— Раіна ніколі б не згадзілася забіць сваё дзіця… Нават калі б яно было ад Батысты… Ці ад якога… іншага гвалтаўніка, — словы нібыта не слухаліся Вырвіча. — А я нават не паспрабаваў яе адшукаць. І тады, калі яна з’явілася да нас у Ліёне… Схапіць бы, змусіць застацца, абвянчацца… У нас было б хоць трохі шчасця! А я так і не зразумеў, чаго больш адчуваў да яе — шкадобы альбо кахання… І ці не падобная мая любоў да чыстай вады, у якой калісьці расчынілі кроплю атраманту? Дамешку не відаць — але ён ёсць… Паблажлівы, гідкі, грэблівы… Нездарма ж Раіна збегла…
Лёднік мармытаў сваё:
— Сафійка яшчэ падрасла… І мяне, мабыць, зноў не памятае… Каралевічна мая… Вёз ёй ляльку, памятаеш, у Нясвіжы ў краме купіў… Не збярог. Шлем гэты кляты захаваў, а падарунак для дачкі згубіў… Алесь ужо такі вялікі… Ён вырасце лепшым за мяне, і будзе добрым абаронцам сям’і… Гэх, не сустрэну і гэты Светлы Вялікдзень з любымі. Саламея мая, Пе-не-ло-па… Тчэ і тчэ бясконцы сувой з бяссонных начэй ды трывожных дзён…
Шэпт побач рабіўся ўсё цішэйшы. Вочы Пранціша заплюшчваліся як бы самі па сабе, шчака сутыкнулася з чымсьці цвёрдым…
— Уставай! Не засынай!
Вырвіча трэслі так, што зубы стукаліся… Скрозь туман ён убачыў над сабой чорныя прагалы вачэй — ці доктар, ці смерць? Але смерць наўрад стала б даваць яму аплявухі ды расціраць вушы. Пранціш патрос галавой, грудзі сціскала, як абцугамі.
— Колькі… нам яшчэ… да прызначанага панам Антоніем тэрміну?
Доктар памаўчаў, неахвотна прасіпеў:
— Дзве з паловай гадзіны.
— Многа…
Пранціш прысеў, абапершыся мокрай спінай аб рэбры зняволенага на ланцугу Змея. Цяпер было горача — жалезны куб тыгля плавіў паветра, хацелася скінуць не толькі кашулю, але й скуру.
— Як думаеш, Раіна мяне чакае?
— Раіна хацела б, каб ты жыў! — гнеўна адказаў доктар. Устаў, трымаючыся за сцяну, хістка падышоў да прыбораў, мармычучы пад нос штосьці навуковае.
Ясна — вырашыў паспрабаваць яшчэ нейкі радыкальны сродак. Павялічыў агеньчык у лямпе, забразгаў колбамі з рэчывамі, нешта шэптам вылічваў…
Апошняе, што памятаў Пранціш — як постаць у белай расшпіленай кашулі стаіць на каленях перад перагонным кубам, спрабуючы дадаць туды нейкае рэчыва, а потым валіцца з выцягнутай рукой на падлогу, якую хістае падводная плынь. Хістае ўсё мацней, мацней…
І раптам грудзі нясцерпна забалелі і адначасова напоўніліся шчасцем — а як яшчэ назваць свежае паветра? Якое, аказваецца, гэта задавальненне — проста дыхаць…
У вачах патроху разамглялася… Але блакітных нябёсаў яны не пабачылі. А пабачылі той самы змрочны цёмны звод пячоры.
Пранціш павярнуў галаву: вунь пагойдваецца на хвалях Жалезны змей, над якім звісае ланцуг… Значыць, іх усё-ткі выцягнулі! А дзе Лёднік?
У святле паходняў, якое пасля сляпога прыцемку падводнай турмы здавалася балюча зыркім, на вільготным пяску ніцма ляжаў полацкі алхімік… Няўжо стваральнік цуду сам не змог ім скарыстацца? Вырвіч з цяжкасцю прыўзняўся… Але заварушыўся і Лёднік. Стаў на калені, упёршыся рукамі ў тураўскую зямлю, заперхаўся…
— Здаецца, я ў самы час загадаў дастаць вашых выпрабавальнікаў, — ветлівы тонкі мужчынскі голас гучаў са здзеклівай цікаўнасцю. — Колькі вы іх пад вадой пратрымалі? Гадзін пяць?
— Ды больш за суткі, вашамосць, — лісліва адказаў хтосьці.
— Ого! Ды яны ў вас жывучыя, як прусакі! Але каб вы яшчэ гадзіну мне галаву дурылі, што на канцы гэтага ланцуга бочкі з віном, а не падводны карабель, не ўдалося б мне ўчыніць богаўгодную справу…
Пранціш нарэшце змог падняць галаву і праз віраванне залатых пчолак у вачах разгледзець персанажаў сцэны. Капрызліва скрывіўшы вусны, над падземным тураўскім возерам стаяў расейскі князь Гагарын і пагардліва пазіраў на Пфальцмана, які ледзь не прысядаў ад страху. Князя Антонія Тызенгаўза нідзе не было… Затое былі расейскія жаўнеры. Няўжо, пакуль драгун і доктар сядзелі пад вадой, тут адбылася нежартоўная бойка? А пляскатвары шляхцюк, падобны да рыбіны, напэўна, асведамляльнік маскоўцаў — надта ж выцягваецца перад князем, ганарыцца — як удала ўсіх заклаў…
— Ягоная вялікасць кароль Станіслаў Панятоўскі раней нат, чым мы чакалі, даў дазвол на інспекцыю, запэўніўшы яе імператарскую вялікасць, што ніякай зброі ад яе не ўтойвае… А на гэтай чаропцы, як я назіраю, гарматы! — грозна прамаўляў Гагарын, пакуль Лёднік не ўстаў на ногі…
А як пабачыў аблічча Чорнага Доктара, князю аж мову заняло. Ён перавёў шалёны позірк на Пранціша, потым зноў на Баўтрамея.
Читать дальше