Шмат гадоў спакойна было. І вось на табе. Прыязджай, Павел, разбірайся з брацельнікам, якому пяцьдзесят восем стукнула. Нянькайся.
...Дом стаяў у завулку, фасад выходзіў на абгароджаны штыкетнікам панадворак, тыл глядзеў на раку, да якой было метраў дзвесце. Трохпавярховы бела-цагляны дом з двума пад’ездамі, з вялікімі комінамі на спадзістым даху. Павел Алегавіч рушыў праз адчыненую брамку, прамінуў бязлюдны дворык, увайшоў у пад’езд, па драўлянай лесвіцы падняўся на другі паверх. Націснуў кнопку над шыльдачкай № 4.
Амаль імгненна яму адчыніла Вольга, пяцідзесяціпяцігадовая кабета з вечна напалоханым, пакутным выразам твару. Братавая і змоладу была жанчына някідкая: шэрыя валасы, невыразныя бровы, тонкія вусны; росту сярэдняга, слаба акрэсленая талія, худаватыя ногі, ледзь заўважныя грудзі. Цяпер жа яна і зусім паблякла.
— Дабрыдзень, — прывітала Паўла Алегавіча гаспадыня, трывожна зазіраючы за яго спіну.
— Прывітанне. — Багатка зайшоў у кватэру. — Слаўкі, канешне ж, няма, — чуйна прыслухаўшыся, сказаў ён.
— Не вярнуўся яшчэ. У школе, — з прыкметным раздражненнем адказала братавая. — Давай сваю куртку. Заходзь адразу на кухню.
Нягледзячы на летнюю пару, Вячаслаў Алегавіч актыўна працаваў у школе — вёў гурток юных натуралістаў, які меўся дзейнічаць да жніўня.
— А тапак няма? — агледзеўся ў цесным калідорчыку госць.
— Няма, нядаўна выкінула старыя. А Слаўкавы не надзявай — псіхаваць будзе. Ну яго ў балота.
У квадратнай куханьцы палову плошчы займалі пліта і стол, пасярод якога ўзвышаўся электрасамавар. Пад ім стаялі пару пустых фарфоравых кубкаў, цукарніца, імбрычак, ваза з хатнім печывам. Павел ведаў, што гэта новае захапленне брата — самавар і зялёны чай, які той несупынна сёрбаў на працягу дня. Бо недзе вычытаў, што гэта дужа карысна і здорава.
— Ну што, абедаць будзем, калі Слаўка падыдзе? — спыталася Вольга. — Ці зараз падаць?
Госць зірнуў на пліту, дзе грувасціліся дзве вялікія каструлі, гусятніца, і буркнуў, прысеўшы:
— Не, чаю налі. Хаця пачакай, а кава ў вас ёсць?
— Ёсць трохі.
— Растварымая?
— Ну.
— Давай.
Вольга адчыніла дзверцы вісячай шафкі, вывудзіла з глыбіні рудую бляшанку, падала дзеверу. Той сыпануў сабе лыжку кавы, дзве лыжкі цукру, а тады памацаў самавар: ён быў ледзь цёплы. Падаграваць было неахвота. Наліў.
— Ну выкладвай, сястрычка, што там у вас, — сказаў Павел Алегавіч, зрабіўшы пару глыткоў.
— У нас. — І без таго кіслы Вольжын твар пакутліва зморшчыўся. — У нас. дрэнна ў нас. Брацік твой, памажы Госпадзе, з глузду з’язджае. — Вусны яе таргануліся, як перад плачам.
— Вось толькі хныкаць не трэба, ладна? — папярэдзіў яе Багатка. — А то зараз як прыехаў, так і паеду. Г авары па сутнасці справы.
Вольга саўладала з сабой, апусцілася на табурэтку насупраць госця, пачала:
— Ды як табе сказаць.
— А ты скажы, скажы.
— Ну, вучоным сябе ўявіў. Трактаты нейкія піша.
— Пра што?
— А я ведаю? Па біялогіі нешта там ці... як яго... антрапалогіі.
— Ого! — сказаў Павел Алегавіч і прысвіснуў: — Ну і...
— Слухай, Паша, — у вачах братавай бліснуў жах, — ты б яго абразуміў, а? Гэта ж два гады чалавеку да пенсіі засталося. Хай бы ўжо дацягнуў.
— Дык няхай бы, можа, пісаў. Чым бы дзіця ні цешылася. — усміхнуўся Багатка.
— Ага, каб толькі пісаў! — усклікнула Вольга. — Ён жа ўжо свой трактат размножыў і ва ўсе інстанцыі пасылае.
— Як пасылае? — устрывожыўся Павел Алегавіч. — Куды?
— Ну, пакуль у райаддзел адукацыі, дырэктару школы таксама. А потым у Мінск, у Акадэмію гразіцца даслаць.
— А ты адкуль ведаеш?
— Ды былі ўжо ў мяне размовы, выклікалі. Прасілі суняць старога дурня. Яго ж са школы могуць паперці. Госпадзе, хоць бы да пенсіі, боўдзіла, дацярпеў. І-й-і! — Тут Вольга ўжо не стрымалася, усхліпнула.
— А ну цыц! — прыкрыкнуў на яе госць. — Зараз брацельнік падыдзе, а ты ў слязах. Як я з ім тады гаварыць буду? Тут жа далікатна трэба, няўжо не разумееш?
— Я разумею, — як магла ўтаймоўвала слёзы Вольга. — Ды ты і мяне, Паш, зразумей. Няма ўжо маёй змогі. Дачка ўхілілася, у яе, маўляў, свае клопаты, не лезь. Адна я. дый на пенсію, ведаеш, вытурылі.
— Ну-ну, супакойся, — пагладзіў яе па плячы Павел Алегавіч. — Не першы раз. Справімся.
— Ой, — уся тузанулася гаспадыня і зашаптала: — Ідзе, чую. Па лесвіцы. Ну, Паш, напрамілы Бог, не скажы, што я цябе выклікала. — Твар яе спалатнеў.
— Ды супакойся ты. — Багатка паказаў вачыма на калідор: — Ідзі сустрэнь.
Читать дальше