...Дзяўчына гнутка і зграбна падабрала пад сябе ногі, а потым лёгкім рухам паднялася з посцілкі, на якой яны ляжалі, і пайшла да ракі. Яна паволі ўваходзіла ў ваду, і ён назіраў, як рака ўбірае ў сябе спачатку яе доўгія ногі, потым голыя акруглыя клубы, спіну і спыняецца на ўзроўні шыі. Тады дзяўчына павярнулася і паклікала:
— Ідзі да мяне. Дно чыстае, пясок. Цёпла. І камары не ўкусяць.
Ён падняўся з зямлі і пайшоў да яе, і вада прыняла і яго, мякка заказытала цела прахалодай, і дзяўчына сказала:
— Хутка мы не зможам сустракацца. Прыйдзе восень, а потым зіма. Я жыву з бацькам, з сястрой і братам, а ў цябе таксама нельга. Чаму ты такі бедны? Навошта я кахаю менавіта цябе?
Ён падумаў, ён думаў пра гэта і раней, і праз паўзу адказаў:
— Калі ты пачакаеш з год, то я зараблю, колькі трэба. Усяго толькі год. Больш я нічога не магу і нічога не прашу.
Дзяўчына замест адказу заплюшчыла вочы і пацягнулася вуснамі да яго, каб ён пацалаваў. Валасы яе, колеру саломы, былі мокрыя. Яна абняла яго пад вадой і ашчаперыла нагамі.
— Які ты худы, — сказала дзяўчына. — Зусім хлопчык. І чаму менавіта ты? Магла ж я выбраць каго іншага і не сустракацца з ім вось так, як з табой: за горадам, у полі, у лесе, ля ракі, у пад'ездах?
Замест адказу ён з прыхаванай злосцю прыпаў да яе вуснаў у доўгім пацалунку. Пацалунак гэты станавіўся ўсё больш пажадлівым, і тады дзяўчына адарвалася ад яго і сказала:
— Занясі мяне цяпер назад. Ну, хутчэй...
Яна, вядома, згадзілася. Магчыма, такія абяцанні ў жанчын увогуле нічога не вартыя, але ён успрымаў усё сур'ёзна, два гады ўстрымання ў іх с...й арміі зрабілі яго такім, сентыментальным і ўлюблівым. Урэшце, ён увогуле быў такім. Тут якраз ішла ўжо поўным ходам іх с...я перабудова, і можна было зарабляць грошы, як здолееш.
Так, хто як здолее. Але ж не мог ён гарбаціць на якім з іх с...х заводаў, бо там цяпер і на хлеб часам не заробіш. Не мог і «шалясцець» валютай ці гандляваць пракладкамі, бо гэта — не для яго. Ён доўга прыкідваў тады так і гэтак, і, як ні круці, атрымлівалася яму ўсё роўна далёкая дарога. Так ён і завербаваўся ў адну прыватную будаўнічую фірму ў іхнюю дарагую і залатую сталіцу, як пелася раней у адной з іх с...х песень. Вось тут і пачаліся катаржныя работы, бо ён наняўся працаваць мулярам. Па дзесяць — дванаццаць гадзін у дзень, з раніцы да цямна, і ўсяго, як было сказана ў дамове, за пяцьсот «зялёных», больш яны не абяцалі, дый і так на яго месца было зашмат жадаючых з вёсак, пасёлкаў ды такіх с...х гарадкоў, як той, дзе ён нарадзіўся: толькі выйдзі на плошчу і свісні — адразу набягуць. У яго ўсё было разлічана: не піць, не курыць, нават не праядаць лішняга. Чатырыста пяцьдзесят кожны месяц ён павінен быў адкладаць. Але тут тыя сукі пачалі круціць і махляваць — што-што, а на гэта яны былі майстры ў іх с...й сталіцы. Замест абяцаных пяцісот выходзіла па чатырыста, а то і менш. Жыў ён у інтэрнаце, спаў у пракураным пакойчыку, дзе ложкі стаялі ў два ярусы, як калісьці ў казарме. Але горшае было не гэта і не рабская праца. Там нельга было давяраць нікому і ніколі, нават ноччу, калі спіш, нават у сне. Чыста выпадкова ён падслухаў размову каменданта інтэрната з адным памагатым-шасцёркай. Грошы адтуль не давалі вывозіць нікому. Калі не маглі скрасці па п'янцы, то рабавалі пасля палучкі; калі не ўдавалася абшукаць рэчы і сумкі ў час іх адсутнасці, калі яны гарбацілі на будоўлі, то падсылалі шлюх з клафелінам. Яму давялося прыдумаць версію пра брата, які, маўляў, жыве тут недалёка і да якога ён і адносіць на захоўванне грошы, і так ад яго на нейкі час адчапіліся, хаця ён ведаў, што пасля апошняга разліку хутчэй за ўсё будуць чакаць яго ў інтэрнаце, і тады ў ход пойдзе ўсё: гарэлка, шлюхі, а потым, калі не спрацуе, і сіла. Грошы ён зашываў у цяльняшку, якую амаль не здымаў, — вакол пояса і па баках, дзе прыстасаваў знутры спецыяльныя кішэні. З палучкі мяняў іх рублі на валюту і хаваў. І ўсё роўна ўвесь час трэба было сцерагчыся нечаканага нападу ці яшчэ якой падлянкі. Па хітрасці, зласлівасці і каварству яны былі горш за пацукоў: у іх там склалася нешта накшталт групоўкі, хеўра, якая тлусцела на рабочай скаціне, накшталт яго і падобных, і з механічнай абыякавасцю выплёўвала іх голымі і босымі назад, у іх пасёлкі і вёскі. І тым не менш яму ўдалося перахітрыць тых пацукоў з іхнімі «шчаміламі», «рэксамі» і шлюхамі са снатворным. Яшчэ раней, за некалькі дзён да апошняй палучкі, ён набыў білет і пасля канчатковага разліку ў інтэрнат не вярнуўся, пакінуўшы там ім на ўспамін тое-сёе з вопраткі, электрабрытву, ручнік, зубную шчотку і чамадан. А пэўна, яны доўга чакалі яго тым днём і той ноччу, анягож, і шлюху туды даставілі, усё як належыць, пакуль ён, як і быў, у рабочай робе і кедах, не занырнуў у вагон. Цягнік урэшце крануўся, ён заваліўся на верхнюю паліцу (надыходзіла ўжо ноч) і назіраў, як сплывае і меншае гэты жудасны мегаполіс, што адабраў у яго больш года жыцця, як агнёў горада ўсё меншае і меншае, і ўрэшце пачаліся дробныя пасёлкі, раўніны, а потым лес, і тады ён заснуў.
Читать дальше