Сантэхнік Ілля закрыў нататнік, паклаў яго ў схованку, пасля чаго сабраў сакваяж з інструментамі і, прычыніўшы дзверы, рушыў у суседні пад'езд, каб трапіць урэшце ў сорак сёмую кватэру да невядомых яму Конюхавых.
* * *
У сваім службовым пакойчыку літсупрацоўнік Ева Мураш набірала на кампутары, адначасова назіраючы ў акно за рухам дзялкоў, і калі-нікалі грэла пальцы на батарэі ацяплення — апошнім часам у яе павышалася на два-тры дні тэмпература і зноў слабіў страўнік, і, калі палезла ў сумку, каб адшукаць таблетку актываванага вугалю, у бакавым аддзяленні ўбачыла неадпраўлены канверт і раптам зніякавела: не таму, што не паспела кінуць канверт з лістом да сяброўкі ў паштовую скрыню, а таму, што канверт быў для сантэхніка — на ім і надпіс быў адпаведны:
«САНТЭХНІКУ ДЛЯ ВЬІКАНАННЯ»
Яна раптам зразумела, што пераблытала канверты і кінула свой ліст да сяброўкі таму Іллю ў скрыню, і адразу зазбіралася — настрой у яе сапсаваўся, званіў тэлефон, але яна ўжо апраналася і праз некалькі хвілін ехала ў тралейбусе і думала: прачытаў ліст сантэхнік Ілля ці не, а калі не, то чаму ён адразу не занёс ёй ці кінуў бы ў яе скрыню ў пад'ездзе, а можа, ён і кінуў, меркавала дзяўчына, але выцягнулі малалеткі, што ашываліся ў падвале.
Калі дзяўчына зайшла ў пад'езд, то адразу праверыла на ўсялякі выпадак сваю паштовую скрыню, але тая, з выламаным замком, была пустая. Яна пагрукала ў дзверы да сантэхніка Іллі, але ёй ніхто не адчыніў і не адгукнуўся. Дзяўчына выйшла ў двор і пачала пытацца, ці не сустракаў хто сантэхніка Іллю, але праз хвіліну ўжо ўбачыла яго самога ў глыбіні двара пад клёнам з двума несамавітага выгляду мужчынамі і нервова, але рашуча паклікала. Сантэхнік Ілля ахвотна пакінуў суразмоўцаў, падышоў, павітаўся і запрасіў яе да сябе ў «калясачную», але Ева Мураш адмовілася зайсці.
— Вы ж ведаеце, таварыш пралетар, што гэта не зусім прыстойна: ні з таго ні з сяго заходзіць да адзінокага мужчыны, — сказала яна.
— Чаму ж не зайсці, у вас жа, пэўна, інтарэс маецца, — заўважыў сантэхнік Ілля, па-змоўніцку ёй усміхнуўшыся, але, як і раней, яго спроба на флірт выглядала штучнай.
Твар дзяўчыны нервова пакрывіўся.
— Аддайце ліст, — коратка і рашуча сказала яна. — Ён у вас?
— Вядома, у мяне, — супакоіў яе сантэхнік Ілля і дадаў: — Трэба ж быць такой неабачлівай, ай-яй-яй. -Ён нават пацмокаў губамі.
Сантэхнік Ілля хацеў і далей працягваць у тым жа выбраным ім амаль блазенскім тоне, але дзяўчына перапыніла яго:
— Не юродствуйце. Вы што — прачыталі?
Сантэхнік Ілля развёў рукі.
— Вядома, прачытаў, — пагадзіўся ён. — І даўно, ведаеце, не атрымліваў такога задавальнення. Цікава, вельмі цікава. Я люблю чытаць нешта такое, непадробнае...
Але Ева Мураш закрычала:
— Аддайце ліст, чорт бы вас пабраў!
Сантэхнік Ілля адразу пагасіў усмешку, нахіліўся да яе бліжэй і сказаў скрушна:
— Вы б не клікалі таго, хто даўно ўжо тут, а дзе ж яму быць, як не на зямлі, угноенай васьмюдзесяццю мільёнамі кюры, і ўсё-ткі зайшлі б, а то крычым у пад'ездзе, а што жыльцы на гэта падумаюць?
І дзяўчына праз секунду-другую роздуму ступіла ў пакой, а сантэхнік Ілля зачыніў за ёй дзверы, падсунуў крэсла і дастаў канверт. Ева Мураш выхапіла яго з рук мужчыны, выцягнула знутры аркушы, зірнула і пачала рваць на дробныя шматкі. Сантэхнік Ілля пакруціў акуратнай галавой з роўным праборам.
— У вас там на канверце, — сказаў ён, — і ў канцы ліста быццам месяц быў намаляваны, але ж калі прыглядзецца, то малюнак вельмі нагадвае голую жаночую задніцу.
— Вы б жаніліся, — пасля паўзы з'едліва заўважыла дзяўчына, — і нішто б вам нічога не нагадвала.
Яна села ў крэсла, запаліла і па-ранейшаму, быццам ідучы ў наступ, спытала:
— Навошта вы прачыталі ліст?
Сантэхнік Ілля паціснуў плячыма і прысеў на ложак.
— Чалавек слабадушны, — сказаў ён і дадаў з намёкам: — А хіба вы — бязгрэшная?
— Ідзе пагалоска, што вы быццам бы з «дуркі» выйшлі, — злосна заўважыла далей дзяўчына.
Некалькі секунд сантэхнік Ілля раздумваў.
— Так, — урэшце пацвердзіў ён, — але ж ніхто ва ўсе часы не застрахаваны ад холаду, голаду, хваробы, турмы і псіхушкі таксама. І вы ж, так бы мовіць, не абмінулі калісьці той юдолі.
І сантэхнік Ілля растлумачыў ёй, што ў тых, хто, як ён, эксперыментуе з медытацыяй, бываюць праколы, якія, здараецца, прыводзяць у «дурку». А ўвогуле ён здаровы псіхічна і ніякі не дэбіл і не шызоідны тып.
— Дарэчы, мне патрэбен, як вы кажаце, «драгс», — сказаў ён. — Я тут у вас нікога не ведаю, а шукаць на баку не маю часу. Вы мне і дапаможаце. А я вам за тое зраблю ўвесь неабходны рамонт па сваім профілі.
Читать дальше