Рада б я ўстаці
К сваяму дзіцяці,
Благаслаўленнейка даці.
Чорная смага
На губах пала,
Не магу прэгукаці.
Жоўтыя пясочкі
Засыпалі вочкі —
Не магу прэглянуці.
Сырая зямля
На сэрцу легла —
Не магу прэдыхаці.
Дубовыя дошкі
Сціснулі ножкі —
Не магу пахадзіці.
Дубовыя цвечкі
Сціснулі плечкі —
Не магу ўстаці.
Што ж, і ў Лондане, дзе Пранціш з Бутрымам пабывалі, музыкі-жабракі на вуліцах умелі жаласна граць… Праўда, пры гэтым так і цэлілі зрэзаць кашалёк. А тут худзючы падлетак у сялянскай світцы гэтак старанна дзьмуў у свой нязвычны для карчмы немудрагелісты інструмент, так спалохана касавурыўся на наведнікаў, што не трэба было распытваць, як сюды трапіў. Граў сабе пастушок у полі, каровак цешыў. Карчмар выпадкова пачуў, ацаніў самавука, ну й дамовіўся з бацькамі ці гаспадарамі, што заробіць малец троху грошай, замяніўшы прыхварэлых музыкаў, бо не траціцца ж карчмару на больш самавітых майстроў. Што ж, таленты ў гэтым свеце над сабою не ўладныя, хто-небудзь іх абавязкова рана ці позна прадасць.
Шпегі агледзеліся: люд у карчомцы падзяляўся на дзве часткі, бы ў ваду налілі алей. У адной палове залы гулі шляхцюкі з кароннага войска, у другой — маскоўскія гусары. І тыя, і другія рабілі выгляд, што не заўважаюць суседзяў — звадзіцца было строга забаронена, пад пагрозай расстрэлу, бо ведала начальства, што гэта за навала. Але як не паганарыцца маладым ваярам, хаўрус перад хаўрусам? Вырвіч сам яшчэ нядаўна такі быў…
Пакуль што ў кожнага хаўруса меўся свой занятак. Шляхцюкі пацяшаліся з падпітага таварыша, які ўгаворваў маладую карчмарку з белым пульхным тварам, на якім гарэў намаляваны чырванілам румянак, ахвяраваць чаравічак з ножкі. З таго чаравічка верны рыцар панны хоча выпіць гарэліцы за яе здароўе. Рыцар быў немалады, нязграбны, як рыдван, і з шарачковай шляхты, пра што сведчыла заплямленая вопратка ды адсутнасць дарагіх сыкгнетаў і дыяментавага гуза на пакамечанай шапцы. У светлых вусах зачапілася капуста.
Карчмарка ўдавана сарамліва пасмейвалася, спрабуючы і адвязацца ад надакучлівага кавалера, якіх яна бачыла кожны вечар тузінамі, і не скрыўдзіць гасцей, бо шляхцюка толькі зачапі, хай ён і бедны, як бізун… Пасячэ, паб’е — і вінаваты не будзе, бо любы суд пастановіць, меў права абараняць ад прасталюдца свой гонар.
Расейскія гусары ў сваім куце падымалі віват за віватам у гонар яе імператарскай вялікасці, нахабна аглядаючыся, ці не пашанцуе заўважыць якую непавагу ды ўсчаць справядлівую бойку… Піва, моцнае, дубельтовае, стаяла на іх стале ў шкляніцы з трыма абручыкамі. Па звычаі, піток павінен быў аб’явіць, да якога абручыка адап’е — і калі памыляўся, яму далівалі да гарла. Але гусары шкляніцу занядбалі разам з півам, аддаючы перавагу гарэлцы і віну са звычайных чарак. Шчасце яшчэ, што зброю, зноў адпаведна загаду, наведнікі карчомкі мусілі пакідаць у вітальні, дзе яе замыкалі ў адмысловы куфар. О то ж Кірыла Тураўскі абураўся б норавамі ў месце, дзе быў біскупам, ды паўтарыў бы залатыя словы: «Гора будзе ўсім тым, хто не трымаўся кніжнай мудрасці і наказаў духоўных бацькоў; гора тым, хто пад гульні і скокі апіваўся віном; гора будзе жалейнікам і гора тым, хто іх слухаў, бо што ўзвялічвае д’ябла — губіць усіх хрысціян», і зноў наракаў бы: «Калі б я раздаваў у царкве медавуху альбо піва, — як жа хутка ішлі б вы сюды, апярэджваючы адзін аднаго; а я ж прамаўляю ў царкве слова Божае, лепшае за піва і медавуху».
Лёднік і Вырвіч прыселі ў самым цёмным куце, замовіўшы поснай поліўкі з грыбамі ды квасу з панцакамі. Папраўдзе, марылася толькі аб тым, каб хутчэй легчы.
Між тым гучны рогат з-за шляхецкага стала засведчыў, што рыцар з капустай у вусах дамогся свайго, і раззлаваная карчмарка ляснула перад ім на стол свой чаравічак. Рагаталі ж таму, што чаравічак, растаптаны ды не вельмі чысты, упрыгожваў не самую малую ножку, і туды можна было заліць, мабыць, дзве кварты… Нават просьбіт, нягледзячы на ап’яненне, западозрыў штось няладнае, не зусім адпаведнае рытуалу «высакародны рыцар п’е з туфліка прыўкраснай дамы»… Але бутэлька ўжо забулькатала, напаўняючы самазваны келіх.
Жалейка плакала, як птушка над раскіданым гняздом, аж хацелася даць стараннаму музыку злоты і выспятак пад азадак, каб вяртаўся да каровак. Тры чумакі ў прапітаных смалою апратках сціпла прытуліліся на лаўцы ля дзвярэй, насцярожана пазіраючы з-пад абстрыжаных пад гаршчок валоссяў, выбеленых сонцам, як лён. Дапілі хуценька келіхі ды пайшлі да сваіх валоў, відаць, збіраючыся заначаваць лепей у саломе на вазах, чым сярод шалёных жаўнераў. Пранціш ды Лёднік паспешліва сыходзілі ў адведзены ім пакойчык, услед ім неслася:
Читать дальше