А ціха як… Толькі дзесь нібыта вада крапае. А не дай Гасподзь, выявіцца дзюрка? І зараз сюды пацячэ вада, і патроху запоўніць іхнюю бляшанку. Ці патануць, ці задыхнуцца… Выбар багаты, як на Ракаўскім кірмашы.
Вырвіч зірнуў на доктара… Паміраць усё-ткі не хацелася. Лёднік падняў галаву, напружана ўгледзеўся скрозь прыцемак у аблічча свайго былога гаспадара, нібыта вырашаў штосьці вельмі важнае, з сілай правёў далоньмі па выснажаным твары і ўзняўся, выпрастаны і напяты.
— Што ж, на горшы выпадак я мог бы паспрабаваць увесці нас у стан кататоніі — пры ім расходуецца зусім мала кіслароду. Але гэта вельмі небяспечна, і практыкі малавата. Можна было б проста загасіць лямпу, не траціць паветра на доследы, легчы ды чакаць, колькі пражывем… Але, баюся, нават калі здарыцца цуд, і мы выжывем, нас зноў адправяць на дно, ды яшчэ надаўжэй. Таму зраблю, як належыць навукоўцу.
Пранціш цалкам быў згодны, што лепей брацца за колбы, чым ужываць неправераныя магічныя метады, кшталту ўвядзення ў кататонію, штучны паралюш. Нават калі дастануць жывымі — могуць прыняць за мёртвых дый прыкапаць ціхенька, каб шуму не было…
Ліцвінскі Адысей, які патрапіў усё-ткі паводле Гамера ў царства Аіда, не зважаючы на холад, скінуў куртку, падкасаў рукавы кашулі, звязаў доўгія валасы ў хвост, абарваўшы з курткі скураную тасёмку. Пранціш таксама падрыхтаваўся дапамагаць у доследах. Лёднік засяроджана кіўнуў:
— Памолімся…
Стаў на калені, і Пранціш апусціўся побач, на халодную металічную паверхню:
— Памілуй мяне, Божа, дзеля вялікай міласці Тваёй, і дзеля мноства шчадротаў Тваіх, ачысці неправату маю. Зусім абмый мяне з неправаты мае, і ад грэху майго ачысці мяне. Бо неправату маю я знаю, і грэх мой перада мною ёсць і цяпер…
Што ж, Гасподзь нават з чэрава кіта дастаў прарока Іёну…
А потым Чорны Доктар узяўся за колбы-перагонныя кубы, адрывіста прагаворваючы скрозь зубы:
— З салетрай я так-сяк разабраўся… Калі падтрымліваць патрэбную тэмпературу, кісларод будзе вылучацца, смурод неяк вытрымаем. А што наконт паглынання адкідных газаў… Ёсць пара варыянтаў. Здабыць гідравокісь якога шчолачнага металу… А яшчэ той артыкул у «Лейпцыгскім часопісе», пра эксперыменты Прыстлі са шчолачным паветрам, якое ўступае ў рэакцыю з дыяксідам вугляроду… Магчыма, я мог бы тое рэчыва здабыць. Шатландзец Джозэф Блэк навучыўся абсарбіраваць вуглякіслы газ… Мусіць, ягоны метад яшчэ зручней… Натар пякучы і вокіс кальцыя… Так што буду складаць абсарбент з таго, што маем. А самае паганае, — раптам з пачуццём прамовіў Полацкі Фаўст, — можна атруціцца і вынікамі доследаў. У тыглі Пфальцман прадугледзеў невялічкую вентыляцыю — адводзіць дым праз цыстэрны, але яе недастаткова. Гэта ж не комін з хаты высунуць…
Наўрад дзесь яшчэ навуковыя эксперыменты рабіліся з такой жарсцю. Каб не Пранціш, Лёднік і глытка вады не выпіў бы, заняты справай. Хвіліны раставалі адна за адной, як на распаленай блясе. Расчынні змешваліся, сычэлі, як змеі, пеніліся, рабіліся празрыстымі… Смярдзелі, вядома.
Бутрым звярнуў увагу, што лодка ўсё адно пагойдваецца — а гэта значыла, што ў вадзе моцная плынь. Мусіць, з той самай бяздоннай расколіны… Хоць бы туды не знесла.
Але дыхаць рабілася ўсё цяжэй. І рухацца ўжо не хацелася. Хацелася легчы і заплюшчыць вочы. Лёднік час ад часу нават трос драгуна за плечы, забараняючы спаць і запэўніваючы, што ўсё добра, хімічныя рэакцыі няхай не дасканала, але працуюць… Іначай яны б абодва даўно атруціліся, як іх папярэднікі.
Хвіліны, нібыта кроплі, што сцякаюць па шкле, збіраліся ў струменьчыкі гадзін і сцякалі кудысь за шыбу быцця… Цямнела ў вачох, шумела ўвушшу, балюча сціскала ў грудзях. Урэшце полацкі доктар і ягоны былы ўладальнік бяссіла ўселіся на падлогу, прываліўшыся да бакоў Жалезнага змея. І, хаця разумней было б маўчаць, зберагаючы паветра, маўчанне зрабіла б гэтыя, магчыма, апошнія хвіліны невыносным. Швейцарская лямпа, кнот якой прыкруцілі, але не загасілі — нельга было не сачыць за тым, як адбываюцца выратавальныя хімічныя рэакцыі, не разганяла задушлівую цемру, а толькі ледзь адсоўвала яе межы, як балотны агеньчык, адбіраючы ў людзей рэшткі кіслароду.
— Надзея ўсё роўна ёсць, хлопча, — глухім голасам прамовіў Бутрым. — Павер, я папрацаваў… добра, пару вынаходніцтваў на ўласны рахунак магу запісаць… Тызенгаўз, як ні кашчунна прызнаваць, мае рацыю — ён дамагаецца немагчымага, ставячы людзей на мяжу… Або зрабі, або здохні, і няважна, што дагэтуль такога ніхто не рабіў.
Читать дальше