Потым у яе на шыі, а праз тыдзень і ў роце з'явіліся невялікія цёмна-барвовыя плямы. Яны не балелі, але ёй стала нязручна насіць шалікі і есці счарсцвелы хлеб — тады ранкі крывавілі. Такія ж плямы яна неўзабаве заўважыла ў паху і пад пахамі. Яна часта мерзла, але калі-нікалі яе нібы насуперак кідала ў жар, да таго ж не давалі спакою частыя прастуды, бранхіты і ангіны.
Ева Мураш уяўляла, якія б твары зрабіліся ў калег па працы, калі б яна сказала ім праўду, як імгненна яны адхнуліся б ад яе, як іхняя інтуітыўная непрыхільнасць перайшла б у глухую варожасць. Але што ад таго прызнання змянілася б для яе самой? — думала яна. — Урэшце, усё калі-небудзь вырашыцца.
Раз, а потым другі яе выклікаў на гутарку рэдактар — вусных даносаў і крыўдаў, што яна прапускае працоўныя дні і пакідае работу раней, станавілася ўсё больш, але яна яшчэ выконвала свой мінімум — дзвесце радкоў штодня — і гэта яе неяк ратавала.
У адзін з такіх дзён — на зямлю ўжо ападаў снег, ёй стала блага, не дапамаглі і некалькі шклянак кавы: пачынаўся кумар, і тады яна зачынілася ў прыбіральні. У сумачцы было ўсё, што трэба, а потым ёй быццам палепшала, яна села за стол, каб нешта зрабіць, і ўрэшце пачала тэлефанаваць аператыўнікам, каб далі зводку. Запісвала Ева Мураш заўсёды хутка, амаль не ўнікаючы ў тэкст, часта карыстаючыся стэнаграфічнымі знакамі, якія расшыфроўвала пасля. Механічна яна набрала звыклыя кароткія паведамленні пра ўцекачоў з інтэрната «Карасікі», целы якіх знайшлі ў лесе, і пачала набіраць чарговае, як раптам яе ўвага абвастрылася, а сэнс набранага тэксту дайшоў да свядомасці:
«...апазнаецца асоба мужчыны, труп якога са слядамі агнястрэльных пашкоджанняў выяўлены ў раёне ўрочышча Баранава на тэрыторыі прыгараднага лясніцтва.
Прыкметы: на выгляд гадоў трыццаці, высокага росту — сто дзевяноста — сто дзевяноста пяць сантыметраў, валасы цёмныя, на левым прадплеччы татуіроўка — кляновы ліст і ў ім лічбавае абазначэнне — 0(1)Rh+ — група крыві. Быў апрануты ў вайсковы маскіровачны камбінезон і чорныя армейскія чаравікі на шнуроўцы...»
Некалькі хвілін Ева Мураш сядзела нерухома, потым запаліла, але амаль адразу патушыла цыгарэту ў попельніцы і пачала збірацца дамоў.
Адказны сакратар выйшаў са свайго кабінета, зазірнуў ёй у твар і нешта сказаў, але яна не зразумела. Тады ён паспрабаваў затрымаць яе за руку.
— Ева, — казаў ён, — ты зноў парушаеш распарадак, і я калі-небудзь мушу сапсаваць твой табель. Загад рэдактара, дарэчы.
На кароткі міг, ужо ў дзвярах, Ева Мураш спынілася. Ёй раптам авалодаў прыступ смеху.
— Ха-ха-ха-ха!
Здзіўленыя твары адказнага сакратара і супрацоўнікаў толькі ўзмацнілі яе нечаканую весялосць.
— Ха-ха-ха-ха!
З гэтым смехам яна і пайшла ў ноч, дакладна паўтарыўшы свой шлях таго дня, калі ўпершыню сустрэла Фёдара Сака (Праўдзія), што знік больш за месяц таму і чый труп ляжаў цяпер, пэўна, дзесьці ў халадзільнай камеры, — так, у якой бруднай камеры на падлозе, — думала яна, ідучы па алейцы праз аўтавакзал да стаянкі таксі, дзе села ў машыну і назвала свой адрас.
Яна ўжо рыхтавалася зайсці ў ліфт, але той не працаваў, і тут якраз рыпнулі дзверы «калясачнай», і Ева Мураш пазнала сантэхніка Іллю, які з ліхтарыкам у руках асвятляў сабе пад нагамі.
Сантэхнік Ілля скіраваў прамень ліхтара на дзяўчыну і павітаўся, патлумачыўшы, што тыя склезні-малалеткі не толькі разбілі лямпачку, а і, пэўна, сапсавалі ліфт.
— Мо зойдзеце на хвіліну, — прапанаваў ён. — На два словы.
Ева Мураш моўчкі зайшла за ім у пакой і села ў крэсла.
— Памятаю нашу мінулую гутарку, анягож, — сказала яна. — Вы, пэўна, зноў накшталт «драгса». Але я магу прапанаваць вам толькі «смэк». Лепшага нічога не маю.
— Вы дрэнна выглядаеце, — спачувальна заўважыў сантэхнік Ілля. — Здарылася што-небудзь?
— Здарылася, але гэта мая справа, — сказала дзяўчына і спытала: — Дык што вы хацелі? «Дазняк»? Сёння?
— З гэтым потым, — памарудзіў з адказам мужчына і зірнуў на яе бясколернымі вачыма. — Я б хацеў, я...
— Гаварыце хутчэй, не цягніце, у мяне мала часу, таварыш пралетар. Чаму вы стаіце, як стод?
Сантэхнік Ілля сеў на ложак.
— Мне патрэбны гід-ахоўнік, — урэшце сказаў ён ціха і быццам нерашуча, — я мяркую, калі б вы згадзіліся...
— Гід-ахоўнік куды?
— На Высокі Ўзровень.
— Ха. І гэта дзе?
— Калі я прачытаў ваш ліст, то адразу зразумеў, што вы асоба, так бы мовіць, неардынарная, здольная на большае, чым астатнія, у вас інтэлект...
Читать дальше