Як усе разначынныя мяшчанкі, абажаю ўсялякі дастатак. І, як усе, хто прэтэндуе на інтэлектуальную эліту, таксама люблю крэмзаць паперу.
Калі я выходзіла з «дуркі» ў 199... годзе, ужо тады мяне грызлі прарочыя падазрэнні: я яшчэ вярнуся, мы абавязкова сустрэнемся, але ты («дурка») мяне не пазнаеш — я прыйду ў новым абліччы, г.зн. з іншым дыягназам... І праўда, спадчынная псіхапатыя стала мутыраваць, і як падумаю, што будзе...
Урокі маральнасці — адзінае, што дае мне зараз сэнсавыя сродкі да існавання. Таму што ўсё астатняе жыццё то выбухае, то, наадварот, такое спакойнае, што так і цягне зрабіць якую правакацыю, ну, нагаварыць каму праўды ці яшчэ што...
Таго маладога чалавека (Вадзіма К., ты памятаеш) я сумленна і платанічна (ён бісексуал) любіла ў ранняй маладосці за ўсё... Але ён з часам аказаўся не геніяльным вундэркіндам з антычным профілем, а правінцыйным журналістам з замашкамі бульварнага педэраста, які да таго ж схільны зазіраць у чужыя кашалькі. Я не правяралася на..., але я падазрона худзею, да таго ж — нешта са страўнікам. Таму, калі ён на гэты раз аб'явіўся, я толькі спала з ім побач і да раніцы тлумачыла яму, што маральнасць — гэта гігіена.
Незадаволены і помслівы, ён забраў у мяне пачытаць Л.Шэстава і Картасара і знік у сусветнай цемры. Праз месяц гэта здань стала мяне шукаць, з баязлівым трымценнем дапытваючыся, што са мной? (Карацей, пакуль я спала, ён абакраў мяне на адзін «дазняк» і, дурачок, пакарыстаўся маёй «машынай».) Я сказала, што ён цяпер запомніць гэта на forewer.
Кнігі так і не аддаў, сволач...»
Сантэхнік Ілля спыніўся, разгледзеў аркушы паперы, якія былі спісаны з двух бакоў, але пранумараваныя, перакінуў падушку і лёг на ложак галавой да акна, каб лепей бачыць, і чытаў далей:
«... Я, пэўна, і не пайду правярацца. Як у Гаркушы: «Ды што нам СНІД, чым толькі не хварэем...» Карацей, час сціскаецца, і механіка незваротных працэсаў хутка задзейнічае такую псіхадраму, што толькі трымацца. Я ў выніку буду ці са шчытом, ці — на шчыце.
Да таго ж я набыла новую гульню і забаўляюся з ёю і смакую, як сыр з плесняю...
... Also, у мяне тры дні, як з'явіўся новы «чоловік». Ён знешне падобны на Алега, але быццам выскачыў зусім з іншага часу. Ён не спрабаваў нават «траву», у яго чыстае мінулае, запазыка ў 10 000 USD (яго «кінулі»), уключаны лічыльнік і бандыты на хвасце. Я падабрала яго на аўтавакзале, дзе на яго наехалі «гопнікі», і прывезла дадому. Ён пілаваў лес дзесьці за горадам, каб з часам аддаць грошы. Уяві, колькі лесу яму трэба было спілаваць! Ён быццам былы бізнесмен (ха!), мае, апроч пілы, якую ўвесь час разбірае і змазвае, пячатку са сваім прозвішчам. Ён, на мой недасканалы погляд, наіўны і, баюся, прыгавораны да паразы. Заву яго Праўдзій, як сабачку. Ён цікавы мне тым, што яму ніхто не патрэбен, а мне толькі гэта і важна, каб не згубіць тонус. Але ж гэта гісторыя доўгая, эпічная, у сэнсе трагедыі (чытай: камедыі) якой-небудзь новай Сафо.
Выключна дзякуючы тваёй думкаформе, маці купіла мне чаравікі. Я раблю зарадку раніцай, каб не звіхнуцца канчаткова. Калі я гэта не раблю, то губляю над сабой кантроль, а таксама над сваякамі, г.зн. мацюкаючыся, плачу, раскідваю посуд і пішу вершы. Гэты дзівак з пілой адкрыў мне нейкую фортку ў нябёсы. Дзіўны стан не пакідае мяне ні з «травой», ні без «травы».
Але так званая творчая праца і асабістае жыццё ідуць сваёй чарадой. Пішу гнюсныя артыкулы пра розных мазілкаў, якія любяць (прабач) мудзець за высокія матэрыі фальшывымі словамі, хаця гэта не іх работа, а мая. У заказных артыкулах усе просяць пісаць пра іх праўду і сапраўды не ведаюць, што просяць. Практыкую напісанне двух артыкулаў адначасова: адзін — заказны — у газету, а другі — праўдзівы — «для душы» ў стол. Калі-небудзь няблага б надрукаваць...
Адчуваю сябе «сіняй панчохай», непрыгожай і старэючай. Зноў жа — страўнік... Пагаварыць няма з кім. Усе нейкія недарэкі ці наадварот: першым гаварыць яшчэ няма пра што, другім — ужо няма пра што. Да таго ж усе быкі і «дзелавыя» навокал пазбаўлены пачуцця гумару. Суцяшаюся тым, што смяюся з іх мітусні: пэўна, яны думаюць, што будуць жыць заўсёды...
Па-ранейшаму люблю кнігі, якія даражэюць з кожным днём. Цяпер, апроч 4-томніка Картасара, хачу ўсяго Томаса Мана, Набокава і Лопэ дэ Вэга... 2-томнік Бродскага. Балдзею ад Юліі Сілаевай і яе «новай музыкі».
Пора собираться.
Всё чаще мне снятся
Следы на осенней траве.
A propos: што вы там спажываеце і ўжываеце? У мяне перадусім быў вялікі trable: замест какаіну ўдыхнула гераін, праўда, зусім крышачку. Падвёў колер — і адзін, і другі белыя. З комы, у выніку, выцягнулі нашы эскулапы. Урэшце, навошта?.. Зараз усе нашы, як толькі пачынаюць глядзець дзе-небудзь «Крыміналку» Таранціна, пры адпаведнай сцэне крычаць: «Ведаем, каштавалі!»
Читать дальше