«Пасля прачытання апошняй кнігі Францішка Аляхновіча (“У кіпцюрох ГПУ” адначасова выйшла на сямі еўрапейскіх мовах, першая ў свеце кніга пра ГУЛАГ. - Есіп) не бачу для сябе ніякай магчымасці заставацца ў вашай камуністычнай кампаніі. Гэтае рашэнне спялілася даўно. Цяперашняя навіна пра арышт Гарэцкага стала апошняй кропляй».
- Што, проста так Камю Сартру пра Гарэцкага і піша? - чарговы раз быў уражаны Імбрык.
- Яны тады пасварыліся на ўсё жыццё, - сказаў Есіп. - Але вось з ліста Буніна Джойсу. Слухай:
«Вашы “Партрэт мастака ў маладыя гады” і “Дублінцы” мне нагадалі мяне самога. Гэта неперадавальна. Так шмат ад Гарэцкага! Стыль! Дзівосная лёгкасць пяра і - карціны. Я нават задумаўся, каб наследаваць - як Гарэцкі ўмее ствараць візуальныя вобразы пісьмом. Увесь час шукаю выхад на гэта. А “Уліс”, даруйце, не ўразіў. Пасля табуяванай (але я дастаў) “Камароўскае хронікі”. Праўда, не буду нападаць на вас, бо пісьменніку важна быць у цэнтры ўвагі, але гэта спрацуе пазней. Гэта вельмі цяжка, але нашчадкі знойдуць “Камароўскую хроніку”, верагодна, пасля “Уліса” і акажацца, што “Уліс”, прабачце.»
- Обана! - ускрыкнуў Імбрык. - Не можа быць! Бунін пра «Уліса» і Гарэцкага. Прабачце.
- Далей болей, - чытаючы, захоўваў роўны тон Есіп. - Акутагава піша Борхесу:
«Добра вы абышліся з бібліятэкай, гэткім чынам акрэсліўшы межы таленту, пра якія мне даводзілася пісаць. Хіба што ў Гарэцкага я гэтых межаў не заўважыў».
- Ну і зусім троху засталося. Рэмарк - Прусту:
«Я заўсёды паслядоўна вызнаваў стылістыку “светлага лесу” і цяпер з цікавасцю назіраю, як іншыя пісьменнікі пераходзяць у “лес дрымучы”, быццам зусім не дбаючы пра камфорт чытача. Прымаю гэта як знакі нашага часу, як дадзенасць. Напэўна, жаданне такога пераходу нарадзілася з “Дон Кіхота”, прызнанага найлепшай кнігай усіх часоў і народаў, хоць чытаць яго ў арыгінале зусім немагчыма. Затое ўсе ведаюць, пра што ён. У найноўшым часе, я мяркую, “дрымучы лес” адрадзіў Гарэцкі ў сваіх “Дзвюх душах”. Кажуць, яны таксама нечытэльныя ў арыгінале, аднак калізія вядомая кожнаму школьніку. Напэўна, гэта нейкая зусім іншая літаратурная ліга, далучыцца да якой я, бадай, ужо не змагу».
- І апошняе, - Есіп падняў вочы, каб пераканацца, што Імбрык увесь ператварыўся ў слых. - Зноў сучаснікі. Бахарэвіч напісаў у каментах Шупу:
«Гарэцкі ў “Дзвюх душах” раскрыў сваю асабістую рэальную гісторыю, гэта бясспрэчна. Гэта ён быў тым падмененым у немаўленстве шляхцюком. А Кафка, Гашак, Джойс, Бунін і іншыя напісалі з гэтага свае творы. (Пройдзе яшчэ паўсотні гадоў, і на “Дзвюх душах” вырасце цэлы свой Балівуд:)) Ну канечне, засланыя палітрукі з усёй іхняй вузкалобасцю, злосцю і некаленапрыклонствам перад Захадам будуць нам зацята даказваць, што Джойсы-Буніны-Кафкі Гарэцкага не чыталі. Але чаму яны ўсе растуць з яго, як з гогалеўскага шыняля? Загадка прасторы і часу! Будзьма са сваім».
Есіп стараўся вытрымаць эфектую паўзу як найдолей, але Імбрык гэтым разам яму не падыграў.
- Толькі ж гэта містыфікацыя, не? Гэта ўсё сам Дубавец і прыдумаў?
- сказаў ён, страчваючы надзею.
- Акадэмік Радзім Гарэцкі, пляменнік пісьменніка, таксама зрабіў такое дапушчэнне, - лектарскім тонам сказаў Есіп. - На нейкай канферэнцыі ці ўрачыстасці з нагоды дзядзькі ён з гонарам і радасцю цытаваў тэкст Дубаўца. Пасля нехта адвёў яго ў бок і акуратна намякнуў на легкавернасць, ну ці як гэта намякаюць акадэмікам, не ведаю. Ясна, што акадэмік Радзім зараз жа ўскіпеў не на жарт, як той вулкан, і выбухнуў артыкулам у апазіцыйнай газеце: ды як жа так, ды дзе ж сорам, ды дзядзька быў самы-прысамы рэаліст-прарэаліст! Хоць, дарэчы, у апошнім сцверджанні снарад другі раз патрапіў у тую самую варонку. Максім Гарэцкі быў унікальным містыфікатарам. Згадаць тую ж кніжку «Адвечным шляхам», якую ён напісаў прычэпам пасля «Дзвюх душ» і якая загадкавым чынам прыпісваецца сёння Ігнату Канчэўскаму, дый шмат чаго яшчэ.
- Але.
- Але далей самае цікавае, - уваходзіў Есіп у азарт. - Успомні, з якім захапленнем цытаваў акадэмік Радзім тыя лісты пісьменнікаў, імёны якіх ва ўсіх на слыху. Ягонага сярмяжнага дзядзьку, якога дагэтуль ён сам, акадэмік, у глыбіні душы залічаў да выдатных, але ўсё ж беларускіх пісьменнікаў, то бок сваіх, працягні руку - памацаеш, ясна, што да сусветных высотаў яны не дацягваюць, бо проста не могуць дацягваць, як і ўсе мы тут, акадэмікі, як і ўся наша Беларусь з яе мовай і культурай. Дык вось, гэткага ягонага дзядзьку абмяркоўваюць пісьменнікі першае велічыні! Проста шок! Пра нашага Гарэцкага кажуць Рэмаркі з Джойсамі, ды так пераканаўча кажуць і з такой павагай. Ушчыкніце мяне, ці я сплю?.. У момант цытавання акадэмік Радзім быў самым шчаслівым чалавекам на свеце, нібы споўніліся тры ягоныя самыя запаветныя жаданні.
Читать дальше