Але азваўся і ён:
— Затое віншую, вашамосць князь Багінскі, вы па ўласнае волі і нават з зайздроснай настойлівасцю парадніліся з панам Пранцішам Вырвічам, які цяпер ёсць законным мужам вашай роднай пляменніцы!
І праўда… Вырвіч з цяжкасцю збіраў думкі, якія мітусіліся, як мурашы ў раскіданым мурашніку. Ён усё-ткі парадніўся з Багінскімі! Калісьці марыў дабіцца сястры князя, Паланэі, але мара так і засталася марай… І ажаніўся з яе… пляменніцай, выходзіць! Та-ак, цяпер ясна, у каго ў панны Дамінікі такі ўладны характар. Усе сёстры князя Міхала Казіміра былі амазонкамі.
Багінскі схапіўся за галаву, ажно ад парыка паляцела воблака пудры. Павярнуўся да свайго канфідэнта.
— Ватман, каб цябе халера! Чаму не папярэдзіў?
Разгубленае аблічча белавалосага волата сузіраць было надзвычай прыемна.
— Ваша княская мосць, каб жа я ведаў! А жаніцьбу вы самі прыдумалі.
Князь Багінскі разгублена таптаўся перад маладажонамі: вестка пра выяўленае сваяцтва магната з нявестай, якую перадавалі шэптам, ужо абляцела ўвесь маёнтак. А для шляхцюкоў гэта значыла, што выпіўка на вясельным піры будзе яшчэ пышнейшай.
— Дзядзечка, дазвольце нагадаць, што мой пан-бацька Валенты Гараўскі, ваш швагер, — Багінскі ледзь не падскочыў ад гэтага вызначэння, — зняволены ў Полацку ягамосцю гетманам польным Аляксандрам Сапегам. А нам блаславенне атрымаць трэба…
— Няёмка неяк, вашамосць, што ваш швагер і на вяселлі дачкі не пабыў, і ў вязніцы зараз сядзіць, — дадаў сваё Лёднік.
Князь разгублена азірнуўся яшчэ раз на Ватмана, той мог толькі паціснуць плячыма. Вядома, магнат — сам сабе закон, але Багінскі, на шчасце, не быў ні Геранімам Радзівілам, які быў здатны ўласнага брата на ланцугу трымаць, ні Пане Каханку, што ў п’яным шале мог давесці жорсткім жартам да смерці нават блізкага сябра. У гневе князь Багінскі доўга трываць не мог і астываў, як кінуты ў халодную ваду выкаваны цвік, з жаласным шыпеннем. І вельмі даражыўся славай прасветленага, прагрэсіўнага ўладара, шчодрага мецэната, апекуна музаў.
— Добра, добра… Я дару сваёй пляменніцы ў гонар яе вяселля тысячу залатых, карэту з коньмі і куфэрак перлінаў ружовых, які дастаўся мне ад бацькі майго. Пану Вырвічу… — падумаў, перабіраючы ў галаве, чаго не шкада, — маёнтак Гаруны і лес пры ім. А таксама даю ліст на вызваленне з вежы пана Валенты Гараўскага.
Апошнія словы князя патанулі ў віватах: цяпер ніхто не сумняваўся, што ягамосць Багінскі не паскупіцца на вясельнае застолле для сваёй пляменніцы нават у такіх паходных умовах… Бедныя, бедныя ўладары гэтага маёнтка і герба Анцута!
— Вашамосць, мы зацікаўленыя як найхутчэй паехаць да нашага шаноўнага пана-бацькі! — Пранціш не збіраўся радавацца раней часу.
— Што, нават на ўласнае вяселле не застанецеся? — здзекліва папытаўся Ватман. — І на шлюбную ноч?
Панна Дамініка прыжмурыла злосна вочы:
— Для мяне зараз самае важнае — вызваліць бацьку!
На дзіва, князь, пашаптаўшыся з Ватманам, не стаў пярэчыць.
— Што ж, чаркніцеся з гасцямі, пацалуйцеся — і можаце ехаць, «сваячкі»…
Багінскага ажно перасмыкнула, калі вымаўляў апошняе слова.
— А доктар яшчэ ў нас пагасцюе трошкі! — мадэмуазэль д’Асэ разняволена кранула кончыкам складзенага веера плячо Лёдніка, які, мяркуючы па адсланёным твары, думкамі панёсся ўжо ў родны Полацак, да Саламеі ды дзетак…
— Гэта яшчэ чаму? — падазрона папытаўся Вырвіч.
— А таму! — насмешна ўлез у размову Ватман. — Князь Багінскі ясна ж сказаў: заўтра важная медычная кансультацыя! Да таго ж вы са сваёй жаніцьбай, пан Вырвіч, нам усе планы паламалі. А падводны карабель па-ранейшаму ў расейцаў. Таму давядзецца выкарыстоўваць іншыя шляхі, а хто ў нас галоўны знаўца вадзянога змея? Вось ён!
Найміт тыцнуў пальцам у Лёдніка.
— Я не пакіну яго… — пачаў Вырвіч.
Але Бутрым схапіў драгуна за грудкі, нахіліўся блізка і зашаптаў:
— Ты зараз не павінен пакідаць сваю маладую жонку! Пакуль выпускаюць — звозь яе!
І дадаў, ужо адхіліўшыся, з прыхаванай тугою:
— Перадай Саламеі, што я яе кахаю! І пацалуй за мяне Сафійку і Алеся…
Вырвіч і сам выдатна разумеў, што ягоны доўг — выратаваць дзяўчыну, што яму даверылася… Але невыносна было пакідаць тут Бутрыма, Адысея, які праз пару дзён мог бы абняць сваю Пенелопу. Адразу ўспаміналася, як тады, у Манпелье, у доме дэ Варда, Бутрым сам зашчоўкнуў на сабе рабскі ашыйнік узамен за волю свайго малодшага сябра…
Дзесьці каля дома пачалася страляніна і крыкі «Віват маладым!», «Віват князю Багінскаму!». Хутка тут загудзе застолле, а нехта абавязкова счэпіцца ў двубоі…. Што ж за шляхецкая бяседа без двубоя? Пэўна, крумкач са старой ліпы даўно кудысь зляцеў… А можа, у прадчуванні хуткай здабычы, затаіўся ў пераплеценым голлі ды вычыквае?
Читать дальше