17.06.200*
Ну, нарэшце, хоць у нечым пашанцавала. Аказваецца, за дні маёй адсутнасці на дачы дрот паднялі. Дзякуй, цяпер з электрычнасцю.
Перад абедам пасунуўся ў лес і быў там да вечара. Нарваўся на сунічную палянку — аж чырвана ўсё. За якую гадзіну набраў пяцілітровае вядро з верхам. Шкада, больш не было тары. Планую праз пару дзён яшчэ туды падысці.
Але не бывае, відаць, у мяне, каб усё добра. Такі чалавек. На зваротным шляху здарылася нешта незразумелае. Ішоў, задумаўся і раптам адчуў трывогу. Гляджу, стаю на паляне, пад дубам. Наўкол, у радыусе мо пятнаццаці метраў — ні дрэўца, ні кусціка, а толькі куртатая траўка. Абкружае гэтую паляну малады шчыльны сасняк. І не відаць, як я сюды выбрыў, па якой такой сцежцы. І куды мне ісці? Знерухомеў, аглядаюся баязліва. А дуб нада мной сваю крону раскінуў, пакалыхваецца, як жывая істота. Сасняк жа, што наўкол, наадварот — быццам мёртвы зусім. Сухі, рукасты, каравы. І паляна нейкая дзіўная, высахлая: пад нагамі пашэрхлая трава, пясчаная глеба.
А трывога, што спыніла мой рух, расце-нарастае.
Да таго ж і сонца, як на грэх, за аблокі нырнула.
Ужо не толькі ў страўніку ные, але і цяснее ў грудзях, не стае паветра; у нагах і руках кволасць з’явілася. Паставіў вядро. Баязліва пратупаў вакол дуба. Дрэва не старое, не дужа тоўстае, але ўжо вельмі высокае, разгалістае. Стаіць, весела зелянее пасярод гэтага сухоцця. І падумалася чамусь: гэта ад таго так мёртва наўкол, што дуб сваім магутным карэннем усе сокі зямныя забраў.
І яшчэ адна з прычын майго страху (не адразу даўмеўся): амаль поўная адсутнасць гукаў. Хоць бы птушка якая чырыкнула, хоць бы прадзумкаў чмель... Нібы замкнуў мяне гэты безжыццёвы сасняк, нібы счапілі свае сукаватыя рукі дрэвы. Ані прагалінкі паміж імі няма. Як выйсці?
А страх, халера, усё нарастае, усё мацнее задуха. Гляджу: кісці рук маіх сінія, схаладзелыя. Бацюхны, думаю, што ж гэта са мной дзеецца? І галоўнае, як волю хто маю адабраў. Ні на што не магу рашыцца. Ногі, рукі як быццам непадуладныя сталі.
Урэшце скінуў я з сябе гэтае ачмурэнне. Праўдзівей, не скінуў, а як бы каманду пачуў: лезь на дрэва. Бы ў спіну мяне хто штурхнуў. Адкуль толькі спрыт з’явіўся! Скачок — за галіну рукамі, рывок — падцягнуў ногі, штуршок — ускараскаўся, і гэтак вышэй і вышэй. Па меры таго як лез, страх слабеў, адпускаў. Недзе на палове вышыні дуба згледзеў, што сасняк, які мяне абкружаў, з аднаго боку вузкі зусім, метраў дваццаць. Там, аказваецца, край пагорка, які пераходзіць у лугавіну, а за ёй — хутка і прыветны ліставы лес.
Праз пяць хвілін быў я пад дубам. Яшчэ праз тры — спускаўся з пагорка. А неўзабаве і наогул на знаёмую дарогу выйшаў.
Сяджу вось зараз, мудрую над дзённікам, а перад вачыма тая паляна з дубам. Няздорава там усё ж, анамальна неяк. Ці, можа, гэта ў маёй галаве глузды пазліпаліся? Пранясі, Божа.
А такі ўсцешна, што суніц назбіраў. Дарэчы, па дарозе ў свой «бярлог» завітаў у вясковую краму, цукрам прыбарахліўся. Мяшэчак такі сціпленькі, сем кіло. Адным словам, ледзь дапёрся да хаты. Заўтра варэнне буду варыць.
Ды ўсё з галавы не выходзіць: што ж такое сёння са мной адбылося, чаму кісці ссінелі, чаму ногі як адняло, а потым, наадварот, незвычайная сіла ўва мне паявілася.
Ой, Алегавіч, глядзі за сабой. Нешта ў табе не тое, браток. Дзічэеш, злосны, як Бармалей. Гэх, ну ды ладна. На бакавую пара. Як той казаў, пераначуем — лепш пачуем. Каб так!
21.06.200*
Вечар. На дачы. Знадворку грымае навальніца.
Учора не пісаў па адной простай прычыне: ледзь капыты не адкінуў.
Вось як яно было.
Пасля сняданку здзейсніў невялікі шпацыр па ўзлеску. Вярнуўся ў гуморы, расклаў за хатай цяпельца, усталяваў цагліны, узгрувасціў на іх каструлю. Словам, варэнне зачаў. А трэба сказаць, суніцы я зазвычай доўга вару, да жэлепадобнага выгляду. Хай і непрыгожа, хай ягады ў кашу ператвараюцца, затое захоўваецца надзейна і не трэба з накрыўкамі вымудрацца. Проста цукру ўволю даю, і стаіць гэтае варэнне як міленькае.
Гэта я да таго, што даволі доўга над цяпельцам прапоркаўся. Тут жа трэба, каб працэс запаволены быў, без полымя. Падкладу паленца — і сяджу, прыродай любуюся. А дзянёк цудоўны надарыўся, цёплы, вільготны. Сонца пакажацца з-за аблокаў, неназойліва пагрэе і скрыецца. Вятрыска ў спіну: авявае, лагодзіць. Хораша, адным словам.
Даварыў, ціхамірна разліў у слоікі, аднёс у хату. Ну, а потым трэба ж каструлю адчысціць. Шкрабаў я, шкрабаў і не заўважыў, як аса ўнутр заляцела. Яны і дагэтуль, чэрці, побач кружлялі, аднак дыму баяліся. А тут асмялелі і прама ў каструлю палезлі, на салодкія сценкі. Адна, адразу ж другая, трэцяя. Стаў я іх лыжкай выганяць. Справа прывычная. Ну, бывала, і кусне якая. Нішто. Я чалавек трывучы. А тут, чортведама як, адна з каструлі ды мне ў твар шуганула. Я машынальна яе прыціснуў далонню. Тут яна і ўджаліла. У правую шчаку, бліжэй да скроні.
Читать дальше