Мужчына ў думках аблаяў сябе за страту пільнасці, хаця, можа, яму і падалося, і шпарка пакрочыў па вуліцы назад, да лесу. Пласцікавы пакет у руцэ быў поўны. Ён хацеў збочыць у які завулак, а не ісці па гэтай бясконцай вуліцы — да лесу яшчэ было парадкам, але прымусіў сябе рухацца нармальна і не пераходзіць на бег. Да рэдкіх соснаў, што раслі на ўскрайку, было ўжо метраў трыста, калі за спінай ён пачуў гук матора, а потым віск тармазных калодак, азірнуўся і — пабег, бо з міліцэйскага «уазіка» ўжо выскоквалі міліцыянты ў камуфляжнай форме. Адзін з іх закрычаў: «Стой!»
Мужчына кінуў ужо непатрэбны пакет і паскорыў бег. Ззаду ён пачуў стрэл, потым другі, а потым загрукаў «калашнікаў», у правы бок ля грудзей яму ўдарыла, стала раптам горача, і ён упаў. Мужчына праляжаў так некалькі секунд, але ўскочыў на ногі і кінуўся да бліжэйшых дрэў, і лес схаваў яго. Ён адразу ўзяў убок, там былі кусты, раслі трава і мох, потым зноў памяняў напрамак, ззаду спачатку чуліся галасы і трэск сухіх галінак пад нагамі тых, хто яго праследаваў, а потым яны згубілі яго, не чулі, а сабакі ў іх не было.
...Сабака павінен вывесці іх да яго. Ну, няўжо ў іх няма сабакі? Чакаць не мае сэнсу, бо цяпер для яго ўжо нічога не мае сэнсу. Толькі адно, апошняе. Дык няхай яны прыйдуць хутчэй — тыя с...я міліцыянты, ён жа кінуў сумку і пакет, няўжо так цяжка ўзяць яго след і прыйсці сюды, на гэтую палянку, і забіць яго? Прыйдзіце і забіце — ён і адышоў у лес усяго якіх кіламетраў пяць — восем, не больш. Хіба так цяжка знайсці яго? Забіце, бо ён ляжыць ужо другія суткі, і мухі адкладаюць яму на твар яйкі лічынак.
Мужчына скасіў вачыма і ўбачыў, як ізумрудна-зялёныя насякомыя рухаюцца па яго шчоках, руках і грудзях. Мухі лезлі яму ў вочы, нахабна абляпілі твар, і ён нават не мог сагнаць іх. Навошта вы так мучыце мяне, мухі?
Мужчына застагнаў і паспрабаваў паварушыць пальцамі рук. Боль адразу працяў яго. Левая рука ўжо не слухалася, затое пальцы правай звыкла намацалі рукаятку рэвальвера. Хутчэй бы яны прыйшлі. Ён націсне на курок, яны пачнуць страляць у адказ і заб'юць яго. Цікава, кім яны яго лічаць: пэўна, небяспечным злачынцам, маньякам, які проста так забівае людзей? А кім яго лічыць тая шлюха-наркаманка? А яго былая нявеста, якая, пэўна, вырашыла, што ён з'ехаў назаўсёды і падмануў яе? А яго бацькі, якім ён не паказваўся на вочы ўжо два гады? А тая прадаўшчыца, якая пазваніла з падсобкі ў міліцыю ці ў сельсавет?
Пэўна, яе і многіх іншых ужо папярэдзілі, што ён можа зайсці ў краму ці неяк інакш звярнуцца да людзей. А яны — людзі? Скажы мне, лес, яны ўсе — людзі?
Сонца сляпіла яму вочы, але цела было халоднае, ён адчуваў гэты холад. То зямля цягнула яго да сябе. Што ж, ён стане зямлёй, і тое здарыцца, пэўна, ужо хутка. Але я не хачу, падумаў ён, ляжаць так яшчэ ноч і яшчэ дзень — мухі ператвораць чаканне ў суцэльнае пекла. А ноччу вы спіце, мухі?
Мужчына намацаў рукаятку рэвальвера і марудна, амаль пяшчотна сціснуў на ёй пальцы. Указальны лёг на курок. Ён прыўзняў рулю і двойчы націснуў. Стрэлы амаль аглушылі яго, цела ўздрыгнула, і ён адразу страціў прытомнасць, але хутка ачуняў. Больш страляць ён не будзе, бо ў барабане засталіся толькі два патроны.Чаму ж яны не ідуць, чаму ніхто не ідзе, каб скончыць усё гэта?
У грудзях у яго зноў запалала вогнішча. Чаму не ідзе дождж? Ён бы хоць і не напаіў яго, але напэўна прагнаў бы мух. А ноччу яны паляцяць у свае сховішчы ці застануцца поўзаць па ім і адкладваць яйкі?
Сонца паступова скочвалася да небакраю, і цень упаў яму на твар. Па-ранейшаму навокал было пуста, і лес ціха шумеў пра сваё. Пра што вы размаўляеце, дрэвы? Кажуць, што ўсе расліны разумныя і трымаюць сувязь між сабой і што яны прадстаўнікі высокаразвітой фітацывілізацыі. Кім вы лічыце мяне, расліны?
Урэшце, усе мы становімся раслінамі, хаця не — гноем для іх, гэта больш дакладна. Вы прымеце мяне як гной, дрэвы?
Мужчына пачаў павольна падцягваць рэвальвер: спачатку да грудзей, потым да галавы. Урэшце руля ўперлася яму ў скроню. І тады ён удыхнуў як мага больш паветра і націснуў на курок.
...Праз суткі на целе ўжо кішэлі чэрві, а яшчэ праз нейкі час на пах прыйшла пацучыха. Яна была брухатая і зрабіла гняздо проста ў трупе, разлічыўшы, што ежы ёй і патомству хопіць надоўга.
Дзень пачаўся пагана, а потым, вядома, усё так і пайшло. На досвітку ў халодную пракураную казарму грукатам ботаў уварваўся быкаваты апуцак-старшына і зароў:
— Трывога!
Мацюкаючыся, радавы Сяргей Каляда хутка сабраўся. Хутка таму, што пра трывогу і вучэнні ўсе даўно ведалі і, адпаведна, спалі апранутыя. Ён таропка накруціў непрасохлыя анучы, напяў на ногі мокрыя ж кірзовікі і разам з усімі кінуўся да складоў — атрымліваць зброю, сухі паёк і амуніцыю. Уся рота неўзабаве ўжо была там: у паветры чуліся лаянка і крыкі каманд. Дзьмуў халодны паўночна-ўсходні вецер, пра які на радзіме Сяргея гаварылі адным словам «маскаль».
Читать дальше