А вось і дакладчык. Альфонс Бяскоўскі нікому не даверыў каштоўны тэкст. Прамаўляе, як салавей з зязюляй. Самы час сарацынам з асабістай аховы каралеўскай фаварыткі ціхенька адысці ў куток залы з бліскучай, як вада ў сонечны дзень, падлогай і калонамі з ружовага мармуру, у цёмны калідор, далей, далей…
У канцы калідора двое венгерцаў перагарадзілі шлях да лесвіцы, сярдзіта замахалі рукамі: няма чаго тут швэндаць… Вырвіч перазірнуўся з напарнікам — сённяшні сарацын нумар два быў шляхціцам, харунжым у войску Радзівіла Пане Каханку і старым знаёмцам. Таму праз колькі імгненняў венгерцы ўселіся на прыступкі лесвіцы, міла прыхіліўшыся адзін да аднаго, без лішняга шуму і без прытомнасці.
Праўда, жывыя.
Амаль.
Ну не пераняў Пранціш у свайго настаўніка Баўтрамея ва ўсіх тонкасцях навуку, як абяззбройваць суперніка, не наносячы яму шкоды. Дый не дужа хацелася.
Сарацыны кінуліся на другі паверх. Пранціш нецярпліва вышукваў жалезныя дзверы… I ледзь не збіў з ног дзяўчыну ў нейкай дужа лёгенькай сукенцы, якая высунулася з пакоя ў калідор, паглядзець, хто гэта тупоча, заміж каб слухаць у зале вучоны даклад пра выкарыстанне нейкай гадасці.
Ашыйнік! На дзеўцы жалезны ашыйнік! Ці не тая, што доктару ежу носіць?
Пранціш адной рукой прыціснуў грэшнае стварэнне спінай да сябе, другой закрыў дзеўцы рот. Але ў небаракі і так мову адняло, відаць, бо ейны твар люстраваўся ў лязе шаблі другога сарацына.
— Не будзеш крычаць — не заб’ем, згода?
Паненка ледзь заўважна хітнула галавой. Пранціш трохі прыняў руку — дзеўка нагадвала яму кацяня, якое дзеці так заціскалі, замучылі, што яно ўжо развучылася і вырывацца, толькі пакорліва абвісае ў руках.
— Доктар дзе? Гавары, ну? Той, якога за жалезнымі дзвярыма трымаюць…
Раптам грэшніца неяк спрытна вылузалася з няветлых абдоймаў, павярнулася да Пранціша, не зважаючы на пагрозную шаблю, і ўтаропілася ў закрытую да вачэй чорнай тканінай фізіяномію нападніка з адчайнай надзеяй:
— Вы па Скарамуша? Вы ягоныя сябры?
Трохі пукатыя шэрыя вочы, падведзеныя чорнай фарбай, глядзелі трывожна, вялікія пухльныя, ярка нафарбаваныя вусны — праўда, цалаваць іх нізавошта не хацелася — уздрыгвалі… Пранціш суха пацвердзіў:
— Мы яго сябры. Дзе ён?
— Пайшлі, пакажу! Толькі ў мяне ключоў няма… Ён жа мяне вылечыў, з таго свету выцягнуў!
Дзеўка ў белых шаўковых туфліках бегла па зялёнай дывановай дарожцы, нібыта слізгала, толькі пазвоньвалі тонкія бранзалеты. I Пранціш намагаўся адляпіць погляд ад пышных формаў, абцягнутых паўпразрыстай тканінай, усыпанай залатымі блішчынкамі. Ну і кліенткі тут у доктара…
У канцы калідора, дзе паміж дзвюма тумбамі з кітайскімі вазамі вісела карціна, на якой лупавокі барадаты цар Давыд спакушаўся вабнасцямі чужой жонкі Вірсавіі, дзеўка падала знак спыніцца
— Тут, адразу за рагом… Але там ахова.
Грэшнае стварэнне не падманула: былі і жалезныя дзверы, і ахова… Дакладней, адзін вусаты гардыян у кунтушы з залатымі галунамі, прысеўшы ў сцянной нішы на банкетку, меланхалічна еў мандарыны з бронзавага блюда. На маленькім мармуровым століку пісталет, графін з чырвоным віном і збан з вадой спрачаліся за ўвагу гаспадара, патрапаную калоду карт прыціскаў стылет… Сур’ёзны пост, са зручнасцямі, разлічаны на ўвесьчаснае карыстанне, тым больш ахоўнік не адводзіў вачэй ад дзвярэй. Мусіць, Лёдніка так баяцца, што думаюць, быццам жалезныя лісты прагрызе…
Між тым нават у гэты дальні калідор раптам данёсся вэрхал з залы, дзе адбываўся даклад. Заверашчалі абураныя галасы, перабіваючы адно аднаго — відаць, Жылібер, як намерваўся, учыніў скандал, што адкрыццё крадзенае. Пад гэты шум самае то акураценька ўкласці на дыван яшчэ аднаго фальшывага венгерца. Дзеўку пакуль трымалі пры сабе, але пільнавалі — раптам трывогу падыме…
Калі Пранціш справіўся з вялікім ангельскім замком, высветлілася, што за першымі дзвярыма — яшчэ адны, таксама жалезныя, са спецыяльным акенцам унізе — падобна, каб ежу прасоўваць.
— Хутчэй! — прасіпеў другі сарацын, трывожна азіраючы пусты калідор, бо дзесь непадалёк чуліся галасы, крокі…
Вырвіч скінуў са змакрэлага твару абрыдлую хустку, абцёр пот рукавом і ўважлівей зашурудзіў дзвюма шпількамі ў замку… Нарэшце пачуўся ціхі шчаўчок, і дзверы ў скарбніцу прагрэсіўных дактароў адчыніліся…
Чорны Доктар, апрануты ў зрэбныя нагавіцы і кашулю, сядзеў проста на падлозе, на худым сенніку — а больш у маленькім квадратным пакойчыку з голымі беленымі сценамі нічога і не было, нават збана з вадой. Прыхінуўся спінай да сцяны, абняў калені, галава нізка апушчаная, твар завешваюць чорныя пасмы з нітамі сівізны… Дзве пасмы над правай скронню чамусьці заплеценыя ў тонкія, з пруток, косы.
Читать дальше