Словам, вяртацца дамоў у такім разбэрсаным стане Сурмач дазволіць сабе не мог. І таму, калі даехаў да цэнтральнай плошчы, пакіраваў у бок інтэрната свайго роднага прадпрыемства – да гасціннай Зосі Шальговіч. Балазе тут было недалёка. Між іншым, электронны гадзіннік на гарадской вежы паказваў палову першай ночы: дадому ўсё адно прыйшлося б цёгціся пешкі. А гэта кіламетры чатыры.
7
Прыкладна ў той час, калі Васіль Сурмач даводзіў да завяршэння свой крайне няўдалы дзень, у яго трохпакаёвай кватэры адбываліся наступныя падзеі.
Яго старэйшы брат, Яўген Сурмач, са сваёй маладой жонкай Галяй рыхтаваліся да сну. Яны насялялі другі па велічыні пакой кватэры. Зазначым, што ў самым буйным жыў Васіль, у самым маленькім туліліся бацькі – Сяргей Уладзіміравіч і Людміла Пятроўна Сурмачы. У дадзены момант усе жыльцы кватэры, за выключэннем Васіля, знаходзіліся ў адведзеных ім лёсам пакоях.
Галя, стройная чарнявая маладзіца гадоў дваццаці сямі, напаўляжала ў крэсле і млява пераключала праграмы тэлеперадач з дапамогай дыстанцыйнага пульта. Апранута яна была ў хламідападобную мяккую піжаму. Яўген сядзеў за пісьмовым сталом пад абажурам у куце памяшкання і па сваёй завядзёнцы нешта пісаў. Канапа, што стаяла пад акном з відам на панылыя “хрушчоўкі”, была ўжо раскладзена, пасцель – паслана.
Яўген, мажнаваты трыццацігадовы дзядзька, займаў пасаду шараговага рэдактара не самага самавітага літаратурнага часопіса. Ён лічыў сябе перспектыўным маладым пісьменнікам, надрукаваў ужо некалькі апавяданняў у рэспубліканскай перыёдыцы і бачыў сваю будучыню менавіта як шчыраванне за пісьмовым сталом. Сядзеў ён за ім штовечар, ужо другі год запар пісаў нейкі адмысловы гістарычны раман, якім, пэўна, хацеў перавярнуць свет. Ну, ва ўсякім разе пакарыць чытачоў і ўразіць літаратурных крытыкаў – дакладна.
Справа не спорылася, твор выходзіў празмерна грувасткім і надзвычай цягамотным. Ды, папраўдзе, і таленту маладому пісьменніку яўна бракавала. Яўген цьмяна аб гэтым здагадваўся, пэўна разумела гэта яго жонка. Але, як маўчаць спагадлівыя родзічы перад ложам цяжкахворага чалавека аб ягоных перспектывах пражывання на гэтым свеце, так маўчала Галіна Сурмач, якая хоць і была радавым журналістам шматтыражкі, у вартасцях мастацкіх твораў разбіралася беспамылкова. Яна рабіла, так бы мовіць, добрую міну пры кепскай гульні, вонкава патурала мужу ў ягоных літаратурных мроях аб пашане і славе, а ўнутрана цярпела гэта як бяскрыўдную пацеху вялікага дзіцяці. Гэтакае хобі будаваць сказы і практыкавацца ў мысленні. Галя цярпела і тое, што муж з-за сваёй штовячэрняй пісаніны клаўся спаць запозна і мала ўдзяляў ёй увагі як маладой і вабнай жанчыне.
– Слухай, Галь, – падаў голас Яўген, адарваўшыся ад рукапісу (пісаў ён, як класік, уручную). – Як табе вось такая думка?..
Ён прачытаў пакручасты сказ, дзе было, мусіць, не менш як дзесяць косак.
– Мне здаецца – неардынарна і даволі лаканічна… А ты як думаеш? – спытаўся муж тонам чалавека, упэўненага ў сваёй непагрэшнасці.
– Няблага, Жэня, – вымучыла на сваім сонным твары ўсмешку жонка. – Толькі… як бы табе сказаць, асноўная думка ў цябе па-за слоўнымі аздобамі крышку губляецца…
– Ну, родная, – паблажліва павярнуўся да яе напаўкорпуса амбітны муж, – гэта ж табе не журналістыка. Гэта ад вас, газетных пісак, слова прыгожага не даб’ешся. Літаратура – гэта, мілка… Літаратура – гэта… гэта і ёсць якраз тая пакручастасць, нешараговасць, наджыццёвасць. Гэта выяўленне чагось бязважкага, чаго вы, простыя смяротныя, і не бачыце…
Яўген сам адчуў, што перабраў у напышлівасці сваёй прамовы, што гаворыць няпраўду, амаль нясе глупствы. Але ён не прывык і не любіў выслухваць сумненні ў сваіх літаратурных здольнасцях. Ва ўсякім разе – ад жонкі. Да таго ж так і свярбела перад сном памянташыць языком, наталіць прагу красамоўнасці. У рэдакцыі, сярод сур’ёзных пісьменнікаў, ён сабе такога дазволіць не мог, бо лічыўся там птахам невысокага палёту.
– Не згодная я тут з табой, – пазяхнула жонка і выключыла тэлевізар. – Давай лепш у пасцель уладкоўвацца. А то што гэта за мода – будзіць мяне штоноч у тры гадзіны.
– Э не, даражэнькая, – завёўся Яўген. – Пачала, дык дагаворвай: у чым ты не згодная.
Васілёў брацельнік з прыкрасцю кінуў аўтаручку на кіпу спісаных аркушаў, задзірыста павярнуўся на крэсле-круцёлцы да жонкі тварам.
– Ну добра, калі хочаш. – Галя паднялася з крэсла і падышла да насценнага люстэрка, каб заправіць нанач валасы пад сетку. – Толькі не крыўдуй тады.
Читать дальше