішла наперад. Урэшце ён увогуле застаўся на дарозе адзін. Нягледзячы на тое, што ён так спяшаўся і нават высільваўся, каб ісці хутчэй, яму было холадна, а ў твар дзьмуў усё той жа паўночна-ўсходні вецер.
Прузі (старажытнаслав.) — саранча.
Хакеры — камп'ютэрныя злодзеі.
Сэмі-кантакт — дазіраваныя ўдары напаўсілы.
Мець форс — мець грошы (блатн.).
Гнаць пургу — прытварацца (блатн.).
Узяць у рыфму — абрабаваць адным і тым жа спосабам (блатн.).
Грак — ахвяра, якая не ведае, што мае справу са злачынцам.
Коцаную — мечаную (блатн.).
Азеры — азербайджанцы, якія займаюцца крадзяжом аўто ў Менску.
Рыж'ё — золата (блатн.).
Пугачоўка — пагоня за злачынцам, які ўцякае ад пераследнікаў (блатн.).
Дзіракол — пісталет (блатн.).
Крыса — жанчына, якая не заслугоўвае даверу (блатн.).
Клофа — клафелін (блатн.).
Сатырык — чалавек з дзівацтвамі, непаўнаварты (блатн.).
Клетка — рынг (спарт.).
Дэман — вар'ят (блатн.).
Пах ацэтону звычайны для тых, хто ўжывае опіумныя прэпараты (аўт.).
Читать дальше