— І выходзіць, пан Лёднік пакуль самому князю патрэбны, — сцвердзіла Дамініка. — Хто лепш распавядзе, як зладжаны карабель?
— Праўда… — Пранціш трохі супакоіўся, і пані Саламея справілася з адчаем.
— Значыць, Лёдніка возьмуць на паляванне за вадзяным змеем… Даведацца б яшчэ, як Гагарын плануе ехаць у Санкт-Пецярбург! Вайна ж, з-за сутычак мяняюць маршруты…
— Ну, паспрабуем даведацца!
Дамініка пабудзіла бацьку, які салодка драмаў у віры чужой драмы.
— Пакуль сядзеў на гаўптвахце — чуў, як радуюцца ахоўнікі, што Дзюмур’е ўзяў Кракаў. І казалі, што князя Багінскага ён папрасіў выпраўляцца на Смаленск. А што тычыць маскоўцаў, дык Пятро Іванавіч дакладна абяцаў заехаць у Капанічы на зваротным шляху! — упэўнена адказаў пан Валенты і прыўзняўся. — Дарэчы, час і нам туды адпраўляцца… Што бунтаўнікі там нарабілі — падумаць страшна…
І абсёкся, кінуў тужлівы погляд на дачку: яна ж цяпер ад яго не залежыць, а мусіць ісці за мужам-канфедэратам… Але нежаданы зяць супакоіў:
— Едзьце заўтра з Дамінікай, толькі найміце, дзеля Бога, слуг, ахову — князь Багінскі дастаткова грошай даў. А я паскачу цяпер — мне трэба сябра ратаваць…
Паніч Алесь прыбег з картай і цвёрдым жаданнем далучыцца да пошукаў бацькі. Толькі маленькая Сафійка ўсё гэтак жа гулялася са сваім мікраскопам, пакручваючы ягоныя колцы і спрабуючы разглядзець праз хітрыя шкельцы той казачны свет, дзе ні ў воднай дзяўчынкі не знікаюць бацькі…
У паўцёмнай вітальні, калі Пранціш застаўся сам-насам з жонкай, яна спыталася ціха:
— Вы адзін. Што вы можаце зрабіць? Гэта ж вельмі небяспечна… Ідзе вайна…
— Вох, мая пані, каб вы ведалі, як шмат можа зрабіць адзін чалавек! — белазуба ўсміхнуўся Пранціш. — Пачытайце хаця б Плутарха…
Дзесь у пакоях то згасаў, то разгараўся звонкі смех Сафійкі. А на вуліцы, за дзвярыма, жыло звычайным жыццём места васямнаццатага стагоддзя. Гарлалі, прапаноўваючы тавар, булачнікі, малочнікі, галантарэйшчыкі, рыбары і гарбары… Стукаў малаток збройніка, лаяўся балагол, вадзіў па бясконцых пакутах Дароту лірнік. Грукаталі па брукаванцы колы вазоў, таратаек і карэтаў. Сярдзіліся сабакі, абвяшчалі перамогу над цемрай пеўні, зноў білі званы на Святой Сафіі, абпаленай пажарам…
— Пастарайцеся вярнуцца… Мы ж яшчэ не прайшлі да канца нашу куртуазную гісторыю!
Дзяўчына глядзела без ценю насмешкі. Вырвіч пацалаваў тонкую цёплую руку.
— Для вас прасцей будзе, калі мяне заб’юць, Дамініка. Выйдзеце тады замуж, за каго захочаце.
— Ну вось, кажуць, што гэта жанчынам уласціва цану сабе набіваць! — угневалася Гараўская. — Магу прысягнуць, вашамосць зараз хацеў пачуць мае запэўніванні, як баюся вашай гібелі, ды як вы мне дарагі ў жывым стане… А я не катрынка, каб граць тое, што замовяць! У мяне ўласнае меркаванне ёсць. Паміраць ён сабраўся…
Панна схапіла мужа за каўнер, прыцягнула да сябе…
Цалавацца Гараўская, вядома, не ўмела… Затое Пранціш умеў.
— Падобна, наш раман паспяхова развіваецца? — прашаптаў ён праз незлічоны час.
— Я не дарую вам, калі ён не дойдзе да шчаслівага фіналу, — шапнула ў адказ задыханая, пачырванелая Дамініка.
І дадала вельмі сур’ёзна:
— Я буду вас чакаць.
Так Пенелопаў у гэтым бурлівым свеце стала больш.
Хаця Адысеі ў ім сустракаюцца куды часцей, і Пенелопаў на ўсіх іх ніколі не хапала.
Раздзел адзінаццаты
ДВУБОІ ЧОРНАГА ДОКТАРА
Леанарда да Вінчы сцвярджаў, што існуе такі звер катаблепас. Ягоны пагляд забівае чалавека дакладней гарматнага ядра ў лоб. Вось толькі зрабіцца ахвярай катаблепаса трэба яшчэ схітрыцца, бо яго галава настолькі цяжкая, што небарака не можа яе прыўзняць ад зямлі.
Пранціш Вырвіч гэтай сонечнай веснавой раніцай адчуваў сябе гэткім няўклюдным катаблепасам — галава трашчыць ад недасыпу, хіліцца долу, цяжкая, як цабэрак, пры гэтым злосць у душы так і віруе, так бы і спапяліў каго паглядам… Начавалі ў нейкай адрыне, на гарышчы, мерзлі. І Вырвіч, ледзь-ледзь прадраўшы вочы, спрасоння так ляснуўся лбом аб нізкую бэльку, што цяпер мімаволі рука цягнулася памацаць гузак.
Абранец са знакам у лбе, разумееш… Толькі і камандаваць такім атрадам, які ў яго зараз: аж два ваяры ў падначаленні, падлетак ды аптэкар.
Вырвіч тужліва азірнуўся. Давыд, у насунутым на самыя вочы чорным мятым капелюшы, не вельмі зграбна сядзеў на бела-плямістым паслухмяным кані ды нешта сабе напяваў пад нос на французскай мове… Аптэкар нечакана далучыўся да драгуна на выедзе з Полацка. Маўляў, пасля бурлівага жыцця Францыі засумаваў, дык чаму б не пашукаць дзядзьку Бутрыма? Жаўнер з нядаўняга студэнта-фармацэўта наўрад быў важнецкі, хіба для кампаніі…
Читать дальше