...Лес, па якім ён плёўся ў напрамку ад чыгункі, на яго думку, не мог цягнуцца на вялікую адлегласць. Ён прыкінуў прыблізна — кіламетраў дзесяць, пятнаццаць. Урэшце, тут не тайга, надта не схаваешся. Дый што толку хавацца, калі няма ні жытла, ні ежы, ні грошай, акрамя якой дробязі, толькі «Радом» пад пахай з чатырма патронамі ў барабане. Патроны ж есці не будзеш. Ён прыслухаўся да начных гукаў і вызначыў па іх, дзе чыгунка. Там у іх ужо, напэўна, усё спрацавала і міліцыянты з «калашнікавымі» пайшлі па следзе. А можа, і не — хіба даведаешся? Не азірайся, бо ззаду магчымая пагоня — хто гэта сказаў? Хутчэй за ўсё яны з сабой захопяць і сабаку. А калі ў цемнаце ён дрэнна прыхаваў сумку, то сабаку падсунуць яе пад нос і той лёгка возьме след. А пасля гэтага ўжо справа часу, каб дастаць яго. Ён будзе страляць? Скажы, лес, мне страляць? Трэба выбрацца на якую лясную дарогу, няхай цемра, ноч, але трэба — дарога ўрэшце прывядзе да якога балотца, ручая ці канавы і ён саб'е са следу сабаку. Не шукай мяне, сабака, бо я ні ў чым перад табой не вінаваты, падумаў ён. Хіба мне трэба ўвогуле тваё сабачае ці яшчэ якое іншае жыццё? Тым больш — чалавечае? Але ён адабраў ужо не адно. Тыя цыганы — чалавекі? Скажы мне, лес?
...Лес ціха шумеў над ім. Ён ляжаў на невялікай палянцы, галавой на спарахнелым сасновым ствале, рэдкія сонечныя промні прабіваліся да яго, станавілася горача. «Віць-віць-віць», — звінела ўгары птушка. Піць. У грудзях, правым баку і ў жываце тлела маленькае вогнішча, якое патрабавала вады.Ён хацеў піць. Пэўна, падумаў ён, зачапіла жыццёва важныя органы. Недарэмна на ім ужо некалькі гадзін кішаць гэтыя зялёныя стварэнні. А ўжо яны ніколі не памыляюцца, бо іх інстынкты адпрацаваны тысячагоддзямі, сотнямі тысячагоддзяў. Ён паварушыў галавой, каб сагнаць іх з твару, і адразу боль уварваўся ў яго, як урываецца на маленькую сонную станцыю ранішні аранжава-сіні экспрэс, каб, не спыняючыся, памчаць далей. Далей — куды? Куды і я неўзабаве памчу — ты ведаеш, птушка? Не крычы так, птушка, зрабі ласку, бо я хачу піць і хачу цішыні.
...Ля маленькай соннай станцыі ўсё і здарылася. Ён тады ўжо змяніў хуткі цягнік на звычайную электрычку, якая везла яго дадому, у той с...ны гарадок, дзе ён нарадзіўся. Ён паспеў купіць сабе спартыўны касцюм, красоўкі, куртку ды пару сумак, якія запоўніў такімі-сякімі падарункамі.
Мужчына быў амаль што дома, ціхая радасць пасялілася ў ім, ён расслабіўся, а гэтага рабіць цяпер ніколі няварта. Грошы, якія выпараў з цельніка, ён паклаў на дно сумкі, частку, некалькі соцень, пакінуў у кішэні курткі, а брудны цельнік выкінуў. Ён ехаў дамоў у звычайнай прыгараднай электрычцы, і ў душы ў яго панавалі ціхае замілаванне і спакой.
Электрычка была адна з апошніх, вагон паступова апусцеў, за акном панавала амаль што ноч, і толькі рэдкія агні наплывалі і зноў адыходзілі ў цемру: то заставаліся ззаду ўсе тыя бяздарна і безгустоўна пабудаваныя хаты і домікі, дзе жылі рахманыя, пакорлівыя і безадказныя дурні — такія ж, як і ў тым гарадку, дзе жыў і куды ехаў ён.
Таму ён і не надаў спачатку аніякай увагі тым траім, што зайшлі ў вагон на адным з прыпынкаў і, пэўна, збіраліся хутка выходзіць. Зайшлі неяк моўчкі, ціха, быццам заслізгнулі. У слабым святле, а працавала толькі частка асвятляльных плафонаў, ён глядзеў, як яны ішлі па праходзе між сядзенняў, адзін за адным — усе ў танных спартыўных касцюмах і з насунутымі на вочы брылямі плоскіх расейскіх кепак, і пачуццё неўсвядомленай небяспекі ахапіла яго.
У іх, пэўна, усё было разлічана, бо спачатку яны агледзеліся, агледзелі яго і, слізгануўшы вачыма па сумках, селі збоку і насупраць. Так, моўчкі, яны ехалі нейкі час, і мужчына пачаў супакойвацца. Цягнік замаруджваў хаду перад чарговай станцыяй, і тут адзін з іх — скуласты, цемнатвары, з праціснутым пасярэдзіне, нібы ў хворага на пранцы, носам, пасунуўся да яго і, быццам абыякава, спытаў:
— Здалёк едзеш?
І мужчына, падсвядома ўжо разумеючы, што трапіў у пастку, інтуітыўна прыхіліў бліжэй да сябе сумкі і адказаў:
— З Парыжа, мужычкі.
Гэта азначала, каб той не задаваў недарэчных пытанняў, і ў той жа час гаварыла незнаёмцам, што ён чалавек самастойны, не баязлівец і ведае правілы абыходжання. Але яны заспяшаліся, быццам прарвала гаць, і вадаспад пачаў змываць усё на сваім шляху.
— Ну, а нам якраз туды. Вось сумачкі твае там і спатрэбяцца. Дык ты б іх аддаў.
Гэта сказаў другі — у яго ўся левая рука з тыльнага боку была сіняя ад татуіроўкі. Ён выхапіў з кішэні нож. Утраіх яны накінуліся на яго. Адзін схапіў яго за рукі, другі падсунуў нож да шыі, а трэці пацягнуў да сябе сумкі. Мужчына супраціўляўся як мог, мёртва зашчаміўшы ручкі сумак, і тады адчуў удар па галаве, у вачах ярка бліснула святло, а потым ноч уварвалася ў яго і захапіла з сабой.
Читать дальше