— Але ж званочкі былі вам, а не мне, — нават весела і не крыўдуючы адпарыраваў сантэхнік Ілля. -Хіба я вас не папярэджваў, каб не адчынялі дзверы? Хіба не з вашай кватэры потым сцягнулі на другі паверх труп? І хіба не вы ходзіце ўвесь час па лязу? І калі б я быў інфарматарам, — важка дадаў ён, — дык я пра таго мерцвяка даўно б паведаміў куды трэба, і ў вас былі б, да слова, праблемы.
— Вы раней пра восемдзесят мільёнаў кюры гаварылі, — дзяўчына павярнула размову назад да зацікавіўшай яе тэмы, — і што менавіта на гэтай зямлі павінен з'явіцца... Хто, дарэчы?
— Ш-ш-ш-ш, — замахаў рукамі сантэхнік Ілля. — Маўчыце. Двойчы пра адно гаварыць не варта. Дзе ж яму быць яшчэ, калі не тут? Калі-небудзь вы самі адчуеце яго прысутнасць. І не будзе ні рожак, ні капытоў, ні паху серы...
Ева Мураш пашукала вачыма, куды прыткнуць недапалак, але не знайшла і паднялася з крэсла.
— Бывайце, — сказала яна. — Мне на свой узровень.
Сантэхнік Ілля паслужліва расчыніў дзверы, выйшаў услед за дзяўчынай і нават давёў яе да ліфта. Там яна азірнулася і сказала:
— Пра «дазняк» я падумаю.
Сантэхнік Ілля правёў яе позіркам сваіх бясколерных вачэй, замкнуў «калясачную» і скіраваў на выхад да дзвярнога пралому пад'езда, у якім, як на экране, падаў ужо буйнымі кроплямі дождж, і адразу нібы растварыўся ў брудна-шэрым мроіве.
* * *
Уставіўшы ключ у замок, Ева Мураш зразумела, што ў кватэры нехта ёсць, і гэты нехта мог быць толькі адным чалавекам — менавіта яму яна аддала нядаўна ключ Алега, і нечакана гарачая хваля радасці ўспыхнула ў ёй.
Сапраўды, былы бізнесмен Фёдар Сак выйшаў ёй насустрач. Ён быў у джынсах і майцы. На левым перадплеччы невялікай каляровай плямай выдзялялася татуіроўка: кляновы ліст і на ім абазначэнне групы крыві і рэзус-фактара: 0(1)Rh+. Пухліна на яго воку зменшылася, але стала чырвона-сіняй.
— Ну, прывет, — павіталася Ева Мураш, — спадзяюся, на цябе не наехалі «гопнікі»? Усё пуцём?
— Я вярнуўся па пілу, — сказаў мужчына, — і зрабіў заадно паесці, каб у гаспадыні было менш клопату. Хутка я мушу ісці.
Ева Мураш усміхнулася.
— Заставайся. Але мне не патрэбен кухар, хаця ты і падыходзіш, Праўдзій. Справа ў апетыце, якога няма. Зірні, я ж худзейшая за цябе. Тым не менш зараз будзем збіраць на стол.
Яна пачала распранацца, і тут сарваўся разам са шрубкай вяшак. Нешта бразнула. Падымаючы з падлогі куртку мужчыны, Ева Мураш намацала ў кішэні і выцягнула рэвальвер. У барабане былі бачныя жоўтыя галоўкі патронаў.
— І даўно гэта штука ў цябе? — спытала яна.
— Якраз учора забраў з дому, — патлумачыў былы бізнесмен Фёдар Сак.
— Навошта? Ты рызыкуеш.
— Наадварот. Мне так утульней, і ўвогуле, як кажуць, час выходзіць на сцэну, Ева.
— І як хутка? Мо ты не такі ўжо правільны і праўдзівы, як кажаш?
— Мне зручна заўтра, — сказаў ён. — Адпачынак заканчваецца. Мне трэба ў лес.
— Не разумею, — заўважыла Ева Мураш і запаліла цыгарэту. — Цябе тут ніхто не адсочыць. А мне побач з табой спакайней. Я адмакаю душэўна. Як у цёплай вадзе.
— Бандыты пойдуць да сястры, да бацькоў. Нічога, усё неяк вырашыцца, і я хутка вярнуся. Ты будзеш чакаць? — раптам спытаў ён амаль сарамяжліва.
— Не даю гарантый, Праўдзій. Але прыходзь. Ты заўсёды знойдзеш тут канапу і цыгарэту з «траўкай», прабач, конаўку з малаком.
— А месца не зоймуць? У цябе круціцца шмат народу.
— Месца — дзе? Ля майго цела? Ты гэта маеш на ўвазе, Праўдзій? Я цікаўлю цябе ў такім варыянце?
— Так. Ты вельмі цікавіш мяне, Ева.
Былы бізнесмен Фёдар Сак зрабіў крок наперад і абняў дзяўчыну. Але тая неўзабаве вызвалілася з яго абдымкаў.
— У мяне зашмат заганаў, Праўдзій, — сказала Ева Мураш. — Ты ж бачыш, якой я бываю, — зласлівай і неўраўнаважанай, непрыгожай і хворай, і лепшай не буду ніколі.
Замест адказу мужчына нечакана пяшчотна пацалаваў яе ў вусны.
— Сёння, — сказаў ён. — Цяпер.
— Зараз, зараз, — апярэджваючы яго рухі, загаварыла яна ліхаманкавым шэптам, пазбаўляючыся ад ботаў, світэра, а потым і спадніцы, і таропка занырнула ў ванную, але ўжо там, стоячы пад занадта гарачым душам — змяшальнік быў звыкла няспраўны, — яна нібы апамяталася, няспешна расцерлася ручніком, накінула халат і пачала шукаць, пакуль урэшце не знайшла пакецік з прэзерватывам, і так і выйшла, няўпэўнена трымаючы яго ў руцэ.
— Бяры, — сказала яна. — У мяне ў апошні час дрэнная сімптаматыка. Табе лепш не рызыкаваць.
— Магу я ведаць, што ў цябе? — спытаў Фёдар Сак.
Читать дальше