На гэтую гнюсную, абразлівую рэпліку былі яму адказам дзве сталёвыя маланкі, што ўзмахнулі перад ягоным тварам. Ватман з прыкрасцю паморшчыўся:
— Добра, добра, прашу прабачэння ў высакароднай паненкі… Раз у яе з’явіліся такія рыцары-абаронцы, вось хай яны яе і ахоўваюць, і перададуць па дамове шчасліваму жаніху. Можа, пан Вырвіч возьме на сябе яшчэ і ролю перагаворшчыка? Думаю, пан будзе вельмі пераканаўчы! Хутчэй дагаворыцца — хутчэй дзеўка атрымае волю.
І каб была хоць найменшая магчымасць, што Гагарын на штось пагодзіцца — хаця б на нейкі хітры план, каб і змея не аддаць, і паненку выручыць, — Пранціш не пярэчыў бы. Але Гагарын найбольш што зробіць — абурыцца ды паведаміць уладам, абвесціць пра чарговае беззаконне бунтаўнікоў на ўсю краіну, зняславіць патэнцыйную нявесту… Пры гэтым сябе абавязкова адмажа: Дамініку нявестай нізавошта не назаве, так, дачка прыхільніка, бязвінная ахвяра… Прыклад бязбожных учынкаў бунтаўнікоў, што апраўдвае любыя дзеянні па іхнім уціхамірванні.
Лёднік трымаў шаблю ўяўна расслаблена… Пранціш ведаў, што гэта значыць: ягоны старэйшы напарнік вось-вось кінецца ў бойку, абараняючы годнасць малазнаёмай дзяўчыны… Так, Ватман па-свойму сказаў праўду: цнатлівасці паненкі нічога не пагражала, гвалтаваць шляхцянку — гэтага злачынства не пацярпеў бы самы ап’янелы шляхціц сярод канфедэратаў. Але самое знаходжанне незамужняй паненкі адной, без апекуна ці хаця б камерысткі, сярод жаўнераў… Вырвіч памятаў расповед бацькі, як скаланула ўсіх калісьці страшная гісторыя… Пане Каханку па маладосці ўтрэскаўся ў дачку аднаго войскага, дзяўчыну незвычайнай прыгажосці і цнотаў. Так закахаўся, што, нягледзячы на тое, што ў паненкі быў жаніх, і самая яна вызначалася высокай маральнасцю, па п’янцы загадаў яе скрасці і прывезці ў свой дом. Нават Міхал Валадковіч, неўтаймавальны канфідэнт магната, таго адгаворваў. Але Караль Станіслаў быў такі напіты, што ўпёрся, як вол… Яму здавалася, што варта любой, самай ганарыстай, паненцы пабыць з ім сам-насам, пагаварыць па душах — і растане ад такога разумніка ды прыгажуна, у чым пана ўвесь час пераконвалі прыдворныя лізунчыкі. Дзяўчына прабыла ў доме свайго выкрадальніка ўсяго адну ноч, і тое ў слязах ды малітвах. Пане Каханку яе нават пальцам не зачапнуў. Калі ж пабачыў, што дама не паддаецца на ягоныя чары, а толькі плача-заліваецца, ды трохі працверазеў, і сам жахнуўся свайго ўчынку і адправіў яе дахаты. А потым яшчэ адкупнога прыслаў, гатовы засыпаць і пана войскага, небагатага шляхцюка, і саму панну любымі дарункамі. Дарэмна. Панна сышла ў кляштар, бацька ад гора памёр, жаніх адправіўся на вайну і ў першай жа бойцы даў сябе забіць…
А для Гараўскіх шляхецкі гонар, наколькі паспеў зразумець Пранціш, шмат значыў. Калі пасля адмовы Гагарына панну Дамініку мірна адправяць дадому — што яе чакае? Увесь павет костачкі перамые… Хто пасля з такой ажэніцца?
Вырвіч яшчэ раз азірнуўся на паненку, на яе ганарыстую постаць, цёмныя разумныя вочы, якія гарэлі ад непралітых слёзаў, на сціснутыя маленькія рукі, якія ўмелі ператвараць палатно ў карціну і не грэбавалі зашываць раны — і зрабіў адзіна магчымае:
— Вы змушаеце мяне, граф Пянткоўскі, адкрыць таямніцу, якую мы хацелі захаваць. Панна Гараўская — мая нявеста!
Шляхціцы, якія сузіралі сцэну, здзіўлена загулі. Ватман не стрымаў шчырага рогату:
— Я ўжо лічыць аблічыўся, колькі ў цябе нявест, Вырвіч. Апошні раз, здаецца, ты з нейкай баявітай акторкай збіраўся пабрацца, якая мяне ў руку, зараза, параніла. Што, уцякла?
— Раіна памерла, — сурова сказаў Вырвіч. — А панна Гараўская зрабіла мне гонар, назваўшы жаніхом. Ці не так?
Пранціш кінуў погляд цераз плячо ў пакой. Паненка на хвілю апусціла вочы, але амаль не вагалася:
— Так. Я пры сведках і ў прысутнасці майго пана бацькі назвала пана Пранціша Вырвіча з Падняводдзя сваім жаніхом, слова гонару.
І не салгала ж ні на каліўца! Лёднік таксама пацвердзіў:
— Я сведка. Пан Гараўскі быў супраць, але пан Вырвіч і панна Дамініка аб’явілі сябе жаніхом і нявестай.
А Пранціш яшчэ і з’едліва дадаў:
— Падумайце, пан Ватман, з чаго б панна Гараўская выкрыла мне, куды яе ўяўны жаніх вядзе сваё войска, і пра яго таемную місію?
Ватман трохі разгублена наморшчыў лоб, спрабуючы асэнсаваць новую сітуацыю, і колькі ў ёй праўды. А Вырвіч сеў на ўсіх коней Нептуна адразу, аж завіравала, схапіў паненку Дамініку за руку — яна была не халодная, як чакалася, а цёплая, пяшчотная, але не кволая:
Читать дальше