Хаця б удалося выспацца, пакуль да раніцы трэсліся ў возе, прыкрытыя саломай ды анучамі…
І вось — зноў невядомасць. Кінулі, як жабракоў, пад дзвярыма… Вакол блытаюцца жаўнеры Багінскага. У князя ўласнае войска на тысячы тры, і тут, мусіць, цэлы полк… Воран на ліпе зыркае насмешна і не думае ляцець па жывую ваду.
— Яснавяльможны князь ласкава запрашае вашамосцяў у дом!
Прынамсі, звяртаюцца згодна палітэсу… Па чырвоным дыване і ў печку не ганебна зайсці.
У доме было тлумна, як і належыць падчас пастою войска. Калі Багінскі не адсыпле гаспадару будынка залатых, давядзецца небараку ў пазыкі ісці, каб пасля такога гасцявання радавае гняздо аднавіць.
Вырвіча і Лёдніка прывялі ў залу, аздобленую паляўнічымі трафеямі некалькіх пакаленняў уладальнікаў маёнтка. Тыя карысталіся гербам «Анцута» — часта паўтараліся ў дэкоры страла, скіраваная ўверх, і дзве гарматы, адна страляла на ўсход, другая — на захад. Галовы зуброў, ласёў, дзікоў шчэрылі пашчы, паблісквалі шклянымі вачыма і касавурыліся няўхвальна на неяк патрапіўшую ў іх шэрагі тыгрыную пысу. Куды толькі ліцвіна са стрэльбай не заносіць…
Князь Багінскі ўтульна рассеўся на канапе, пакрытай персіянскім дываном, і на ласкава запрошаных гасцей чамусьці не глядзеў, адварочваў сыты твар. Але не пагардліва, а нібыта з нейкай няёмкасцю, і рабіў выгляд, што паглынуты чытаннем лістоў. Затое палюбоўніца князя д’Асэ ахвотна паказвала бялюткія дробныя зубкі, і яе нафарбаваныя сардэчкам вусны здаваліся выпацканымі ў кроў.
— А што гэта, доктар, у вас у сумцы за скрынка? Кажуць, нейкі адмысловы апарат для лячэння?
Лёднік адказаў холадна і ветліва:
— Для дыягностыкі, вашамосць. Ён не адладжаны.
Вочы ў фаварыткі задаволена бліснулі, Пранціш насцярожыўся… Але ў пакой праз бакавыя дзверы зайшоў медзведзяваты Ватман, кіўнуў гаспадару, нібы падаючы знак аб удалым сканчэнні справы. Багінскі павесялеў і нарэшце, хоць і спадылба, зірнуў на сваіх шпегаў:
— Што ж, панове, вы добра папрацавалі, вашы правіны забытыя. Атрымаеце належную ўзнагароду. Адпачывайце, заслужылі… А вас, доктар Лёднік, хачу бачыць заўтра раніцай дзеля важнай медыцынскай кансультацыі.
І зноў адвярнуўся… Д’Асэ адразу ж на выцягнутых руках урачыста паднесла вялікаму гетману кларнет, як рыцарскі меч перад турнірам. Значыць, пачнецца музіцыраванне, якое яснавяльможны Міхал Казімір Багінскі ўважаў важнейшым за палітыку. Ватман не стаў далікатнічаць і жэстам паказаў шпегам ісці за ім і не адцягваць увагу важнай персоны. Вырвіч ледзь стрымаўся: яго, нашчадка Палямона, выстаўляюць, як надакучлівага менестрэля!
У калідоры Вырвіч і Лёднік атрымалі па цяжкім мяшэчку, у якім былі зусім не медзякі.
— Вось бачыце, вас ніхто не падманвае! — шырока ўсміхнуўся Ватман. — Паны цалкам вольныя! І пры грашах. Адно толькі трэба з вашай дапамогай удакладніць… Мы плануем выменяць у князя Гагарына Жалезнага Змея на штосьці, дастаткова яму цікавае.
Лёднік грэбліва падціснуў вусны.
— Ватман, патлумач свайму гаспадару, што гэты план — абсалютовая бязглуздзіца! Усё роўна што спадзявацца, быццам воўк выпусціць ягня дзеля шматка сена. Аніколі князь Гагарын не пойдзе на тое, з-за чаго трапіць у няміласць, а то яшчэ і ў Сібір… Як ён можа не выканаць загад імператрыцы?
Пранціш быў з гэтым цалкам згодны. Але граф Пянткоўскі толькі пакрывіў рот, ягоны шырокі бледны твар, спаласаваны шнарамі, нагадваў пра антычных гігантаў, скандынаўскіх вікінгаў і непазбежную смерць:
— Не лічыце нас за дурняў, панове. Усё, што мы папросім у князя — спыніцца па дарозе ў Санкт-Пецярбург у пэўным мястэчку, а воз з падводным караблём паставіць у пэўнай адрыне. Ну і замяніць людзей на варце… Забяром з машыны такія-сякія дэталькі… Ніхто пра гэта не даведаецца, ніхто не заўважыць.
Вырвіч моцна падазраваў, што «дэталькамі» справа не абмяжуецца. Лёднік выразна хмыкнуў…
— І чым жа вы можаце спакусіць князя пусціць вас да Жалезнага Змея?
Ватман цяжка ўздыхнуў.
— Я думаў, ёсць чым… Але нешта засумняваўся. І тут патрэбная ваша дапамога. Зараз пакажу адну асобу, вы павінны яе пазнаць. А то я памятаю выпадак з сястрой ягамосці князя Багінскага, паннай Паланэяй… Я тады ледзь з глузду не з’ехаў.
Пранціш выдатна памятаў, з-за чаго Ватману давялося пахвалявацца. Паланэйка Багінская замест таго, каб па загадзе брата сядзець да свайго вяселля ў манастыры, пакінула там сваю камерыстку Ганульку Макавецкую, а сама адправілася з Вырвічам і Лёднікам у мужчынскім касцюме ажно ў Ангельшчыну. Ватман прыехаў правяраць, як у кляштары ягоная падапечная — а там пад яе імем прыслуга! Бедная ціхмяная Ганулька…
Читать дальше