Фі-ні-шшш...
- Божа, як банальна, - Есіп устаў з зямлі, рэзкім рухам абтрос калашыны. - Што б вы 12+ рабілі без нас, пярэстаркаў? Ну нічога не могуць зрабіць. Я як рэдактар раз’ятраны. Якая бездапаможнасць! Якія загалоўкі! Абракадабра. Ну вазьмі, чуеш, сам скажы сабе, пра што ты пішаш. Проста сфармулюй. Пра што? Не пішы, толькі падумай, пра што ты хочаш напісаць. Скажы мне яснай думкай. Гэта і будзе за-га-ло-вак. І ўсё! Далей проста не замінай, увесь матэрыял сам складзецца ў цябе ў прыгажосць.
- Гэта містыфікацыя. - прашаптаў Імбрык.
- Да-а-а! - крыкнуў Есіп па-руску. - Гэта пласты атмасферы, і трэба хоць трохі ўмець у іх рухацца. - І спакайней дадаў: - Я ж не сказаў стоп-машына і што хачу памерці, праўда? І што ты хочаш памерці, не сказаў. А мог!
Заварожаны Імбрык думаў з хуткасцю касавага апарата:
- І што, у нас цяпер куча грошай?
- У нас няма матэрыяльных праблем.
- І беларускі народ вернецца да мовы?
- Нідзе не дзенецца. Пабоўтаецца яшчэ трохі, але іншага выйсця ў яго няма.
- Здорава! - сказаў Імбрык. - А чаму вы такі злы, не радуецеся?
Есіп паглядзеў на яго вострым вокам, адвярнуўся, закурыў і сказаў:
- Ведаеш, тое, што ўсё добра, я ведаў і раней. Усё ішло паводле плану. Найлепшым чынам для мяне, для цябе, для ўсіх. Я ў гэтым ніколькі не сумняваўся і мы ўсе рабілі сваю работу. Але тут раптам усё збілася. Аказалася, што Пракоп на рэстаўрацыі. Гэта значыць, што д’ябал не запрэжаны ў плуг, д’ябал гуляе недзе сам па сабе без ашыйніка. Пакуль ты там бавіўся з Настай, я тэлефанаваў Абламейку. Ён сказаў, што арыгінальны Пракоп цяпер знаходзіцца ў нейкім спецыяльным сховішчы скульптур. І што ён больш ніколі не вернецца на сваё месца, на Карлаў мост. Ні-ко-лі!
Эмоцыі перапоўнілі Імбрыка. Гэты палёт, гэты Есіп зноў і гэты Пракоп. І ён узарваўся:
- Што значыць «пакуль я бавіўся з Настай», гэта вы з ёй бавіліся, вы яе трахалі, пакуль я чытаў вашага гробанага Дубаўца. Што значыць увесь гэты, блін, Пракоп? Чаму я павінен пра гэта думаць? - ад стрэсу Імбрык заплакаў.
- Пракоп, - аддыхаўшыся, сказаў Есіп, - ці, дакладней, прапажа Пракопа, калі табе гэта цікава, для мяне самы важны аргумент, што я сваю місію, наколькі мог, выканаў. Тут у Празе я больш ні на што паўплываць не змагу. Я ўвесь час думаў пра Пракопа. Ты, хрысціянін, мусіш ведаць словы Папы: кожны хрысціянін і ёсць Хрыстос. Дык я сам для сябе і быў Пракоп. Але больш Пракопа, якім яго бачыў Кафка на Карлавым мосце, няма. І не будзе ніколі. Я вяртаюся ў Беларусь.
«Вось табе маеш, - падумаў Імбрык, і нешта новае нараджалася ў яго ў душы, - ён вяртаецца, я застаюся». І цяжка было адразу сказаць, чаго ў гэтым болей - нейкай глыбокай таемнай радасці або злосці. Імбрык пачынаў разумець, што злосці няма. Няма больш ні раздражнення, ні ярасці, ні рашучасці знішчыць Есіпа. Апошнія яскі гэтых пачуццяў згасалі перад наступам той самай асцярожнай, але вельмі глыбокай радасці жыцця.
Яны моўчкі пляліся з прыступкі на прыступку па лесвіцы, што вяла наверх, назад да Нусельскага моста. Гаварыць не хацелася, бо столькі трэба было ўсяго перадумаць у сябе ў галаве. Здавалася, усё толькі пачынаецца, у Імбрыка, у Есіпа, ва ўсіх навокал. І лесвіца, гэтая каменная лесвіца ў неба, што ніяк не сканчалася, быццам іх супакойвала: не спяшайцеся, я дам вам час усё перадумаць, усвядоміць і асэнсаваць. Я бясконцая.