Пасля А.Купрына паслядоўна пералапаціў Васіль зборы твораў і А.Чэхава, і Л.Талстога, і Ф.Дастаеўскага. Усю рускую класіку ўмясціў гэты дзівак у сваім не запоўненым школьнымі ведамі мозгу. Балазе многае было пад рукою: у багатай братавай бібліятэцы. Сам Яўген, бачачы непадробнае захапленне малодшага брацельніка сур’ёзным чытвом, адно паблажліва хмыкаў і незласліва з яго пакепліваў. Маўляў, цешся-цешся, дружа, доўбнем нарадзіўся, доўбнем і памрэш. Сам жа засяроджана пісаў чарговую векапомную рэч.
А тым часам у Васілёвай душы праходзілі грунтоўныя пературбацыі. Думкі вялікіх аўтараў, спярша прагна і шпарка ім праглынутыя, пакрысе і няўзнак сталі складацца ў сістэму. Прычым ва ўласную сістэму Васіля Сурмача. Сам ён спачатку не здагадваўся аб гэтым. Бачыў адно: ягонае жыццё пачынае распадацца на дзве прынцыпова далёкія адна ад адной палавіны. Усё часцей прыходзіла вярэдлівая думка: жыццё паўсядзённае, у якім ён дваццаць тры гады варыцца зранку да вечара, дзе нязменна атрымоўвае кухталі і трывае абразы, дзе калі-нікалі і сам выдзірае кускі часовага шчасця, – гэта не яго жыццё. Гэта жыццё несапраўднае. Жыццё ж існае, скрытае дагэтуль ад яго, так бы мовіць, за сямю пячаткамі, толькі цяпер адчыняе свае блаславёныя дзверы. Яно ад нараджэння і да сталасці скрыта як ад яго, так і ад абсалютнай большасці грамадзян ягонай краіны цяжэрным друзам. Гэта матэрыялістычнае выхаванне, разнастайныя жадункі плоці і азартныя амбіцыі духу, скажоная ў пэўны бок сістэма адукацыі, амаль пагалоўнае адрачэнне народа ад сваіх каранёў, ад мовы сваёй і культуры. І як вынік – рабская псіхалогія большай часткі дарослага насельніцтва, усеагульная бескультурнасць. І да яго – быцця існага, заваленага гэтым матэрыяльна-ідэалагічным шалупіннем – прабіваюцца, пракопваюцца адзінкі. А між тым яно, існае, насампраўдзе ляжыць не так і глыбока і тэарэтычна даступнае кожнаму. Варта толькі працягнуць руку і ўзяць з паліцы патрэбную кнігу ў строгай вокладцы, шарэнгі якіх так старанна расстаўлены для аздобы кватэр паважных прасавецкіх грамадзян. Расстаўлены напаказ, расстаўлены, як правіла, не для прачытання. Варта толькі працягнуць руку…
Але ў асноўным не працягваюцца рукі да кніжных паліц нават ва ўласнай кватэры, не кажучы пра бібліятэчныя кнігасховішчы.
Так думаў Васіль. Ён прыходзіў да гэтага марудна і таемна, прыходзіў унутрана, амаль не змяняўся ў знешніх сваіх праявах.
Працягваючы паглынаць адзін за адным фундаментальныя творы сусветнай, рускай і айчыннай літаратуры, са здзіўленнем, якое межавалася з недаўменнем і адчайным жахам, пераконваўся Сурмач у наступным. Усё, што адбывалася і адбываецца ў ягоным жыцці, даўно выяўлена, абагульнена, прадбачана і прапісана ў гэтых кнігах. За дзвесце, пяцьсот гадоў ані на каліва не зыначыўся чалавек, адны і тыя ж памкненні кіруюць ягонымі дзеяннямі. Усё, пра што натуральна разважаў Васіль ад самага маленства, пра што падспудна здагадваўся і не мог пэўна акрэсліць, што лавіў яго слых у гаворках звычайных людзей на вуліцах, у крамах, грамадскім транспарце – гэтакія бязладныя енкі зрэбнае праўды, – усё было даўным-даўно пачута, адлюстравана ў мастацкіх творах, складзена ў шматстайныя філасофскія сістэмы. Магутныя таленты, светлыя геніі разбіраліся ў чалавечай душы, спрабавалі яе змяніць да лепшага. І не здолелі. Ва ўсякім разе, Васіль анідзе не вычытаў пэўнага рэцэпта, як гэта зрабіць. Ясна выяўлялася адно: чалавек пакутуе і, найхутчэй, мукі яго непазбыўныя. Бо пакутуе ад свайго граху, а грэх уласцівы самой чалавечай прыродзе.
Непрывычны, наджыццёвы страх, па меры духоўнага росту, усё болей забіраў у свае цянёты Васіля. Вялікія веды, што спярша прыносілі высокую радасць, ужо спараджалі маркоту. “Свет не пераробіш, вынікам усяму – смерць!” – несціхана стукала ў скронях. Ён стаў баяцца смерці, бо пачаў пра яе разважаць. Гэтага не бывае, калі жывеш прывычным раслінным жыццём – як трава, дрэва, птушка нябесная.
Але насуперак чорным думанням, у абарону жыцця, з глыбіні абноўленай Васілёвай душы паўставала радаснае, хаця пакуль і туманнае: “Смерці няма!” Гэта пацвярджалі духоўныя вобразы любімых пісьменнікаў, значна жывейшыя за самага здаровага здаравілу-сучасніка. Гэта пацвярджалі іх жыццяпраўдныя творы, закладзенае там духоўнае святло. Святло, якое не меркне з цягам часу, не брыдзіцца ад ляжання стагоддзямі ў нетрах бібліятэчных сховішчаў. Не псуецца, як кніжныя вокладкі. Сапраўднае, незнішчальнае, бессмяротнае святло.
Читать дальше