У пакой раптам зноў пастукалі. Сантэхнік Ілля схаваў нататнік і прыадчыніў — за дзвярыма нікога не было, і ён, вырашыўшы і супакоіўшы сябе, што зноў гарэзуюць і шкодзяць малалеткі, пачаў збірацца на чарговы абход.
* * *
Чалавека, які хацеў яго прыніжэння, былы бізнесмен Фёдар Сак высачыў на другі дзень. Урэшце, зрабіць гэта было няцяжка, бо адрас ён ведаў, заставалася толькі заспець яго ў той момант, калі той застанецца адзін, на якую хвіліну-дзве, а ўжо гэта было больш складаным.
Тым не менш яму паспрыяла надвор'е: ішоў дробны дождж, рана сцямнела і можна было без апаскі хадзіць у цені ад клёнаў, якія густа раслі ля пад'езда. Было бязлюдна, нават сабак з-за дажджу ніхто не выводзіў на шпацыр, хіба толькі некалькі падлеткаў, азіраючыся па баках і паспешліва торкнуўшы сябе адным шпрыцам на ўсіх, зноў зніклі ў пад'ездзе, і ён меркаваў, што не прыцягне ў гэты вечар залішняй да сябе ўвагі.
Незаўважаны, Фёдар Сак убачыў, як цёмнага колеру іншамарка амаль бязгучна праслізнула да пад'езда. Дзверцы кабіны адчыніліся, і праз іх неахвотна выйшаў на дождж спачатку целаахоўнік, ён жа вадзіцель, а за ім той чалавек. Чалавек нешта сказаў і ўзмахам рукі адпусціў целаахоўніка, а сам рушыў да пад'езда. Цяпер усё залежала ад таго, як хутка ад'едзе машына і як доўга затрымаецца той чалавек, выклікаючы ліфт, ці, наадварот, калі ліфт на першым паверсе, адразу зойдзе ў яго, і тады б ён, Фёдар Сак, не паспеў. Усё гэта прамільгнула ў яго ў галаве, пакуль ён назіраў, прыціснуўшыся да дрэва, і вось машына імкліва нырнула ў цемру, і той чалавек адначасова зайшоў у пад'езд — кодавы замок быў сапсаваны, і ён не затрымаўся ля дзвярэй, і адразу Фёдар Сак ірвануўся за ім следам, і яму зноў пашанцавала — заўважыў, што, апроч іх дваіх, ля ліфта няма нікога, адтуль ніхто не выйшаў і ніхто не чакаў унізе, каб увайсці, дзверы ліфта якраз расчыніліся, і ён ускочыў у іх следам за тым чалавекам, штурхнуўшы таго да сцяны, адначасова націснуў кнопку ходу і выхапіў з кішэні рэвальвер.
Чалавек, які хацеў яго прыніжэння, здзіўлена і незадаволена выкрыкнуў нешта, не аформленае ў слова, і — пазнаў яго. Ён кінуў позірк на рэвальвер, які ўпіраўся яму ў жывот, і яго рана атлусцелы твар з двайным падбародкам перакрывіўся ад раптоўнага прыступу страху і хвалявання.
— Што? — бессэнсоўна спытаў ён. — Што здарылася?
Былы бізнесмен Фёдар Сак навобмацак націснуў левай рукой у сябе за спінай кнопку, не даючы ліфту спыняцца, і сказаў, ужыўшы імя чалавека. Урэшце, ён ніколі не забываў тое імя.
— Жыццё кароткае, праўда, Мар'ян?
І бізнесмен Мар'ян сутаргава зглынуў паветра і пагадзіўся:
— Так, Федзя, ты толькі не дуры.
— За што ты хочаш знішчыць мяне, Мар'ян? — спытаў Фёдар Сак. — Хіба я не расплаціўся з табой за сябе? Хіба не табе, ваўку пазорнаму, вярнуў грошы?
— Так, так, — заківаў галавой бізнесмен Мар'ян. — Я памыляўся і благога табе не хачу. Мы ў разліку, Федзя. Схавай «пушку» і давай разбяромся, зойдзем да мяне, урэшце, пасядзім, пагаворым. А пра грошы забудзь.
— Я паверу табе, а заўтра ты пашлеш сваіх людзей, каб прынізіць мяне, — ты ўжо не раз рабіў такое, Мар'ян?
— Не дуры, Фёдар. Я аддам табе і тыя грошы, якія ты мне вярнуў. Толькі не дуры. У мяне і з сабой ёсць — «штука». Нашу на ўсялякі выпадак.
І чалавек, які хацеў яго прыніжэння, палез свабоднай рукой у кішэню на грудзях і выцягнуў грошы, але Фёдар Сак узяў з яго рукі толькі адну стодаляравую паперку.
— Твае людзі гвалтам забралі ў мяне стольнік, дык я вяртаю, астатняе мне не трэба, — патлумачыў ён.
Чалавек па імені Мар'ян пасля гэтых слоў адразу падбадзёрыўся. Твар яго, рана атлусцелы ад багатага ўжывання ежы, з шэрага набыў амаль нармальны колер.
— Дык усё пуцём, Фёдар? — спытаў ён і дадаў таропка: — Схавай ствол, зойдзем да мяне і разбяромся, ты не пашкадуеш.
— Не лямантуй, — адрывіста кінуў у яго бок Фёдар Сак. — Бачыш, я думаю.
— Думаеш пра што?
— Пра тое — забіваць цябе ці не.
І ён сапраўды быццам скамянеў — задумаўся, стоячы ў няёмкай позе, амаль упіраючыся галавой у столь ліфта і па-ранейшаму трымаючы рэвальвер ля грудзей свайго праціўніка.
— Ну навошта забіваць, толькі сапсуеш сабе карму, — сказаў бізнесмен Мар'ян, — забудзем пра тыя грошы і — расход.
І свабоднай рукой ён асцярожна паспрабаваў адвесці ўбок зброю.
На гэты яго рух Фёдар Сак нібы ачуняў і з нечаканай сілай і злосцю ўдарыў яго ў твар локцем. З рассечаных вуснаў бізнесмена Мар'яна пацёк струменьчык крыві.
Читать дальше