У цеснай пярэдняй пераключальнік святла быў завалены і завешаны верхнім адзеннем, і таму апранацца давялося амаль вобмацкам. Канешне ж, было не да таго, каб вярнуць Куліку штаны яго бацькі. Тым больш што гаспадар, насыціўшыся сваёй палюбоўніцай, відаць ужо адключыўся ад рэчаіснасці. Ва ўсякім разе, са спальні не даносілася ні галасоў, ні шэпту, ні іншых варушэнняў, якія б пераканалі Васіля ў адваротным.
Хлопец прапіхнуў Таццяну за дзверы і ўжо быў гатовы сам пакінуць гэты агорклы прытон, калі нешта цупкае і халоднае ўхапіла яго за руку. Сурмач нервова здрыгануўся. Падобны страх ён зазнаваў толькі ў дзяцінстве, калі ў пакоі, дзе ён знаходзіўся адзін, раптоўна прападала святло. Закарцела проста куляй вылецець з кватэры і бегчы не азіраючыся. Але, перасіліўшы прыкрую баязлівасць, Васіль знарочыста марудна абярнуўся. Перад ім прывідам стаяў шчуплы Хведзька. Яго кашчавы нездаровы твар у паўцемрадзі набыў проста злавесны выгляд. Вочы гэтага слімака гарэлі нейкім наркатычным агнём. Ён так і не выпусціў Сурмачаву кісць са сваёй далоні, і таму Васіль рэзка і з яўнай гідлівасцю трасянуў рукою, каб пазбыцца дотыкаў гэтай непрыемнай істоты. Пазбавіўся, як ад медузы ці марской гідры.
– Што такое? – цвёрдым голасам спытаўся Сурмач.
– Слухай, браток, пакінь дзяўчыну… – больш па інтанацыі сіпатага голасу Хведзькі, чым па гуках, зразумеў Васіль яго жаданне.
Такой подласці, недарэчнасці, асабліва ад гэтага безаблічнага тыпуса, ён ніяк не чакаў. Было няўцям, што такая бляклая істота яшчэ можа хацець жанчыну. Ды прытым як пачварна!
Пакуль магчымыя варыянты адказу пракручваліся ў галаве Васіля, ён пачуў, як нешта зашамацела на ўзроўні яго жывата, а тады ткнулася ў руку. Міжволі таргануўшы кісцю, хлопец адчуў на дотык нешта хрумсткае і адначасова мяккае. Гэта былі грошы.
Ух, як зарупела Сурмачу адной рукой схапіць Хведзьку загрудкі, другой скамячыць ненавісны твар, адарваць цела ад падлогі і шпурнуць у залу. Але добра разумеў хлопец, што ў любой з кішэняў гэтае пачварыны могуць ляжаць нож, разак, кастэт – што заўгодна. Да таго ж не забываўся Васіль і пра дужага Хведзькавага хаўрусніка – Хрэна. Таму, грэбліва зірнуўшы на цьмяны абрыс непрыяцеля, ён адно працадзіў:
– А яна не мая ўласнасць. Шчасліва заставацца. – І выйшаў вон.
Увесь час, пакуль яны з Таняй чакалі ліфта, пакуль спускаліся на ім з дзевятага паверха, Васіль скурай прадчуваў нейкую вераломную неспадзеўку. Бо гэтак жа, як пакрыёма зажадаў Хведзька для сябе жанчыну, магло замануцца яму нагнаць іх недзе ў нетрах пад’езда ды засадзіць нож у спіну. Чаму не? “Ну і агіднае ж рыла!” – скрывіўся Сурмач, калі на выхадзе з пад’езда яшчэ раз згадаў бляклы твар зацятага выпівохі. Сплюнуў на дол.
– Нам куды? – спытаў ён у Таццяны, якая моцна трымала яго пад левы локаць.
– А во тутачкі недалёка, – дзяўчына паказала рукой у цямравы праход паміж гмахамі, – метраў трыста будзе.
Васіль запаліў цыгарэту. Разам з тытунёвым дымам у яго грудзі пранікала золкае начное паветра. Сырасць прабіралася і за каўнер, і за рукавы курткі. Ад гэтага плечы міжвольна падымаліся дагары, а галава тулілася ў тулава.
– Слухай, Таня, – керхануўшы, прамовіў Васіль. – Ты мяне, канешне, прабач, але навошта ты пайшла да Куліка? Што ў цябе з ім агульнага? Ды зрэшты, што ў цябе агульнага з тваёй развязнай прыяцелькай?
– Наташа ж мая сяброўка… – разгублена адказала дзяўчына.
– Ды як ты не разумееш, што гэта ўсё пашляціна? Што брыдка ўсё гэта і нізка? Гэтыя разгарачаныя гарэлкай, тупыя, юрлівыя, хцівыя да асалоды твары!
– Ну тады ўжо і ты мяне прабач за адно пытанне: што там рабіў ты, такі выхаваны і адукаваны? Мне што! Я ў вучылішчы навучаюся на цырульніка. Мы вышэйшых адукацый не маем, і яны нам не свецяць…
– А пры чым тут вышэйшая адукацыя, Тань? – гарачыўся Сурмач. – Ды я сярод сваіх сукурснікаў, сярод інжынераў, нават прафесараў знаю процьму самых сапраўдных неандэртальцаў! Ды што далёка ісці – я сам такім быў… Ды, пэўна, і ёсць. Я сам толькі нядаўна, пару месяцаў, як стаў гэта разумець… Разумець, што я самая жывёльная жывёла на свеце… Ну а ты, Таня, дзяўчына тонкая, далікатная… Я ж бачыў – табе там не месца! Завошта ты да Куліка прыцягнулася?
Загаварыўшыся, Сурмач спатыкнуўся на ўхабе асфальту і ледзьве не паляцеў ніцма. Утрымала яго маленькая спадарожніца.
– Прабач, – сканфузіўся ён. – Здаецца ж, не такі й п’яны… Бывае.
Таня ледзь улоўна хіхікнула.
– Ведаеш, Вася… Табе лёгка разважаць са сваёй званіцы. Аднак ты і мяне зразумей. Я, да твайго ведама, расла ў простай сям’і, у звычайным спальным мікрараёне, вучылася ў самай шараговай школе, і здольнасцяў у мяне не было ніякіх.
Читать дальше