— Мы зараз жа пойдзем да князя Багінскага! Я ўпаду ў ногі ягамосці князя і буду прасіць выправіць непаразуменне і дазволіць мне з маёй каханай нявестай пакінуць гэты дом! Патрабую суда вялікага гетмана!
Шляхціцы, якія з цікавасцю назіралі ўвесь гэты драматычны спектакль, дружна падхапілі патрабаванне пана-брата. Тым больш Ватмана, чужынца, тут дужа не любілі і рады былі чарговы раз торкнуць белавалосага носам у няведанне сармацкіх звычаяў.
— Да гетмана! Няхай рассудзіць! Пан харужы мае права абараняць сваю нявесту! Няма чаго нашых кабетаў расейцам аддаваць! Да гетмана!
Цёплая рука панны Дамінікі трохі ўздрыгвала ў руцэ Вырвіча, але сама паненка, здаецца, з радасцю бегла па калідорах маёнтка за сваім выпадковым жаніхом — відаць, нацярпелася дзяўчо ў палоне, прыслухоўваючыся гадзінамі да гучных п’яных выкрыкаў ды грукатаў. Толькі паспела прашаптаць па дарозе:
— Яны пана-бацьку ў Полацак звезлі, у вежу пасадзілі, за тое, што маскоўцам дапамагаў… Папрасіце, пан Вырвіч, каб тату выпусцілі!
Бач, не пра сябе думае, пра бацьку!
А Ватман ішоў за натоўпам, які збіраўся як бы сам па сабе, бо сведкі радасна дзяліліся цікавай сітуацыяй з сустрэчнымі, і ціха, але выразна лаяўся па-нямецку.
Князь Міхал Казімір Багінскі напачатку зрабіў выгляд, што нічога пра выкрадзеную дзяўчыну не ведае. Ясна, збіраўся, калі што, гнюснае злачынства зваліць на свавольства Ватмана. Потым разышоўся, як Ігналя на вечарынцы.
— Такога нахабнага шалберства я не пацярплю! Яшчэ гадзіну таму ў пана ніякіх нявестаў не мелася, а цяпер на табе! Здрайцы! Колькі вам Гагарын заплаціў?
Князя насмеліўся абарваць доктар Баўтрамей Лёднік.
— Згадзіцеся, ваша княская мосць, выкраданне ды гвалтоўнае ўтрыманне пад замком шляхцянкі шкодзяць гонару вашае княскае мосці. Затое калі вы дапаможаце з’яднацца закаханым, гэта праславіць вас, як высакароднага уладара…
— З’яднацца?! — злосна перабіў доктара князь і абвёў вачыма зацікаўленых слухачоў — нават прыслуга павысоўвалася ў залу, каб паглядзець развязку. З кута з мілай усмешкай цікаваў святар, у якім Вырвіч беспамылкова пазнаў езуіта.
Д’Асэ стала каля левага пляча князя і абмервала зайздрослівым поглядам постаць нявесты: у жанчыны заўсёды абуджаецца гэтая мімавольная зайздрасць, калі іншую хочуць весці да алтара, няхай той жаніх куды бяднейшы і менш цікавы, чым твой каханак.
— Вы што, верыце ва ўсе гэтыя сантыменты?
Князь Багінскі пачаў усведамляць, што пасля з’яўлення столькіх сведкаў яму будзе цяжка адправіць чужую нявесту да князя Гагарына.
— І ты, Вырвіч, гатовы хоць сёння ажаніцца з гэтай паненкай?
— Нам трэба блаславенне яе бацькі, пана Валянціна Гараўскага, — цвёрда прамовіў Пранціш, адчуўшы ўдзячны поціск рукі панны Дамінікі. — Ці нельга прывезці яго сюды?
— Зноў хітрыкі? — Багінскі раз’юшана махнуў рукой, ажно белыя карункі манжэтаў затрапяталі ў паветры, як матылі. — Ваша шчасце, што я слова даваў, не рабіць вам шкоды. Блаславенне вам трэба? Я — вялікі гетман, магу і шляхецтва надаць, і на шлюб блаславіць. Што, пойдзеце зараз жа пад вянец, калі вы так ужо адзін аднаго кахаеце? Не? Так я і думаў…
— Я згодная! Калі ягамосць князь Багінскі таго хоча — хай так і станецца!
Цёмныя вочы паненкі гарэлі выклікам і адчаем. Вырвіч трохі разгубіўся. Лёднік, на якога ён зірнуў у пошуку парады, толькі прыўзняў бровы: вырашаць табе, хлопец.
Але ён ужо даўно не хлопец. Ён — мужчына, ваяр, і павінен абараніць даму, якая яму даверылася, нават калі для гэтага трэба лізаць распаленыя патэльні альбо… ісці пад вянец.
— Палічу за гонар і за шчасце!
Невядома, як вырашыў бы князь, які слаба верыў у раптоўнае жаніхоўства драгуна, але шляхта загула: «Віват жаніху і нявесце!», адчуўшы падставу для слаўнага застолля. А д’Асэ ажно пляснула ад захаплення ў ладкі:
— Ах, як гэта рамантычна! Я падбяру для нявесты сукенку са свайго гардэроба! Мадэмуазэль, вядома, не такая таненькая, як я… — на гэтую з’едлівую заўвагу францужанкі панна Гараўская нават броўкай не варухнула. — Але замацуем шпількамі, і атрымаецца выдатна! Якая інтрыга! Гэта ж гатовая п’еса для вашага Слонімскага тэатра, мой князь!
— Шлюб — сакральнае таемства, а не п’еса, ваша княская мосць, — умяшаўся езуіт, усмешка больш не прыкрашала ягоны твар з мяккімі рысамі, а светлыя вочы з прыпухлымі павекамі пазіралі з праведным асуджэннем. — Да шлюбу трэба рыхтавацца, атрымаць бласлаўленне бацькоў…
Читать дальше