— Карму ўспомніў? А раней ты пра што меркаваў, жывёла? Ты б лепш пра хуткаплыннасць жыцця думаў, пра тое, што нельга беспакарана на ўсіх перці рогам. Ты не варты жыцця, не.
Раптам ліфт спыніўся. Былы бізнесмен Фёдар Сак не гледзячы зашоргаў далонню, каб зноў надаць яму ход, але не здолеў знайсці і націснуць адпаведную кнопку. Дзверы ліфта расчыніліся.
Міжволі ён азірнуўся. Перад ім на лесвічнай пляцоўцы стаяла жанчына, трымаючы на руках дзіцё. Вочы яе былі расшыраны ад сполаху.
Чалавек па імені Мар'ян спаўна скарыстаў момант няўпэўненасці. Ён з крыкам рынуў з ліфта, паднырнуўшы пад руку Фёдара Сака, збіваючы з ног жанчыну, і з нечаканым спрытам панёсся ўніз па лесвіцы, не перастаючы крычаць.
Фёдар Сак не пабег за ім. Праз імгненне нерашучасці ён націснуў кнопку ліфта і пачаў правальвацца ўніз, да першага паверха, дзе, не марудзячы ні секунды, выбег з пад'езда, завярнуў за вугал і дварамі выйшаў на вуліцу, пасля чаго ўскочыў у тралейбус. «Справа ў тым, што я не магу забіваць, — думаў ён. — Але ж калі я занадта мяккі да людзей, то я, пэўна, таксама не варты жыцця...»
* * *
Леснікі сустрэлі яго з'яўленне, як заўсёды, амаль раўнадушна і ажывіліся толькі тады, калі ён звыкла пачаставаў іх гарэлкай. Начаваў ён у пуні.
Лес ужо барвовеў апалым лісцем. Часам у стрыманым шолаху дрэў чуліся рэдкія і трывожныя крыкі птушак, якія, пэўна, рыхтаваліся заставацца і сустракаць тут зіму. З раніцы Фёдар Сак распальваў невялікае вогнішча, якое падтрымліваў, падкідваючы раз-пораз сухое галлё, да вечара.
Ён чакаў іх, але надзея на тое, што яны ўсё-такі не прыйдуць і ўсё абыдзецца, цеплілася ў ім. Надзея была марная.
Страляць яны пачалі адразу, пэўна, як толькі яго ўбачылі, і з блізкай адлегласці, таму адна з першых, выпушчаных імі куль, трапіла яму ў жывот. Былы бізнесмен Фёдар Сак здолеў яшчэ запаўзці за ствол паваленага ім дрэва і выцягнуць з кішэні камбінезона рэвальвер.
Ён знайшоў у сабе сілы стрэліць у адказ: раз, другі, трэці, а потым жыццё пачало імкліва выцякаць з яго, як выцякае паветра з надзьмутага і праколатага іголкай шарыка, і ён то губляў прытомнасць, то яна зноў прыходзіла да яго, і гэтыя паўзы станавіліся ўсё карацей і карацей, а потым усё агарнула цемра, і ён знерухомеў.
Бандыты яшчэ доўга чакалі і не рашаліся падысці да яго схованкі, але потым зайшлі з розных бакоў і ўбачылі, што чалавек, якога ім загадалі забіць, мёртвы. Тады яны забралі з яго рукі рэвальвер, вынялі з кішэняў стодаляравую паперку і ўсё, што там было, адцягнулі труп падалей у лес і, прыхапіўшы «шведку», таропка рушылі ў той бок, дзе знаходзілася іх машына.
* * *
У нядзелю з раніцы і к вечару сантэхнік Ілля амаль не еў. Між тым хутка сцямнела, і праз гадзіну рух машын на дарозе зусім перапыніўся. Яшчэ з вуліцы нейкі час чуліся крыкі падлеткаў, але потым холад загнаў іх па кватэрах, і наступіла цішыня.
Сантэхнік Ілля запоўніў ванну вадой і ўстанавіў патрэбную яму тэмпературу, пасля чаго выцягнуў з шуфлядкі стала аднаразовы шпрыц і загорнутую ў паперу ампулу з марфінам, якую, разгарнуўшы, папстрыкаў пазногцем, а потым старанна і ашчадна адламаў ад яе кончык і набраў у шпрыц вадкасць. Затым ён паклаў шпрыц на зэдлік каля ванны і, зачыніўшы на ключ дзверы «калясачнай» і фортку, вярнуўся і, зірнуўшы на гадзіннік, выняў нататнік і запісаў:
«3 лістапада. Нядзеля.
існуе некалькі шляхоў каб трапіць на адпаведны ўзровень адзін накапіць дастатковую колькасць энергіі каб пераключыць бар'ер а энергія шматкрат павялічваецца пры «падагрэве» а другі шлях гэта ўбачыць у самім бар'еры адтуліны і калі рухацца дастаткова хутка то можна праскочыць праз адзін з такіх «тунеляў» гэты «тунельны» эфект сапраўдны для ўсіх бар'ераў уключаючы квантавамеханічны бар'ер для электронаў ці іншых часціц але ўсё гэта дэталі якія мяркую вырашаюцца падчас уваходу ў транс мяне больш непакоіць загадкавасць Запрашальніка ў вызначэнні сутнасці тых істот якіх ён прадстаўляе і ў сувязі з чым узнікае мноства пытанняў адно з асноўных гэта формы жыцця Сусвету і іх суадносіны з нашым і тут міжволі ўспамінаецца выказванне ангельскага астрафізіка Джынса які сцвярджаў што жыццё ў зямным варыянце з'яўляецца «выраджэннем» матэрыі яе хваробай якая паражае субстанцыю ў перыяды неспрыяльных сітуацый а калі гэта так то які сэнс ва ўсіх перабудовах рэвалюцыях войнах і ўвогуле ўся наша дзейнасць законы і грамадскія ўзрушэнні не што іншае як капрыз Космасу але я адхіляюся час прыступаць так прыступаць...»
Читать дальше