І раптам жахнуўся Васіль ад думкі, што ўсе людзі-кропкі гэтага анклава – кожная паасобку – толькі і занятыя тым, каб ашукаць, скарыць, перамагчы адзін аднаго, каб выдраць з чыіхсьці рук ласы кавалак шчасця… Падманнага шчасця. Яны будуць дамагацца багацця, славы, кахання, дабрабыту сынам і дочкам, губляць усё ў адзін міг і зноўку біцца за недасягальнае. Няўжо гэта адно і ёсць на Зямлі? Няўжо для таго мосцяцца дарогі, узводзяцца віядукі, палацы, гмахі, каб на іх, у іх і з іх дапамогаю ажыццяўляліся такія пустыя, нявартыя дзеі? Не можа гэтага быць!!!
Прыгадаліся словы аднаго цудоўнага паэта, ужо гадоў дваццаць нябожчыка… Дакладней, гэта радкі з песні:
Из-за денег, из-за девок
Драть глотки своре будет свора.
Хіба гэта не праўда?! І самае дзіўнае, што песню гэтую пяе і Кулік – пад гітару, заліўшы вочы гарэлкай. Пяе выдатным голасам, артыстычна і нібыта прачула. Але ці разумее ён гэтыя словы? Ды што Зміцер! Ён, Сурмач, дакладна ведае, што не далей як праз пяць хвілін пасля такіх высокіх разважанняў сам кінецца ў вір матэрыяльнага жыцця. Не саўладаўшы з жарсцямі і амбіцыямі, сам будзе крывадушнічаць, хітраваць, фальшывіць, каб толькі дамагчыся той жа жратвы, пашаны, жаночага цела.
Васіль нейк безнадзейна шпурнуў акурак долу, уздыхнуў на поўныя грудзі і вярнуўся ў залу. Там Кулік з макраватымі пасля мыцця валасамі ўжо сядзеў паміж дзяўчатамі, падліваў ім віна, балакаў і быў у найлепшым настроі. Іх гаману, выгукі, хіхіканне накрывалі прарэзлівыя магнітафонныя трэлі, буханне барабана.
Гэтым вечарам Сурмач многа, больш чым належала, піў спіртнога. Піў, адно каб не наведвалі маркотныя думкі, піў, каб займець хоць нейкія станоўчыя эмоцыі ад гэтага пахмурнага дня. Але задурманены, пракураны яго розум усё ж не ўспрымаў як мае быць блазенскія жарты Куліка, Наташкіны какетлівыя пацепванні плечукамі, ганарлівыя позіркі і рэдкія трапныя заўвагі Таццяны. Мозг мімаволі намагаўся нешта высноўваць, супрацьпастаўляць, ацэньваць. Каб насаліць свайму гаспадару, каб пазбавіць яго прымітыўнай чалавечай асалоды.
Васіль, помніцца, узяў у рукі гітару і спрабаваў спяваць. Яго ніхто не слухаў. Дый голас выходзіў страшэнна немузыкальным, язык заплятаўся. Сурмач заўсёды губляў свой слабенькі музычны слых нават ад невялікай колькасці алкаголю. Не ў прыклад Змітру, якому ўжыванне спіртнога адно надавала імпэту і артыстызму.
А яшчэ злавала, што на яго, заўжды такога цікавага для жанчын, худасочная Таццяна як быццам не звяртае ўвагі. Яна была надзвычай маўклівая, і Васілю, каб не пачувацца няёмка, прыходзілася вынаходзіць для яе нейкія досціпы і кампліменты. Атрымлівалася няўклюдна, слаба. А Кулік, як на ліха, быў заняты сёння выключна Наташкай, бесперастанку абдымаўся з ёй, цалаваўся ўзасос. Неўзабаве яны адасобіліся ў пакоі Змітраковага бацькі, пакінуўшы Сурмача на вырак лёсу з гэтай насупай Таццянай. Прыйшлося запрасіць яе танцаваць. Аднак і тут яна трымалася празмерна скута, капыліла ніжнюю губу, захоўвала дыстанцыю – ён ніяк не мог адчуць ейнага цела.
Недзе а палове дзесятай раздаўся званок у дзверы. Васіль ажно скалануўся ад нечаканасці – няўжо Кулік-старэйшы вярнуўся? Прыяцель жа бажыўся, што не павінен! Васіль на некалькі секунд замёр, чакаючы якой-кольвек рэакцыі з боку гаспадара кватэры. Бо пакой, дзе Зміцер забаўляўся са сваёй сяброўкай, знаходзіўся значна бліжэй да выхадных дзвярэй.
Сурмач выключыў музыку, прыслухоўваўся. Яму нават пачало здавацца, што за магнітафонным гвалтам ён памыліўся і ніякага званка наогул не было. Але мудрагелістая трэль зноў, зараз ужо пэўна і выразна, дапяла Васілёвага слыху. Ды яшчэ ў дзверы дадалі кулакамі.
Паколькі Кулік не паказаўся са сваёй схованкі, Сурмач усадзіў Таццяну на канапу.
– Пайду зірну ў вочка – што там за ліха. – Ён накіраваўся ў прыхожую.
– А можа, наогул не адпіраць? – зашаптала наўздагон устрывожаная прыяцелька.
– А што калі гэта бацька Змітра заявіўся? Дзверы ж высадзіць… – абярнуўся да яе Васіль.
– У яго ключы павінны быць… Не, не ён гэта… Слухай, Вася, ты ўсё ж Змітрака вызаві.
– Ладна.
У пярэдняй хлопец асцярожна пастукаў у дзверы спальні. Амаль адначасова зноў цырыкнуў званок. Унутры пакоя нешта заварушылася, заскрыпела, затупала. Неўзабаве прачыніліся дзверы і бялявая ўскудлачаная галава Змітра вынікнула вонкі.
– Ты што, ачмурэў? Завошта не адгукаешся? – накінуўся на яго Васіль. – Гэта, часам, не бацька твой ломіцца?
– Ну, скажаш яшчэ! Стары мой не звоніць… – Кулік напалову выйшаў з цёмнай спальні. Ён быў у портках, басанож і з голым торсам. – Дый у камандзіроўцы ён. Гэта мо з хаўруснікаў хто.
Читать дальше