— Паслухай, Славік, — як мага мякчэй пачаў Павел Алегавіч. — Усё гэта, канешне, добра. Толькі скажы, нашто табе гэта ў шэсцьдзесят год?
— О, ды ты нічога не цяміш! — усклікнуў Слаўка. — Гэта ж найважнейшая для чалавецтва задача, ды маё адкрыццё пераверне крыміналістыку. Ды што там крыміналістыку — вырашыць глабальныя сацыяльныя праблемы. Наркаманы, алкаголікі, прастытуткі, не кажучы ўжо пра сапраўдных злачынцаў, — усе яны распазнаюцца па маёй формуле!
Ад гэтых слоў у Паўла Алегавіча кальнула ў патыліцы, аддало ў правую скронь.
А брат доўжыў:
— А ведаеш, Паш, у чым геніяльнасць выведзенай мной формулы? У тым, што яна аднолькава прыдатная для ўсіх рас, полаў і ўзростаў. Здавалася б, так не павінна быць, бо чарапы эскімоса і негра моцна адрозніваюцца. Аж не, я ўсё прадугледзеў! Больш таго, — крычаў наваяўлены навуковец, — дзеці, пачынаючы з чатырнаццацігадовага ўзросту, таксама падпадаюць пад маю формулу. Бо з гэтага часу фарміраванне іхняга чэрапа збольшага скончана. І якраз, чуеш, брат, якраз у гэты час настае для іх пара крымінальнай адказнасці.
— Чакай, чакай, Славік, — Павел Алегавіч быў у нейкім ліпкім дурмане. — Ну ладна, вывеў ты формулу. Ну добра, хай яна такая геніяльная. Але ж, яшчэ раз паўтараю: навошта? Навошта ты ўбіваў дзесяць год жыцця ў непатрэбшчыну? Дзе ты яе зможаш ужыць?
— Ага! — амаль віскнуў чырвоны ад узрушэння Вячаслаў Алегавіч. — Дык акурат дзеля практычнага ўжытку я над ёй мудраваў! Акурат самае што ні ёсць практычнае значэнне яна і мае. Глядзі! — Ён пачаў ліхаманкава гартаць перад вачыма брата рукапіс. — Што тут напісана: «.рэкамендавана для адсочвання і ізаляцыі патэнцыйных злачынцаў»; далей чытаем: «.увесці серыю прафілактычных дзяржаўных захадаў» і далей: «пажыццёвыя рэзервацыі ўзмоцненага рэжыму з мэтай.»
— Стоп! — закрычаў у роспачы Павел Алегавіч. — Ды што за лухту ты вярзеш! Якая ізаляцыя?! Якія дзяржаўныя захады?!
— Адказваю! — самазадаволена ўхмыльнуўся Славік. — Паясняю. Для гэтага ў мяне ёсць чацвёрты і пяты тамы, дзе дэталёва распрацавана схема сацыяльнай ізаляцыі генных дэградатаў. Глядзі! — І ён схапіў са стала пухлую зялёную папку. Мерыўся разгарнуць, але брат падаўся наперад і налёг на папку ўсім корпусам.
— Не трэба, Славік. Напрамілы Бог, не трэба!
— Ат, пачакай, ды там найгалоўнейшае, там зерне ўсёй маёй працы! — гарлаў Вячаслаў Алегавіч, сілячыся такі адкрыць папку.
— Ну потым, потым, Слава! — настойваў Павел Алегавіч. — Потым пакажаш. Давай спярша сядзем і пагаворым спакойна. Пару хвілін.
— Ну што ж, — з неахвотай згадзіўся брат, павярнуў крэсла спінкай да стала, прысеў.
Павел Алегавіч умасціўся на краі ложка, тварам да суразмоўцы.
— Я ўсё зразумеў, брат, — пачаў ён. — Табе здаецца, што ты вынайшаў веласіпед ці адкрыў Амерыку, а цяпер намераны ашчаслівіць чалавецтва. Дык вось што я табе скажу. Нават не ўнікаючы ў тваю працу, ведаю на ўсе сто, што яна і выедзенага яйка не вартая.
— Ды што ты.
— Пачакай! Гэтае маё сцвярджэнне грунтуецца на звычайным жыццёвым вопыце. А ён мне гаворыць, што ніводнае геніяльнае адкрыццё не рабілася чалавекам твайго ўзросту. Адкрыцці робяцца маладымі, Славік, амбітнымі і здаровымі — тымі, у каго будзе час іх ажыццявіць, знайсці, як мы ўжо казалі, практычнае прымяненне. І нават калі дапусціць, што цябе азарыла, і ты нешта адкрыў, то шанцаў на ажыццяўленне свайго праекта ў цябе няма аніякіх.
— Ёсць, ты не ведаеш.
— А таму, — зыкнуў Павел Алегавіч, заглушаючы братавы словы, — супакойся і засунь свае славалюбныя планы куды падалей. А іначай будзе кепска, брат. Я не жартую. Мне Вольга сказала, што ты паслаў сваё тварэнне ў райаддзел адукацыі. Дык вось. Гадоў пятнаццаць таму за табой бы ўжо прыехалі. З мэтай ізаляцыі. Разумееш?
— Ад чаго?! — абурыўся Славік. — Ад чаго мяне ізаляваць?!
— Не бойся, цябе б не забралі ў турму. Цябе б проста, зыходзячы са звычайнага чалавекалюбства, лячылі. Разумееш? Не? Гэта калі садзяць у палату з сапраўднымі вар’ятамі і шпіляюць уколы, ад якіх ты месяцамі знаходзішся ў прастрацыі. Цябе могуць праз пэўны час выпусціць, але без уколаў ты ўжо жыць не зможаш, браток, і неўзабаве патрапіш туды зноўку. Цяміш? Не? А праз год-два лекі зробяць з цябе стопрацэнтнага ідыёта, ты будзеш адно бязглузда лапатаць ды мачыцца і гадзіць пад сябе.
Брат глядзеў на Паўла Алегавіча, вылупіўшы вочы пад акулярамі.
— Аднак не бойся. Пакуль цябе не забяруць, не. У нас цяперака капіталізм, і тваё здароўе дзяржаву мала турбуе. Але! — Павел узвысіў голас. — Але гэта толькі тады, калі ты не будзеш дужа настойлівы. Калі ж ты не спыніш свае допісы ў інстанцыі, калі, не прывядзі Бог, уздумаеш даслаць сваю пісаніну ў Акадэмію, то крыўдуй на сябе: прыедуць і забяруць. Зразумеў? А павязуць цябе, брацік, не ў Мінск, дзе я змагу да цябе наведвацца, а найхутчэй — у Магілёў, а гэта ад мяне задалёка. Падумай, Славік. — Ён устаў. — Я не заклікаю цябе паліць тваю пісаніну. Чытай, наталяйся, цешся. Але толькі сам з сабой.
Читать дальше