— Чорт бы вас пабраў з вашай цікаўнасцю і чытанкай чужых лістоў, — у звыклай выбуховай манеры незалюбіла дзяўчына.
— Ціха, ціха, — адразу замахаў рукамі сантэхнік Ілля. — Не ўспамінайце нанач таго, хто, можа, выбраў сабе менавіта гэтую зямлю, якая для таго і засыпана васьмюдзесяццю мільёнамі кюры. Маўчыце і памятайце.
— Ну, згода, згода, — раптам пагадзілася Ева Мураш. — Калі вы такі баязлівец.
— Дык вось, я б вельмі хацеў паразумення.
— Вы быццам трызніце, але няхай, — сказала дзяўчына і спытала: — І як вы ўяўляеце мае абавязкі ў ролі гэтага гіда-ахоўніка?
— Вы павінны будзеце спачатку назіраць за маім целам, калі я адпраўлюся вельмі далёка, ну, скажам, на той самы Высокі Ўзровень. Сачыць, каб я не зайшоў занадта ўбок, у сэнсе небяспекі, каб не задыхнуўся ці не набраў у лёгкія вады, за колерам майго твару, за тым, каб малалеткі не кінулі ў фортку выбуховы пакет ці запаленую анучу ці мала яшчэ што. Гэта, вядома, напачатку...
— Так. Ну, а якую форму аплаты вы мне прапануеце за гэтыя пасядзелкі? Вы ж думалі пра гэта?
Сантэхнік Ілля пацёр далоні. Ён быў відавочна ўсхваляваны.
— Прабачце, — пачаў ён, — але я за вамі ўвесь час пакрысе назіраю. У вас тут нядаўна быў, скажам так, сябра. Такі высокі, з бензапілою. Ён браў у мяне ключы, каб яе разабраць і зноў сабраць. Але гэты мужчына больш не з вамі. Ён сышоў. Хіба не так? А вам трэба чалавек, на якога вы маглі б спадзявацца. Я мог бы падвесці вас да самага галоўнага, я...
Сантэхнік Ілля спыніўся. Плямы выступілі на яго бледным твары.
— Да чаго галоўнага? — спытала дзяўчына даволі здзіўлена.
— Да... неўміручасці.
— Ха-ха-ха-ха!
— Чаму вы смеяцеся? — пакрыўдзіўся сантэхнік Ілля.
Ева Мураш паднялася з крэсла.
— Не крыўдуйце, але вяртайцеся лепш у «дурку», — з нечаканай злосцю сказала яна. — Калі б вы нават і падсунулі мне ў нос вашу неўміручасць, вы што, сур'ёзна лічыце, што яна нечага вартая? Я, дарэчы, не вас першага пра гэта пытаю. Ну, дзеля чаго? Адкажыце! І няма ніякага Высокага Ўзроўню. Звычайны «глюк» — і ўсё.
Сантэхнік Ілля маўчаў.
У цемры Ева Мураш падымалася па лесвіцы да сябе на сёмы паверх. Маўчанне нібы цягнулася ўслед за ёю. Некалькі разоў яна спынялася адпачыць, бо задыхалася, пакуль урэшце не ўпала на ложак, як была, у паліто і запаліла цыгарэту. Потым усё ў тым жа паліто яна села за стол і напісала ліст да сяброўкі. Ліст быў надзвычай кароткі і складаўся з аднаго слова:
ЖАХ
І падпісалася:
Ева, 98. Чацвер.
Больш на працу яна не наведвалася. Так ішлі дні, зрэдку яна спускалася ўніз, хадзіла ў краму па хлеб, ёй спачатку званілі, але потым тэлефон адключылі — за нявыплату. У яе яшчэ быў «смэк» са старых запасаў, да таго ж заходзілі сябры, аднойчы прыйшла і маці, але яна нешта звыкла зманіла ёй і хутчэй выправадзіла дадому.
Яшчэ праз некалькі дзён у яе скончылася апошняе, што можна было ўжываць, нават «траўкі» не засталося, і толькі запалкавы карабок з «дазняком», што апошнім увёў сабе нябожчык Алег, так і ляжаў у халадзільніку.
Ева Мураш з раніцы прыняла ванну, а потым сядзела ў паліто, паліла і глядзела ў акно на вуліцу, дзе бегалі людзі, збіраючыся ў натоўп, даносілася музыка, з дынаміка гучалі песні, і яна ўспомніла, што на дварэ ўжо сёмае лістапада. Дзяўчына знайшла каляндар і чырвоны ліст з надпісам
7 лістапада
пятніца
Машынальна вырвала яго і кінула ў сметніцу, а потым выцягнула з шуфляды ампулу з вадой для раствору, адламала кончык. Усё, што пакінуў Алег, яна акуратна размяшала — дазіроўка ўжо не мела сэнсу, — набрала ў шпрыц і знайшла вену...
Ева Мураш выйшла на балкон, села ў старое крэсла, што стаяла сярод рознага хламу, ухуталася ў паліто і стала чакаць, прыслухоўваючыся да таго, як б'ецца сэрца, а яно грукала ўсё часцей і часцей, а потым яе званітавала, у скронях быццам запалаў агонь, ёй стала жудасна, сапраўдны жах працяў яе, дзяўчына зірнула ўніз, дзе ўжо было амаль пуста — натоўп сышоў, — і на неба, і раптам шырока раскрытымі вачыма ўбачыла, як па гэтым небе імкліва і бязгучна імчыць, зніжаючыся ў бок запаснога аэрапорта, нязграбнае, гіганцкае цела авіяматкі, падобнае на вялізнага гіпапатама, і гуку ўсё яшчэ не было, а потым з бакоў вынырнулі два знішчальнікі аховы, у той час, як авіяматка ўсё так жа бязгучна слізганула за дахі дамоў, на пасадку, і тады Ева Мураш нечакана ўспомніла словы сантэхніка Іллі і ўжо затухаючай свядомасцю зразумела: вось яно — тое самае, пра што калісьці гаварыў ёй вар'ят, і сінія вусны яе, на якіх ужо пухірылася жоўтая пена, вымавілі дзіўнае слова:
Читать дальше