Васіль нібыта напраўду грэўся ягонымі промнямі.
І вось, напэўна, ад нязводнага і страснага жадання разабрацца, знайсці недасягальную залатую сярэдзіну, супаставіць рэальнае канечнае жыццё з Бясконцасцю, памірыць сябе вонкавага (грубага, цялеснага, хцівага, смяротнага чалавека) з сабой духоўным (існым і неўміручым) пачаў Васіль пісаць вершы. Намагаўся з іх дапамогай знайсці паразуменне з Сусветам.
10
Сурмач здрыгануўся. Гэта ліфт варухнуў у апошні раз трасамі, шчоўкнуў хітрамудрымі зашчапкамі і са скрыгатам адчыніў свае дзверы. Адтуль выплыла відная мажная кабета – супрацоўніца суседняга аддзела. Васіль якраз запісваў чарговы вершаваны радок у нататнік. Убачыўшы жанчыну, ён неяк падазрона замітусіўся, заёрзаў на месцы і ненатуральна загартаў блакнот: быццам бы шукаў патрэбны тэлефон ці прозвішча. Кабеціна адно зірнула на яго мімаходзь, як на мэблю, і панесла сваё шчодрае цела далей па калідоры. Сурмач чуў, як пастукала яна ў адны з дзвярэй, як адчыніла яе і з пытаннем: “Можна?” – увайшла ўнутр.
Праз пару хвілін, упэўніўшыся ў адсутнасці паблізу цікаўных, Васіль адшукаў у блакноце недакончаны верш і на ім засяродзіўся. Некаторы час ён хмурыў бровы, нервова пацепваў плячыма, пачынаў вадзіць алоўкам і тут жа перакрэсліваў свае пісьменніцкія намаганні. Кабета перашкодзіла яму дапісаць канец ужо мысленна занатаванага радка: збянтэжанасць, выкліканая яе паяўленнем, начыста выбіла з галавы рыфму. І як ні тужыўся затым самадзейны паэт, ніяк не мог прыгадаць раней знойдзеныя апошнія словы. Усё, што прыходзіла зараз у галаву, было крайне нязграбным і недарэчным, брыдзіла ўсю папярэднюю працу.
Між іншым, рабочы дзень ужо заканчваўся, і трэба было шыбаваць у свой сектар ды хоць апошнія паўгадзіны пакруціцца перад начальніцкім вокам – каб не залічылі ў прагульшчыкі. Да таго ж Сурмач пэўна ведаў, што Зоська Шальговіч даўно шнырыць па кабінетах па ягоную душу. А з Зоськай зараз трэба быць падробна зычлівым і памяркоўным. Апошнія два дні Васіль жыў, можна сказаць, на яе шыі.
Мы, як помніцца, развіталіся з ім пазаўчора паблізу заводскага інтэрната. Хлапчына пакіраваў туды, адно падпарадкоўваючыся жыццёвым абставінам, а зусім не з патрэбы плоці і, тым болей, памкненняў духу. А паколькі апоўначы ісці чужаком праз вахцёра было, мякка кажучы, немэтазгодна, то Васіль палез на другі паверх з двара – па пажарнай лесвіцы. Гэта быў даўно і добра асвоены ім пралаз: праз прачыненую заўсёды аконную створку мужчынскай прыбіральні ён трапляў у змрочны інтэрнацкі калідор. Дык вось, па неабходнасці скарыстаўшыся гэтым пралазам, Сурмач дашчэнту завэдзгаў новыя штаны Куліковага бацькі, парваў куртку і ў такім стане заявіўся да Зоські.
Шальговіч прыняла яго з гарачай душой. Так бы мовіць, накарміла, абагрэла і спаць улажыла. А яшчэ і прывяла ў парадак, наколькі было магчыма, Сурмачавы вопраткі.
Пакуль разыдзецца фінгал пад вокам, і загояцца драпіны на твары, Васіль мусіць пражываць у гэтай хлебасольнай гаспадыні. Яна кожную раніцу прыводзіла яго фізію да ладу з дапамогай парфумы і выпраўляла на работу. Ішлі яны паасобку. Так запатрабаваў Сурмач. Бацькам жа ён зманіў па тэлефоне, што нібыта нейкі прыяцель на час свайго ад’езду папрасіў яго прыгледзець за кватэрай, павыгульваць сабаку.
…Васіль з прыкрасцю схаваў блакнот з недапісаным вершам у кішэнь кашулі – ля сэрца. Тут жа недарэчы згадалася, што Зоська намерылася зацягнуць яго сёння на вечарынку да адной сваёй прыяцелькі. Гулянка адбудзецца ў інтэрнаце, і ўзровень яе мае быць не нашмат вышэйшы за памятнае Сурмачу баляванне ў Куліка. Апроч таго, Шальговіч за сталом пачне віснуць у яго на плячы, туліцца целам і наогул паказваць іхнія цесныя ўзаемаадносіны. А ў інтэрнаце ўсё знаёмыя людзі.
Ад безвыходнасці і прыніжанасці свайго становішча (грошай таксама не было) Сурмач апошнія два дні знаходзіўся ў крайнім нервовым разладдзі. А Зоська яшчэ адранку ўлавіла яго непрыхільнасць да маючай адбыцца вечарыны і ўвесь дзень вачэй з яго не спускала. І хаця яе рабочае месца знаходзілася праз чатыры кабінеты па калідоры ад сектара Маскаленкі, яна ўхітрылася цалюткі дзень ацірацца блізу Васіля. Куды толькі глядзеў строгі Пятро Яфімавіч! Зоська балакала з кабетамі, какетнічала з мужыкамі ды трымала на прыцэле палюбоўніка, у якога, як на бяду, надарыўся дзень паэтычнага натхнення.
Спускаючыся па лесвіцы на свой паверх, Сурмач утрапёна думаў пра астабрыдлае яму раздваенне ўласнай асобы. Бо ўзнёслыя і, як яму здавалася, даволі неблагія па літаратурных мерках ягоныя вершы ніякім чынам не сугучыліся з яго грубымі, цялесна-меркантыльнымі вонкавымі паводзінамі. Вось і зараз, пачуўшы дзявочы смяшок на лесвіцы, ён міжволі сцепануўся, запыніў ступу і насцярожыўся: раптам Шальговіч? Тут жа мысленна вылаяў яе шалавай, дадаў і болей крутыя словы. Нібыта Васіль, што знаходзіўся зараз на лесвічным пралёце, і нядаўні летуценны вершаскладальнік у холе паблізу дырэктарскай – розныя людзі.
Читать дальше