«Ну вось, колькі часу патрачана, каб разабрацца з вялікімі, адшукаць іх у сябе і ў сабе, а тут на табе, - расчаравана ўздыхнуў Імбрык. - Для таго, каб беларусы паўсталі як мадэрная нацыя, у іх павінны быць свае вялікія. А тут яшчэ нейкія любімыя аднекуль узяліся».
- Заўваж, - нібы суцяшаў яго Есіп, - калі б тады ў дзяцінстве ты на пытанне дарослых казаў «хачу быць любімым», усё было б па-іншаму. Праўда, ты б не зрабіў кар’еры. Любімыя кар’еры не робяць, толькі вялікія, і тое калі пашанцуе. Асабіста мне больш даспадобы любімыя. Яны не абавязкова толькі паэты. Яны яшчэ і гарадскія вар’яты, і проста ўсім вядомыя людзі, якія пасля становяцца сімваламі і знакамі, між якіх хочацца жыць. Любімы Кафка, які пісаў даволі змрочную прозу, зрабіў, тым не менш, так, што для многіх сваёй і любімай стала Прага - яе палюбілі праз яго. Мне гэта больш даспадобы, таму што любімымі не бываюць забойцы, дыктатары і д’яблы. Калі б я быў сацыёлагам, праводзіў бы рэйтынгі любімых, а не вялікіх, персанажаў гісторыі і культуры. Каго б тады расейцы паставілі на першае месца? Пушкіна, хутчэй за ўсё. Але не Сталіна.
- Я б паставіў Грабеншчыкова, - сказаў Імбрык.
- Але ж ты не расеец, - Есіп ізноў дастаў свой нататнік. Інструктаж дык інструктаж. - Любоў да Кафкі прыносіць немалыя рэальныя грошы, але трэба разумець, што яна эфемерная, як і ўсякая любоў, і трымаецца на мітах, якія часта не маюць нічога агульнага з праўдай фактаў. У Дубаўца ёсць эсэ, у якім ён тлумачыць самыя папулярныя аблуды наконт Кафкі. Слухай, яно кароткае.
- Ізноў містыфікацыя? - спытаўся Імбрык, але схамянуўся, успомніў, што ўсё ўвогуле містыфікацыя, апрача гэтага жалезнага стала на тэрасе. Есіп тым часам чытаў:
- «Знакаміты пісьменнік Франц Кафка (1883-1924) быў габрэйскага паходжання (і нават цікавіўся перасяленнем у Палестыну), пісаў свае творы па-нямецку, аднак нарадзіўся, усё жыццё пражыў і пахаваны ў чэшскай Празе. (Цікава вызначаць, чый ён пісьменнік. Калі меркаваць паводле ягонай уключанасці ў бізнес, дык найбольш і ў першую чаргу ён належыць чэхам. Калі сыходзіць з мовы, гэта атрымліваецца нямецкая літаратура. Што мяркуюць на гэты конт габрэі, я, на жаль, не ведаю). Кафка памёр ад сухотаў і ў запавеце прасіў сябра Макса Брода спаліць ягоныя рукапісы». Адчуваеш, першы матыў жаласці да Кафкі, матыў, з якога вырастае любоў?
Дык вось. «Міт першы. Калі б Макс Брод выканаў запавет, пісьменніка Кафкі папросту не існавала б. Але гэта няпраўда. Кафка і пры жыцці друкаваў свае творы ў прэсе і асобнымі кнігамі, меў прыхільнікаў і быў вядомы ў пражскіх літаратурных колах. Брод мусіў спаліць толькі адзін недапісаны раман “Замак”. Але ён яго апублікаваў».
- Дарэчы, - падняў Есіп вочы ад нататніка, - варта было б папрасіць каментар да гэтай сітуацыі ў акадэміка Радзіма, ці слушна Брод зрабіў ці не. На маю думку, «Замак» адзін з найлепшых твораў Кафкі, класіка сусветнае літаратуры, яго вывучаюць на ўсіх філалогіях. Але як расцаніць учынак Брода? Як хлусню ў імя дабра ці нешта такое? І што б мы мелі, калі б Брод не парушыў запавету? Нічога. Як не маем і тых лістоў Акутагавы і Камю, дзе яны пішуць пра Гарэцкага. Думаю, тэма вартая яшчэ аднаго адлупу ў апазіцыйнай газеце, - горка пасміхнуўся Есіп. - Але слухай далей:
«Міт нумар два. Дзеля хваробы і ранняе смерці Кафку прынята любіць і шкадаваць, таму выснова: Кафка быў бедны. А што насамрэч? Паходзіў з сям’і багатага камерсанта, вучыўся ў прэстыжных школах, жыў усё жыццё ў самым цэнтры старой Прагі. Дазваляў сабе здымаць кватэру на Златай вулічцы - як рабочы кабінет пісьменніка (дзеля цішыні і спакою, не выносіў, калі недзе скрыпяць дзверы). Можна сабе ўявіць, колькі гэта каштавала ў такім месцы. Ездзіў па Еўропе, у тым ліку ў санаторыі і на спатканні са сваімі каханкамі. Урэшце, працаваў на добра аплатнай працы.
Міт нумар тры. Кафка не ведаў шчасця кахання. Ну, каб існавала такая шкала вымярэння гэтага самага кахання, думаю, мала хто б яму дараўнаў. Прынамсі, заняты ягоны розум быў гэтай справай на ўсе сто. Так, уласнай сям’і і дзяцей ён сапраўды не меў. Але чаму? Выключна з-за свайго характару. Іншы раз заручаўся, пасля перадумваў, ізноў перадумваў і гэтак далей. Словам, напрацягу жыцця меў некалькіх заручоных.
Чацвёрты міт. Кафка - хворы. Паводле асацыяцыі з Багдановічам, калі сухотнік, дык табе капцы. Ледзьве не ад нараджэння. Але як было насамрэч? Да апошніх двух гадоў свайго жыцця хворым Кафка не пачуваўся дакладна. Улетку быў заўсёднікам гарадскіх пляжаў, а круглы год ягоную высокую постаць можна было сустрэць на шпацырах дзе заўгодна па ўсё Празе. Шпацыры па горадзе не мусілі быць карацейшымі за дзве гадзіны.
Читать дальше