— Я не дылер. Ідзіце і купіце. Драгс, шнапс, хракс...
— Кіньце, — перапыніў яе сантэхнік Ілля. — Я ж чытаў ваш ліст. Вы не дылер, так, але ж вы іх ведаеце. А прадаюць толькі тым, каго ведаюць, не пайду ж я да цыганоў за «шмаллю» — апошняя справа.
— Не ўпэўнена — мо вы інфармуеце ў «кантору», — выказала незадаволенасць Ева Мураш.
Але сантэхнік Ілля не выказаў ні здзіўлення, ні абурэння, а патлумачыў ёй, што ноччу яму перашкаджаў шум матораў на трасе, але цяпер стала быццам цішэй, і ён мае намер заняцца сваім зноў, і што ніякі ён не інфарматар, ніколі ім не быў і не будзе, але вось якая, да слова, дэталь, — падкрэсліў сантэхнік Ілля, — ва ўсякіх суполках, тусоўках, групоўках, як правіла, заводзіцца такі стукач і, магчыма, не адзін — павінны ж у «канторы» ведаць, напрыклад, пра ход наркаты, усялякія спантанныя намеры і рухі, хіба не так? Дык вось, той, хто першы выказаўся ёй пра псіхушку і ў гэтай сувязі пра яго самога, хутчэй за ўсё і ёсць стукач, бо адкуль той мог пра ўсё даведацца, асабліва пра «дурку»? Вы ж дзяўчына разумная і павінны раскласці аскепкі мазаікі правільна, каб беспамылкова ўявіць усю карціну, — блытана даводзіў ёй сантэхнік Ілля.
— А шум моцна перашкаджае? — спытала Ева Мураш.
— Так, — пацвердзіў сантэхнік Ілля. — У мяне тонкі слых. Я іншы раз нават чую, як малалеткі ў падвале дыхаюць «Момантам».
— Вы кажаце — «драгс». Што менавіта вы маеце на ўвазе? — удакладніла Ева Мураш.
— Ідэальны варыянт — крыху элэсдэ, — сказаў сантэхнік Ілля. — Сто мікраграмаў на раз. Вось каб дастаць — я б купіў. Але пра «чысты Сандаз» можна толькі марыць. У нас яго не бывае. Можна ўжываць «траўку», какаін, гераін, кетамін, урэшце... Лепш какаін, бо ён не выклікае прывыкання.
— І што далей? — асцярожна пацікавілася Ева Мураш. — Вы «ганяеце энергетыку»? Які сэнс?
Але на яе пытанні сантэхнік Ілля, не выказваючы ніякіх прыкмет раздражнення, патлумачыў, што ён не «ганяе энергетыку», а імкнецца эмпірычным шляхам дасягаць найвышэйшага стану свядомасці, так званага Высокага Ўзроўню, і патлумачыў, што гэта не проста і што некаторыя з тых, хто адыходзіў у гэтыя Найвышэйшыя Ўзроўні, здабылі там веды. Іншыя вандроўнікі вярнуліся назад, але занадта напалоханыя і зломаныя, каб не тое што выправіцца туды зноў, але нават і проста расказаць каму-небудзь пра ўбачанае.
— І калі вы хоць раз былі там, то што вы бачылі? — спытала Ева Мураш у сваёй звыклай нецярплівай і рэзкай манеры.
Сантэхнік Ілля азірнуўся па баках, устаў, прыадчыніў дзверы і выглянуў за іх. У пад'ездзе ў гэты час было пуста, толькі вецер хвалямі заганяў у прастакутнік выхаду халоднае паветра ды з двара даносіліся рэдкія дзіцячыя крыкі і чыесьці галасы.
— Я нічога не скажу вам, бо яны могуць даведацца пра гэта.
— Хто — «яны»?
Сантэхнік Ілля паціснуў плячыма, нібы даючы гэтым зразумець, што далейшыя пытанні ў гэтым накірунку яму непажаданыя.
— А вам абавязкова трэба нейкі «падагрэў»? — пацікавілася Ева Мураш і запаліла новую цыгарэту. — Хіба ён такі важны і неабходны — стан кунегі?
На гэта яе пытанне сантэхнік Ілля ахвотна патлумачыў, што неабавязкова — раней і, магчыма, сёння ён паспрабуе выскачыць з рэальнасці так, ну, можа, праз «траўку», у яго засталося крыху, яшчэ ёсць адна ампула з тым-сім, але каб сапраўды дасягнуць Высокіх Узроўняў, трэба менавіта добры, як яна кажа, «падагрэў». Метафарычна, працягваў ён, увесь сеанс можна назваць «утварэннем кукалкі». Вусень стварае кокан, а потым адбываецца яго ператварэнне ў кукалку. Толькі пасля можа з'явіцца мятлік. Урэшце, калі мятлік пабачыў свет, ён будзе здольны лятаць, але пакуль гэта — яму трэба абсохнуць, набрацца энергіі сонца і ўявіць самога сябе суб'ектам існавання. «Падагрэў» у выглядзе наркотыку гэта па сутнасці і ёсць дэзарганізаваная арганізацыя, перыяд выяўлення кукалкі. У гэты перыяд вы выходзіце са звыклых рамак і ўяўленняў, з рэальных рэчаў, час мяняе свой звыклы стан, і...
— І што? — спытала дзяўчына.
— І вы можаце стаць вусенем і мятлікам адначасова, і шмат яшчэ чаго, — усміхнуўся яе суразмоўнік. — Я, як толькі прачытаў ваш ліст, так адразу і падумаў: рэдкага розуму дзяўчына. Скажу вам больш — толькі вы і зразумееце мяне. Вы б маглі стаць маім аплікантам, вучнем, а потым, потым...
Ева Мураш паморшчылася. Напамін пра тое, што яе ліст да сяброўкі быў прачытаны, зноў абудзіў у ёй агрэсіўнасць.
— Вы ўлазіце не ў сваё, — сказала яна, — сунеце нос у свет, дзе, магчыма, пануюць іншыя сілы. Хіба не пра гэта ўвесь час перасцерагае і даводзіць царква?
Читать дальше