Імбрык кіўнуў, ягоны позірк блукаў па наваколлі і цяжка было зразумець, ці ён пераварвае пачутае, ці разважае пра нешта сваё. Есіп зрабіў замову і працягваў:
- Тое самае з вобразам дзяцінства. Ён нараджаецца ў тваім горадзе і ў тваёй душы, суіснуе адначасова і там, і там. Камусьці такая суладнасць даецца на ўсё жыццё, а хтосьці, такі, як я, пачынаю заўважаць, што ў горадзе Менску майго вобразу дзяцінства ўжо даўно няма. Нават цяжка з нейкіх урыўкаў водсветаў, пахаў, адценняў, музыкі скласці хоць бы фрагмент. Рэстаўраваць немагчыма, бо ў Менску яго папросту не стала. Ні на Круглай, ні ў дварах, ні ў пад’ездах, ні на ўзбярэжжы ракі. Я шмат дзе шукаў, але не знайшоў. Ён застаўся толькі ў маёй душы, разумеет? Чаму менчукі так любяць хаця б на дзень з’ездзіць у Вільню? Без усялякай мэты. Таму што ён там ёсць, і вобраз дзяцінства, які жыве ў душы, сустракаецца з вобразам, які жыве ў горадзе. Ад гэтага проста экстаз можна атрымаць. Аднойчы я нават у Лондане набрыў на менскі праспект майго дзяцінства. Ды што ў Лондане. Нават у Вашынгтоне выйшаў на такі самы праспект з тралейбусамі. А ў Менску гэтага ўсяго ўжо няма. Ёсць, натуральна, і дамы, і праспект, і тралейбусы, але духу майго дзяцінства няма. Што праўда, і Круглая ўжо не круглая, і ў дварах пабудавалі высоткі... Цяпер ты разумеет, што мяне жывіць у Празе. Аднак аднаго вобразу дзяцінства, як бы ён ні спрыяў твайму існаванню, для эміграцыі недастаткова. Я пра сябе кажу.
Яны памаўчалі, акурат прынеслі другое піва. Імбрыку захацелася змяніць тэму, і яго пацягнула на показкі. Есіп з задавальненнем слухаў хіты сезону з Бацькаўшчыны. Показкі былі пра сэнс жыцця. Асабліва Есіп смяяўся з першай.
«У цягніку ў адным купэ едуць святар і бізнесовец. Бізнесовец адкрыў ноўтбук, засяродзіўся, пачаў працаваць з дакументамі. Святар паглядзеў на яго, падумаў і кажа: - А ці не прагуляцца нам, сын мой, да вагона-рэстарана, паглядзець, што ў меню. - Не, бацюшка, я не галодны, - адказвае ўвесь заглыблены ў працу бізнесовец. Святар ідзе ў рэстаран адзін. Праз гадзіну вяртаецца расслаблены, задаволены, усміхаецца, у руцэ бутэлька каньяку: - А ці не пакаштаваць нам, сын мой, гэтага пяцізоркавага напою? - Не, бацюшка, прабачце, я не п’ю, - адказвае бізнесовец, ён увесь у працы, яўна падганяе дэдлайн. Святар налівае сабе шклянку і са смакам выпівае. Выцірае вусны, выходзіць у калідор. Мінае пятнаццаць хвілінаў, і святар заходзіць назад: - Праз адно купэ ад нас, сын мой, дзве маладыя міранкі едуць. Можа, зазірнем да іх на госці, пагаворым пра высокае? - Не, бацюшка, я жанаты, і з дакументамі працаваць трэба, - кажа бізнесовец і зноў заглыбляецца ў ноўтбук. Святар бярэ са стала адпітую бутэльку каньяку, выходзіць. Вяртаецца ўжо пад раніцу, задаволены, як марцовы кот. Змораны бізнесовец, які ўвесь гэты час працаваў з дакументамі, падымае на яго вочы: - Скажыце, святы айцец, як жа так? Я вось не п’ю, не куру, трымаю маральнае аблічча. Працую як вол. Няўжо я няправільна жыву?
- Правільна, сын мой, - уздыхае святар. - “Но зря”».
Адсмяяўшыся, Імбрык, каб не губляць спрыяльнае ўвагі, адразу перайшоў да наступнай показкі:
«Памірае чалавек, трапляе да Бога і кажа: - Маю, Божа, толькі адно пытанне. Я пражыў доўгае жыццё ды так і не зразумеў, у чым быў ягоны сэнс? - Табе напраўду трэба гэта ведаць? - пытаецца Бог. - Вельмі трэба.
- Добра, сын мой, я раскажу... Помніш, у 1973 годзе ты ехаў у цягніку Адлер-Рыга? - Э-э. ну.. - І ў купэ ты пазнаёміўся са спадарожнікамі. - Напэўна... - І вы разам пайшлі ў вагон-рэстаран. - Так. - І за суседнім столікам сядзела жанчына. - Цалкам можа быць. - І яна папрасіла цябе перадаць соль. - Ну. - І ты перадаў ёй соль. - Перадаў. - Ну дык і вось!»
Імбрык зноў гучна рагатаў - так, як, ён чуў, рагочуць на тэрасе Радыё, а Есіп толькі ўсміхнуўся і пасля, наадварот, зрабіўся сур’ёзным. Што прымусіла Імбрыка пасур’ёзнець таксама.
- Насамрэч, гэта мой жыццёвы план, - сказаў ён, - каб «не зря» і каб усё не звялося да ідыёцкага «перадаць соль».
Есіп маўчаў, разглядаючы салонку ў сваіх руках, пасля сказаў:
- Гэта не ідыёцкае. Я так думаю. Гэта вельмі глыбокая прыпавесць. Бо ў гэтым і ёсць сэнс, сутнасць, соль жыцця - перадаць энергію. І ўсё, што мы робім сэнсоўнае, гэта калі мы перадаем соль. Тут цябе ўводзіць у зман тое, што ў сітуацыі з героем показкі ўсё выглядае знешне мімалётна, у нейкім даўно забытым эпізодзе, але гэта ні на што не ўплывае. Сэнс застаецца сэнсам. Згадай банальнасць пра пасадзіць дрэва, нарадзіць дзіця, збудаваць дом. Гэта ўсё перадача энергіі. Ты гэта робіш, і ток бяжыць па гэтым чалавечым варушэнні далей.
Читать дальше