- А Гарэцкі - вялікі? - спытаўся Імбрык. - Вы казалі, што разам з дачкою чытаеце Гарэцкага і ён ад гэтага робіцца блізкім і страшным, а калі далёкі, дык успрымаецца як вялікі.
- Гарэцкі не меншы за Кафку, - усміхнуўся Есіп. - Яны, дарэчы, былі завочна знаёмыя. Прынамсі, такую выснову зрабіў Дубавец, які даследаваў перапіску еўрапейскіх пісьменнікаў пра Гарэцкага. Вось паслухай, гэта не доўга. - Ён разгарнуў нататнік, у якім старонкі былі шчыльна спісаныя ад рукі. Зрабіў паўзу і пачаў чытаць. - Гэта цытаты з лістоў. Кафка звяртаецца да Рэмарка:
«Дарагі Эрых,
Вы напісалі выдатны раман “На заходнім фронце без перамен”. Я ў захапленні. І найперш я захоплены тым, што і па-нямецку магчымы твор такога кшталту, якім раней здзівіў нас усіх Максім Гарэцкі. Разумею, што Ваша кніга натхнёная яго раманам “На імперыялістычнай вайне”. Я зусім не ведаю, што там адбываецца ў таямнічай краіне пад назвай Беларусь, але шчыра рады, што і наша літаратура можа вырабляць такія штукі ў жанры ваеннай прозы».
Двое супрацоўнікаў грузінскай службы Радыё ўважліва пазіралі на Есіпа і Імбрыка, магчыма, да іхняга слыху даляцелі знаёмая імёны класікаў. Спешнай хадою міма прайшоў дырэктар: «Рыхтуйцеся, джэнтльмены».
Адна з косаўскіх албанак вярнулася з буфету за столік да сяброўкі з дзвюма порцыямі марозіва.
- А вось Канчэўскі піша ўжо самому Гарэцкаму, - працягваў Есіп:
«Увесь час працы над маім “Адвечным шляхам” мяне не пакідала ўражанне, што Абдзіраловіч - гэта я сам. Пытаюся Вашага дазволу выкарыстаць гэтае імя як мой псэўдонім, пры тым адчуваю, што такое рашэнне ўжо прыняў сам лёс».
«Адвечным шляхам» - культавая кніжка ў бацькоў Імбрыка. Яму самому яна падалася нуднаватай і не зусім карыснай, бо там больш ставілася пытанняў, чым давалася адказаў. Ну і агульны настрой - песімістычны, амаль безнадзейны што да будучыні Беларусі і беларусаў, да якіх ніколі не стануць па-сапраўднаму прыязнымі ні Захад, ні Усход. Тым не менш, Імбрык ведаў пра гэты твор, як і пра астатнія кнігі, пра якія згадвае Есіп. На нейкі час яму станавілася цікава.
- Яшчэ адзін пражанін, Гашак, піша Кафку, - чытаў Есіп:
«Агульнавядома, Франц, што камунізм прыдумалі габрэі. А літаратуру ХХ стагоддзя - Гарэцкі. Мяне шчыра ўразілі ягоныя “Дзве душы”, фантастычны раман, у якім відаць і твае людзі-кузуркі, і гэты пякельны “Уліс” Джойса, пра які ўсе цяпер гавораць. Я, між іншым, бываў у Беларусі і магу пагадзіцца з думкай, што літаратуру прыдумалі там. Калі не, з чаго б там акапацца старажытнаму Герадоту? Ну і Біблію яны надрукавалі па-свойму раней за ангельцаў. Быў у Гутэнберга такі прыяцель, як жа яго звалі? Як корачка на хлебе. Ну, хай будзе Корачка - вельмі па-нашаму гучыць. І надрукавалі яны беларускую Біблію ў нашай Празе. У іх нейкая паталагічная цяга ўсё на свеце хапаць, засвойваць і ўсяму ўсіх вучыць».
Тут да Імбрыка дайшло: «Дык гэта ж пра нас, пра беларусаў - як пра вялікіх! - уразіўся ён. - Трэ будзе абавязкова гэта ўсё адшукаць ці перапісаць у Есіпа. Вось бы я такое расказаў сваім ліцэйскім, гонару было б! І ніякіх комплексаў! Ніякіх табе сціплых, талерантных, памяркоўных.»
- Далей з ліста сучаснікаў. Харэўскі піша Антаняну:
«Дружа мой, мілы хачык. Сёння наш рэдактар назваў славуты раман Максіма Гарэцкага “Віленскія камунары” “Віленскімі кулінарамі”. Але ты не крыўдуй на яго. Там сапраўды так шмат кулінарыі, іншы раз здаецца, што галоўны герой нічога не робіць, толькі есць, прычым - смачна. Я не кажу пра фуагра і міндалі ўсякія (ты ж ведаеш, я сам кухар), але і вараныя пацукі, аказваецца, у нейкі час прыдаюцца. Неверагодна. Твой С.»
Харэўскага Імбрык ведаў. Хто ў Менску не ведае Харэўскага! Харэўскі не аднойчы прыходзіў да ягоных бацькоў. Яго заўсёды цікава было слухаць. Але цяпер Імбрыка адназначна турбавала іншае. Гарэцкі. Ён паўставаў з гэтых лістоў як рэальна вялікі, проста як вялікі Вітаўт. Хоць, з іншага боку, вялікі Гарэцкі, на вычуванне Імбрыка, гучала не зусім забойна і брэндава. Можа быць, ад нязвыкласці. Ці ад таго, што прозвішча надта звычайнае? Ды нічога яно і не звычайнае, чыста беларускае, не зблытаеш. Не тое, што Быкаў ці Арлоў, якіх Імбрык таксама бясспрэчна паважаў з маленства.
- Гэта не ўсё, - сказаў Есіп, ухвальна назіраючы, якая актыўная работа адбываецца ў галаве Імбрыка. Спрабуе, відаць, прымераць Гарэцкага на ролю вялікага. На тое і разлічана, падумаў ён, і працягваў. - Пачынаецца цяжкая артылерыя. Камю піша Сартру пра тое, чаму ён выходзіць з кампартыі:
Читать дальше