Вольга выпырхнула з кухні.
— Разбяромся, — са злой прыкрасцю прашаптаў Павел Алегавіч.
13
Неўзабаве пасля нейкіх варушэнняў і шаптанняў у калідоры на кухні паявіўся Слаўка, то бок Вячаслаў Алегавіч. Выглядаў ён лепш за малодшага брата ва ўсіх адносінах: асаністы, высакародна-сівавалосы, амаль без залысін, паўнаваты, румяны, апрануты ў свежую салатавую кашулю, адпрасаваныя штаны; акуляры ў шырокай аправе надавалі яму самавітасці.
— О, здароў, Пашка! Якім ты тут ветрам? — пацягнуўся цалавацца старэйшы.
Павел Алегавіч падняўся, вітаючыся.
— У адпачынку я, рашыў вось адведаць. — Ён адзначыў, што ад Слаўкі веяла дарагімі духамі.
— Слухай, ты не ўяўляеш, як я табе рады! — узбуджана гаварыў брат, усё яшчэ трымаючы Паўла Алегавіча за руку. — О, колькі ў мяне ёсцека табе расказаць!
— Гм. — пачаў госць, але згледзеў за спінай брата Вольгу, якая рабіла ўмольныя грымасы, камячыла на грудзях сукенку і па-змоўніцку ківала ўбок прыхожай.
— Славік, дык давай у твой пакой пройдзем, — так зразумеў Павел Алегавіч жэсты братавай. — А жонка твая пакуль да абеду чаго збярэ.
— Канешне, канешне, мой дарагі! — замітусіўся брат. — Хадзем, хадзем. Я табе пакажу такое! — І ён, як сабачка, пабег паперадзе Паўла, штосекунду азіраючыся.
Пакой брата быў дарэшты забіты мэбляй і ўсялякімі прычындаламі. Тут панаваў, што называецца, працоўны вэрхал. На масіўным пісьмовым стале, пасярод, стаяла пішучая машынка з запраўленым аркушам. Вакол не ляжалі, а менавіта валяліся кіпы папер, папкі з тасёмкамі, кнігі, часопісы, газеты, самапіскі, алоўкі. А таксама шклянка з недапітай жаўтлявай вадкасцю, чайныя лыжкі, агрызак акрайца белага хлеба і шмат-шмат усялякай драбязы. Да стала было прысунута крэсла з высокай драўлянай спінкай. На тумбачцы, каля засланага ложка, стаяў новы тэлефон. На сценах, апрача знаёмых Паўлу рэпрадукцый і абрамленых фотаздымкаў, віселі нейкія незразумелыя плакаты, графікі, схемы. Яшчэ з новага кінуліся ў вока маленькія вагі ля дзвярэй: плоскія, квадратныя, з уштукаванай паміж месцамі для ступней стрэлачнай шкалою.
Увайшоўшы, Вячаслаў Алегавіч памкнуўся да стала і пачаў капацца ў паперах.
— Я, брат, адкрыцца табе хачу, — прыгаворваў ён, соўгаючы папкі. — Я тут такую справу заканчваю, не паверыш.
Павел Алегавіч з цікаўнасцю наблізіўся да яго.
— Дзесяць год, Паш, дзесяць год, дзень пры дні, я гэтым займаюся!
«О Божа!» — падумаў Павел.
— Па крупінках, па каліўцы збіраў матэрыял. Вось глядзі! — Слаўка раскрыў перад братам тоўстую папку. — Гэта тытульны ліст, ацані.
«Антрапалагічныя крыніцы злачынстваў. Крыміналістычнае даследаванне. Сацыяльныя рэкамендацыі. Том першы», — прачытаў Павел Алегавіч.
Знячэўлены, ён не ведаў, што і сказаць. Маўчаў.
А брат шпарка адгарнуў перад ім адну старонку, другую, тыкаў пальцам у падзагалоўкі, уклееныя фотаздымкі, тлумачыў.
Прайшло, мусіць, з хвіліну, перш чым Павел Алегавіч змог засяродзіць увагу на рукапісе і братавых словах.
— Я даўно, даўно гэтым жыву! — амаль крычаў Слаўка, трымаючы ў руках адзін аркуш. — Мяне заўжды хвалявала праблема злачыннасці. І я, чуеш, — ён цясней прыхінуўся да брата, — высунуў гіпотэзу, што прычыны ўсяго чалавечага зла — у будове чэрапа. Усё, Паш, залежыць ад нашай дурной каробкі. Ха-ха! Як гэта проста. Але ж ніхто да мяне гэтага не зразумеў!
— Пачакай, пачакай, — перарваў яго Павел Алегавіч. — Па-першае, адкуль ты ведаеш, што ніхто да цябе гэтага не зразумеў?
— Ха! — аж пырснуў слінаю Слаўка. — А навошта ж я, па-твойму, дзесяць гадоў па бібліятэках шнарыў! А навошта ж я збіраў падшыўкі крымінальнай хронікі! — Ён указаў рукой на стосы папак. — Усё, усё тутака. — І хітра прыжмурыўся: — Вось і сёння: толькі палова другой, а я ўжо ў чытальнай зале пабываў, па ўсіх кіёсках прабегся.
— Чакай! — устурбаваўся Павел Алегавіч. — А хіба ты не быў на рабоце? Сёння ж працоўны дзень.
— А ў мяне дзве гадзіны заняткаў. Прычым першыя. Як у дзесяць вызваліўся — то і пабег, пабег. Толькі тсс, брат, — Слаўка схапіў яго за плячо, — Ольцы не гавары. Яна думае, што я поўны дзень у школе тырчу. Хе-хе! А я цяпер ад усякай грамадскай нагрузкі адмовіўся. У школьным летніку не дзяжуру. Дый у навучальны год — ані класаў не вяду, ані сходак настаўніцкіх не наведваю. Цьфу на іх. Хопіць. У мяне цяпер кожная хвіліна на ўліку, бо столькі, Паш, трэба зрабіць!
І зноў Павел Алегавіч не знайшоў слоў запярэчыць.
— Ды ты глядзі, глядзі, — насоўваўся на яго брат з папкаю. — Я табе давяду, у чым сутнасць. Тут уся штука ў геаметрычных прапорцыях. Вось бачыш, — ён указаў пальцам на малюнак твару з нанесенай паверх яго каардынатнай сеткаю, — я распрацаваў схемы апорных кропак: на згібах надброўных дуг, на пераноссі, на падбародку, вушах, зрэнках пры прамым позірку. Гэтыя кропкі злучаюцца лініямі, лініі ўтвараюць вуглы. Я вывеў формулы, дзе па даўжыні ліній і вуглах вылічваецца ступень патэнцыйнай злачыннасці.
Читать дальше