Дзяўчаты какетліва захіхікалі. Зарагатаў і Зміцер, але тут жа схамянуўся і памчаўся ў пярэднюю. Вярнуўся адтуль з пляшкай гарэлкі, якую вывудзіў з Васілёвай курткі.
– Вось яна – матухна. – Ён любоўна пагладжваў бутэльку па дыхтоўнай наклейцы. – Ёй пачэсны пасад! – І ўсталяваў “Крышталь” на самае віднае, цэнтральнае месца.
Перакінуўшыся яшчэ дзесяткам такіх жа неістотных слоў, хаўруснікі распачалі бяседу.
– Ну, слова нашаму разумніку, – падкалоў Кулік Васіля, спрытна наліваючы дзяўчатам па поўным келіху віна з грувасткай пасудзіны, – для першага, так сказаць, тосту. – (Ва ўяўленні прымітыўнага Куліка чалавек з вышэйшай адукацыяй быў абавязкова разумным.)
“Здзекуецца, дрэнь! – падумаў Васіль. – Ведае ж, што не ўмею я за сталом красамоўнічаць”.
– Вып’ем за ўдачу, – прымаючы ад Змітра чарку з “вогненнай”, хітра выйшаў са становішча Васіль. Коратка і талкова.
– Святая справа! – Кулік па-свойску ляпнуў яго па спіне. Ажно выплюхнулася колькі кропель гарэлкі.
Між іншым, Кулік ляпнуў па спіне і сваю сяброўку Наташку, але – як мага бліжэй да таліі. Пускаць у ход рукі пад час застолля было ў Змітрака нязводнай і непрыстойнай звычкай. Разгарачаны напоямі і гамонкай, ён мог гэтак пляскаць па нагах, руках, спінах і задах амаль незнаёмых людзей. Часцяком нарываўся на скандалы. А ўсё ад няўрымслівага тэмпераменту.
– А Васіль дзе працуе? – звярнулася да нейкай пятай асобы Наташа, пры гэтым нясмела пазіраючы на Сурмача. Шчокі яе запунсавелі ўжо ад першага келіха.
– Ён у нас інжынер… інтэлігент. Ха-ха, – паясняў Кулік з набітым ротам. – А ў цэлым – выдатны хлопец! Ух.. хр.. кхе-кхе… – На апошніх словах ён папярхнуўся.
Варта сказаць, што слова “інжынер” на пачатку дзевяностых гадоў азначала дрэнны дастатак, не вельмі высокую культуру, забітасць і бесперспектыўнасць для носьбітаў гэтага звання. Куды больш шанаваліся такія прафесіі, як бізнесмен, эканаміст, бухгалтар, дробны гандляр і нават проста ашуканец грамадства. Таму Васіль заўсёды пачуваўся няёмка, калі даводзілася рэкамендавацца і раскрываць сваё сацыяльнае становішча.
– А дзе, дазвольце пацікавіцца… у якой установе?.. – падлівала масла ў агонь Таццяна.
Прыйшлося адказаць.
Каб перавесці размову ў іншы кірунак, Сурмач прамовіў:
– А што, дзяўчаткі, ці не прапанаваць нам гэтаму таварышу, – ён паказаў рукой на Змітра, што жвава арудаваў сківіцамі, – нам пайграць-папець?
– З задавальненнем паслухаем, – адразу адгукнулася Наташа. – Ён жа ў нас карыфей у гэтай справе! Я табе не гаварыла? – Яна схіліла галаву да Таццяны.
– А няма ахвоты пакуль, – набіваў сабе цану Кулік. – Дый да кандыцыі прыйсці трэба. Васёк, налівай не марудзячы! Наталі, Таня, вам – вінца? Ну й слаўна! А мы па беленькай з дружбаком пройдземся.
Ён зухавата напаўняў ёмішчы алкагольнымі напоямі і праз паўгадзіны амаль не вязаў лыка. У свае дваццаць пяць гадоў Кулік быў ужо прывычны алкаш. Добра падпаіў ён і сваю Наташку, палез да яе абдымацца, узвалок на калені.
Бачачы, што застолле заўчасна прымае непрыстойнае адценне, Сурмач выклікаў прыяцеля на балкон – быццам бы пакурыць.
– Што ж гэта ты раскіс, браце? – трасянуў ён загрудкі ачмурэлага Змітрака. – Гадзіны не прайшло, а ты ўжо вочы пазаліваў. А што далей будзе: штаны спусціш ды на кралю сваю палезеш?
Кулік неўразумела глядзеў на Васіля, дурнавата ўсміхаўся і пагойдваўся на кволых нагах.
– Ды не турбуйся, усё нармалёва будзе. Зараз яешню змайструем, запяём, па беленькай… – мармытаў ён.
– Дык вось, слухай мяне, “па беленькай”! Калі ты зараз не пойдзеш у ванную ды не памыешся пад халоднай вадой – хаця б да напаўпрытомнага выгляду, то праз хвіліну мяне тут не будзе. Зразумеў?! – Сурмач нямоцна тузануў маларослага Куліка за каўнер.
– Што ты бузіш!.. Ну, калі хочаш – памыюся… Хаця я і цвярозы як шкельца. – Зміцер вяла спрабаваў выслабаніцца з Васілёвых рук. – Ну пусці ж, барацьбіт… за чысціню нораваў.
Васіль адпусціў прыяцеля. Той неяк па-старэчы, марудліва вылез з балкона ў залу, пашоргаў у ванную.
5
Сурмач уваткнуў у рот цыгарэту. Падпальваючы, заўважыў, як падрыгваюць рукі. Хіба раней раздражнялі яго выхадкі Куліка? Хіба ён сам не паводзіў сябе падобным чынам? Не, пэўна, гэта дзень такі няўдалы. Трэба было наогул сёння з дому не высоўвацца. Хаця і там абавязкова з некім пацапаешся…
З балкона дзевятага паверха адкрываўся адметны начны краявід. У густым і вільготным кастрычніцкім змроку віднеліся толькі абрысы гарадскіх будынкаў, падсвечаных ілюмінацыяй, абазначаных стракатымі вокнамі, акенцамі, вітрынамі. Кулікоў дом стаяў на пагорку, наўскрай мікрараёна. За адкрытай прасторай, прарэзанай шырокай паласой вуліцы, велічна ўзвышаліся аграмадзіны суседняга квартала. Туды і ўпадала гэтая магістраль, туды спяшаліся мігатлівыя агеньчыкі машын, пешаходы. А восьмай гадзіне вечара горад яшчэ жыў шчыльным, напружаным, паўнакроўным жыццём. І толькі адной малюсенькай кропкай свяцілася ў гэтым спалучэнні агнёў акно Змітровай кватэры, дзе сабраліся самыя шараговыя, мізэрныя людзі. Звычайныя мурашы аб’ёмістага мурашніка.
Читать дальше