Дзесьці за сцяной забразгаў метал аб метал — магчыма, кавалі рабрыну для Жалезнага Змея, а можа, ланцугі для яго ж.
— Чакай… Але ж нас лёгка маглі забіць альбо параніць! — уразіўся Вырвіч. — Тыя канфедэраты не прыкідваліся, яны й праўда лічылі нас здрайцамі і былі злыя, як харты.
— Ну, альбо Ватман высока цэніць нашыя баявыя здольнасці і ўпэўнены, што мы зможам сябе абараніць… — хмыкнуў доктар, — альбо — і гэта больш верагодна — ён нічога не меў супраць таго, каб нас і праўда добра прыклалі. Мая смерць прынесла б яму столькі радасці, што ён мог неяк дамовіцца са сваім прафесійным гонарам, калі заданне правалілася б.
Зжаваўшы вылучаны двум новым жыхарам таемнай мануфактуры хлеб і высербаўшы поліўку з плябейскіх гліняных місаў, шпегі раздзяліліся. Лёднік выправіўся ў лабараторыю, а Вырвіч, праводзіўшы яго, пачаў вынюхваць што можна. Загаворваў з жаўнерамі, з мужыкамі, якіх сагналі сюды дзеля чорнай працы. Падслухоўваў… Падлабуньваўся да Пфальцмана, адвешваў яму кампліменты вагой са званы Свята-Духава сабора… Нават распіў з герам Якубам па чарачцы вішнёвага лікёру, што развязала вынаходніку язык.
І выходзіла, што прызначанае так хутка выпрабаванне карабля было не капрызам падскарбія. А проста князь Гагарын настойліва патрабаваў, каб яго пусцілі праінспектаваць мануфактуру, пагражаючы, што да Панятоўскага пасланы ганец ад самой імператрыцы Кацярыны, які прывязе на гэта дазвол. Падобна было, што Гагарын ведае пра таемнае возера і вадзянога змея куды больш за Багінскага — пэўне ж, былі і ў расейцаў тут шпегі. І вялікая верагоднасць, што слабы духам і залежны ад Кацярыны кароль падпіша любыя паперы, каб не выклікаць падазрэнняў і няміласці імператрыцы. А то з расейцаў станецца і войскі на штурм павесці — іх і так нагналі ў Рэч Паспалітую, як вазоў на кірмаш… Прыстойную падставу знойдуць заўсёды — прыкладам, выкрылі змову супраць таго ж Панятоўскага… Вось і абараняюць яго, небараку неразумнага, нат калі ён не просіць.
А таемную зброю аддаваць расейцам вой як не хацелася — а яны ж забяруць, прычапіўшыся, што парушана пагадненне пра колькасць каронных войскаў у Рэчы Паспалітай. Таму карабель вырашылі як мага хутчэй перагнаць па Прыпяці ажно ў Дняпро, да ўмацаванага сховішча. Зрабіць жа гэта сталася не так лёгка, бо расейцы расставілі людзей уздоўж ракі. Варта лодцы ўсплыць, каб памяняць паветра — гамон… У маскоўцаў загад — у любую падазроную трубу, што з ракі высунецца, страляць ды падымаць трывогу. Яшчэ і пасярод Прыпяці на чаўнах пільнавалі, усіх рыбакоў мясцовых змусілі дапамагаць. Узнагароду вялікую прызначылі таму, хто заўважыць у вадзе штось незвычайнае. А месцічы на Тызенгаўза злыя і на ягонага вадзянога змея, маўляў, людзі з-за яго знікаюць, дык і стараюцца.
Ноччу не паплывеш — без ліхтара ты сляпы, з ліхтаром — заўважаць. Адзінае — ісці на глыбіні, не ўсплываючы, так далёка, каб скончыліся пасты жаўнераў. Таму неабходна было наладзіць апарат для выпрацоўкі кіслароду.
І Лёднік наладжваў… Усю ноч шчыраваў, выгнаўшы з лабараторыі Пранціша, каб не раздражняў, ды яшчэ колькі разоў спускаўся да карабля. Вярнуўся ў іхні закуток толькі пад раніцу, зняможаны, змрочны… Паваліўся спаць — але дазволіў сабе толькі пару гадзін на сон ды колькі хвіляў на малітву… Вырвіч жа асвойваў «механічны бок»: Пфальцман па старой памяці цярпліва тлумачыў драгуну, як дзейнічае помпа для напаўнення цыстэрн, як рухаць вёслы… Але паспрабаваць на практыцы не дазволіў.
З лабараторыі ўвесь наступны дзень даносіўся такі смурод, што ўсе прусакі ды блохі, мусіць, выдахлі, калі яны тут вадзіліся. Поўнае нігрэда, карацей. Лёднік час ад часу пачынаў перхаць ды выбягаў на калідор, аддыхацца.
Самым падазроным было, што ні доктару, ні драгуну так і не далі магчымасці апрабаваць змея ў руху — апусціцца, усплыць… Пфальцман запэўніваў, што турбавацца не варта. Можа, з імі кагось пашлюць умелага?
А ў вольныя хвілі Чорны Доктар засяроджана маліўся, асабліва за здароўе рабоў Божых Саламеі, Аляксандра ды Сафіі, і чытаў канон сваім заўсёдным заступнікам, святым пакутнікам Кіпрыяну ды Юстыніі, найлепшым абаронцам ад чарадзейства.
— Быў ты служкаю дэманаў напачатку, але Хрыстовым Багаяўленым вучнем выявіўся пасля… Ад чарадзейнага майстэрства адвярнуўшыся, багамудры, да спазнання Боскага, з’явіўся ты свету лекарам мудрэйшым… І сэрца маё, гноем грахоўным хворае, малітвамі тваймі ацалі…
А Пранціш яшчэ і пісаў вершы. Яны ліліся, як быццам спяшаліся спраўдзіцца на паперы перад тым, як паэт назаўсёды адправіцца ў халоднае бяздонне тураўскага калодзежа.
Читать дальше