У калідоры, сцены якога прыкрасілі недарагім зялёным паркалём, бадзяліся п’яныя гаманлівыя жаўнеры, шукаючы хто бутэльку віна, хто прыгожанькую пакаёўку, хто — кампаніі перакінуцца ў карты. Шпегі ў суправаджэнні графа Пянткоўскага падышлі да апошніх дзвярэй. Ля іх, седзячы ў плеценым крэсле, вартавала санлівая таўсманая цётухна ў каптуры і капоце, падобная да аканомкі. Кабеце дапамагаў жаўнер з рудымі вусамі, чыя роля была адганяць цікаўных, якія могуць не паслухацца цёткі.
— Адчыняй!
Кабета абыякава і паслухмяна забразгала ключамі.
Пасярэдзіне невялікага пакойчыка, паміж вузкім ложкам пад балдахінам з таннага, заседжанага мухамі, цюлю і маленькім столікам на адзінай вітой ножцы, ганарыста выпрастаўшыся, стаяла паненка Дамініка Гараўская. І пагардай, што выпраменьвалі яе цёмныя вочы, можна было атруціць усіх вадзяных цмокаў у азёрах.
Пранціш азірнуўся на белавалосага найміта з гневам, які пачаў разгарацца ад страшнай здагадкі.
— О, бачу, вы пазнаеце гэтую чароўную персону! — выскаліўся Ватман. — Гэта паненка Гараўская, у якой вы гасцявалі, ці не так?
Пранціш запозна падумаў, асабліва гледзячы, як прыкусіла губу паненка, што, магчыма, варта было прыкінуцца, што яны яе не пазнаюць.
— Герман, мярзотнік, звык браць жанчын у закладнікі? — скрозь зубы прагаварыў Лёднік.
Найміт міла ўсміхаўся:
— А што тут такога? На вайне як на вайне, хіба не ведаеце, вашамосці? Паненцы ніякай шкоды, утрымліваем з усімі выгодамі, аберагаем ад зносінаў з мужчынскім полам — яе жаніх, ягамосць Гагарын, яшчэ і ўдзячны нам павінен быць, што дапільнавалі цноты нявесты ад спакусаў.
— Ён мне не жаніх! Колькі разоў я вам гэта гаварыла! Вы мяне з кімсьці блытаеце! — тонкім ад напружання, але ўпартым голасам прамовіла панна Дамініка.
Дзяўчына трымалася, як і ў Капанічах, упэўнена, спіна яшчэ больш выпрастаная, напятая… Але вочы пачырванелыя, абведзеныя цёмнымі кругамі, рукі сціснутыя, каб схаваць, што пальцы дрыжаць… Аблічча схуднела… Вырвіч упершыню адчуў, што перад ім — не вострая на язык арыстакратка, а юнае дзяўчо, датклівае і пяшчотнае, хоць і трымаецца з апошніх сілаў. І будзе трымацца. І будзе бараніць да канца гонар і годнасць, бо іначай не можа. Колькі ёй год? Сямнаццаць? Васямнаццаць? Як доўга яе тут трымаюць?
Востры жаль ударыў пад сэрца, і вострай была шабля, якую выхапіў Вырвіч. А Лёднік ужо стаяў з аголенай зброяй, скіраванай да горла найміта. І гнеўна сычэў:
— Я больш не дазволю табе здзекавацца з безабаронных кабетаў!
Што ж, у Лёдніка былі свае прычыны для гневу: калісьці ягоная жонка, чароўная Саламея Рэніч, гэтаксама была ў закладніцах у Ватмана. Бутрым, каб выручыць яе, пусціўся ў смяротна небяспечныя прыгоды. Вось толькі князь Гагарын дзеля навязанай яму нявесты пальцам не варухне. Гэта разумелі абодва шпегі, гэта выдатна разумела паненка Дамініка. Але Ватман упарта не верыў.
— Не зацярушвайце мне вочы, вашымосці!
Нават сваю шаблю-серпанціну не выхапіў, пэўны, што ўсё роўна апярэдзіць любога забойцу. Затое некалькі жаўнераў падбеглі ды скіравалі на нечаканых бунтаўнікоў хто аголенае лязо, хто рулю пісталета.
— Ватман, прыйдзі да розуму! Адпусціце паненку, не рабіце ганьбы ні ёй, ні сабе!
Лёднік з усяе моцы змушаў сябе гаварыць спакойна.
— Павер, Гагарыну яна не патрэбная.
— Я ведаю вашыя хітрыкі, — задаволена ўсміхаўся Ватман. — Цяпер, пасля вашага пацверджання, у мяне сумніваў няма, а то думаў — зноў якую бедную сваячку замест паненкі падсунулі… Мы ж яе не з дому, а з кляштара забралі, вось і не было пэўнасці. «Вы мяне з кімсьці блытаеце», «Гэта непаразуменне»… Ліст Гагарыну наадрэз пісаць адмовілася: «Ён мне ніхто». А татулька Дамінікі Гараўскай доўга распісваў, якія яны з дачкой уплывовыя асобы дзякуючы вяльможнаму жаніху, як ягамосць Пятро Іванавіч Гагарын без памяці кахае ягоную красуню-дачушку, і гатовы дзеля яе на ўсё… І прыслуга пацвердзіла: Гагарын гасцяваў як жаніх! Да калядаў меркавалі вяселле зладзіць.
— Тата перабольшваў, — умяшалася панна Дамініка, намагаючыся гаварыць цвёрда, каб не западозрылі, што баіцца — а яна і праўда баялася, але сорам за свой страх быў большы за сам страх. — Ён марыць, каб князь зрабіў мяне вяльможнай. Але ягамосць Гагарын ніколі не згодзіцца на такі шлюб, я яму — не роўня. І сваякі не дазволяць яму ажаніцца з простай шляхцянкай, ды яшчэ ліцвінкай. Пятро Іванавіч рады ніколі мяне не бачыць.
— Не паверу! — расплыўся ва ўсмешцы Ватман. — Я б і сам з такой панечкай, гожанькай ды смелай, не супраць завесці блізкае знаёмства…
Читать дальше