– Дзе гэта наш Васіль швэндаецца? – кінула за справай Людміла Пятроўна мужу. – Ужо дванаццатая гадзіна, між іншым.
– А дзе ж быць гэтаму ветрагону! – сярдзіта азваўся патанулы ў разгорнутай газеце Сяргей Уладзіміравіч. – Вядомая рэч, недзе з дзеўкамі трэцца.
– Ну, мог бы ён пазваніць, па меншай меры? – уздыхнула Васілёва маці.
– Ага, чакай, пазвоніць! – з’едліва хмыкнуў бацька. – Яму нашыя трывогі – на лапату ды за хату. Пляваць ён на ўсіх хацеў!
– Што ты на яго ўз’еўся апошнім часам? – дакорліва зірнула на мужа Людміла Пятроўна.
Той злосна перагарнуў газету.
– А глядзець на яго моташна. Дваццаць пяць гадоў, а клёку ў галаве не мае. Пара ўжо неяк на ногі станавіцца, грошы нармальныя зарабляць, сям’ёй абзаводзіцца нарэшце. Гэтак лягчэй за ўсё: прыйшоў, пажор, ногі дагары і давай музыку слухаць.
– Бач, аб’еў ён ужо цябе! Ты што, нашмат больш за яго зарабляеш?
– “Зарабляеш”! – раптам віскнуў бацька і адрынуў ад сябе газеціну.
У час моцных душэўных узрушэнняў пераход на тэнаровыя гукі быў яго асаблівасцю.
– Ды хіба мне даюць зарабляць! – галасіў стары інжынер. – Ды такіх спецыялістаў, як я… Ды на мне ўвесь аддзел трымаецца! Хіба я вінаваты ў гэтым вэрхале! Гэта я ў сябе свае законныя, назапашаныя гадамі тысячы рублёў украў у адну ноч?!
– Не крычы, суседзяў перапалохаеш, – не перастаючы прасаваць бялізну, незласліва ўпікнула прамоўцу Людміла Пятроўна. – Не адзін ты такі пацярпелы.
– “Не адзін”! Ды я перажыць не магу такой подласці. Ды мы ж з табой не сабе тыя грошы збіралі. Дзеля таго ж Васіля і Жэнькі. Кватэры сынам пабудаваць марылі. А прыйшоў чужы дзядзька – і забраў усё як маргнуць вокам.
– Ты гэта мне тлумачыш?
– І табе, калі хочаш. І табе, каб ты зразумела, што не я ў гэтым кавардаку вінаваты. Грошы ў мяне адабралі, зарплату з жаўтаротымі інжынерамі накшталт Васіля ўраўнавалі. Што мне застаецца? Красці і рабаваць людзей я не ўмею. Не той гарт у мяне!
– Завошта абавязкова красці? Адкрый свой бізнес і зарабляй, колькі ўлезе… Чым зайздросціць больш абаротлівым.
– Што?! – зноў віскнуў Уладзіміравіч. – Абаротлівыя? Ды я такіх абаротлівых у магіле бачыць хачу!
– Не кашчунствуй! – асадзіла яго жонка.
– Так, у магіле! – не сунімаўся збуракавелы муж. – Бо зладзеі яны, ашуканцы і прайдзісветы… А я сумленны чалавек! Праўда, гэта ўсё, што ў мяне засталося…
– Ну і сядзі са сваім сумленнем!
– І буду сядзець! Кватэру маю ў мяне ніхто не адбярэ. А прыйдуць – стрэльбу вазьму. Памру – а не зрушуся.
– Вой, бач, які храбры!
– Так, храбры! Бо кватэра мая, крэўная! Я яе вось гэтымі сукаватымі пальцамі за кульманам зарабіў!
– Са мной на пару, не забывайся!
– Так… з табой! – трохі апамятаўся Сурмач-бацька.
– Іменна са мной, – перайшла ў наступ Людміла Пятроўна. – І таму мой сын мае правы на гэтую кватэру не менш, як мы з табою. Ты гэта сабе цвёрда запомні.
– Птушыныя яго правы! – падскочыў з крэсла распалены спрэчкай Сяргей Уладзіміравіч.
Ён аказаўся даволі высокага росту, і ад таго яшчэ болей выявілася яго нездаровая худзізна і сутуласць. Стагоддзе таму людзі такога целаскладу неадменна паміралі ад сухотаў.
– У яго правы кватаранта, нахлебніка! – узбуджана затэпаў па пакойчыку стары інжынер. – У яго правы – пакуль я добры!
– Ты што, ашалеў, бацька?! – гыркнула на Уладзіміравіча жонка, выпрастала спіну і пагрозна зрабіла пару крокаў ад століка ў мужаў бок.
Яна была ніжэйшая ад яго на галаву, але моцнага целаскладу і, бадай, не меншай вагі.
– Так, ашалеў! – тэнарова ўскрыкнуў Сурмач-бацька. – Ашалееш тут з вамі! Бо ўсё маё, мазольнай працай нажытае…
Ён раптам бухнуўся на калені, ухапіўся за ножку крэсла і пачаў яе таргаць і пагладжваць, мармычучы:
– Маё, усё маё, крэўнае…
– Не раві, зараз Жэня прымчыцца! Блазен стары… – перарвала яго рулады Людміла Пятроўна.
– Хай драхлае, нягеглае, – рэзка перайшоў на сіплы шэпт укленчаны Уладзіміравіч, – але ж маё, дарагое бязмерна… У кожнай драбнюткай, самай нявартай рэчы гэтае кватэры часцінка майго і твайго жыцця, маці. І ў гэтым таршэры, і ў абшарпанай секцыі, і ў гэтым сакрэтніку рыпучым, і тут, у гэтым дарэшты вынашаным пакрывале, наша жыццё!
Пры гэтым ён поўзаў на карачках і адну за адной абмацваў названыя рэчы.
Людміла Пятроўна насмешліва, узяўшыся ў бокі, пазірала на гэтыя штукарствы.
– І хай уцяміць сабе, сынок твой даражэнькі, – доўжыў лямантаваць бацька, – што ён тут пастаяльцам жыве. Хай паспрабуе мне толькі не знайсці жонку з кватэрай! Хай прывядзе сюды якую маладуху – абоіх вышпурну!
Читать дальше