Цвёрда зірнуў на колішняга гаспадара:
— Выканайце маю просьбу, пан Вырвіч: не распытвайце мяне, што было ў доме гэтага тлустага гнюса, ніколі.
Перавёў позірк на акторку, якая ўсміхалася са светлым сумам:
— Я здагадаўся, што аглядаў вас, Раіна… Бяскоўскі… зманіў вам.
Раіна раптам падалася наперад, на імгненне ўзяла далоні доктара ў свае:
— Я ведаю, дарагі пан Лёднік… Усё ведаю. Не трэба…
I адкінулася назад, мройна гледзячы ў акно, за якім, аднак, нічога не адбывалася, толькі ляцелі ў прыцемку дрэвы, як вядзьмаркі з ускудлачанымі, зблытанымі валасамі. Бутрым уздыхнуў і зноў панурыўся — і Вырвіч мог прысягнуць, што чуе ягоныя думкі: перажывае, як там жонка і дзеці, і якога дурня зваляў, звязаўшыся з дэ Вардам, і як замаліць грахі, і куды яму цяпер падзецца… Ні грошай, ні працы… А пан Рысь, ваяўніча тапырачы чорныя вусы, бадзёра ляснуў вызваленага па плячы:
— Ну што, вашамосць, віншую з чынам падхаружага ў канфедэрацкім войску, якое сабраў ягамосць Караль Радзівіл!
У Лёдніка ажно худы твар яшчэ больш выцягнуўся ад ашаламлення. Пранціш з няёмкасцю перхануў і прашаптаў на вуха Чорнаму Доктару:
— Ну а як мне было яшчэ здабыць вояў у дапамогу ды карабель? Так што мы з табой цяпер — канфедэраты, Бутрым!
Той толькі вочы заплюшчыў, пасядзеў трохі, пераварваючы навіну, і здушаным голасам прамовіў:
— Ну, напэўна, дзякуй.
Раздзел шосты
ЯК ЛЁДНІК У ПАРТРЭТЫСТЫ ПАДАЎСЯ
Былі ў кельтаў чатыры багіні, якія любілі кружляць над полем бойкі: Немаін, Бадб, Марыган ды Маха. І добра, каб кружлялі ў абліччы прыўкрасных дзевак, а то пераўвасабляліся ў варон, чорных ды брахлівых. Кружлялі ды выбіралі, хто сёння загіне.
У скандынаваў валькірыі рабілі тое самае ў абліччы бялюткіх лебедзяў. Але тут, на Літве, паміж нізкім шэрым небам і полем у лапінах пабітага воспай сакавіцкага снегу, ніхто не лётаў. Праўда, сядзела на худым дрэўцы сарока, якая ў засмажаным выглядзе, згодна трактата Арнольда з Вілановы, ратуе ад чараў.
Але людзі, што абдымалі апошнімі абдымкамі халодную, вільготную зямліцу, памёрлі не ад счаравання ды сурокаў, а былі сумленна пасечаныя шляхецкімі шаблямі ды падстрэленыя кулямі, перад смерцю пастараўшыся ўчыніць такое ж вечнае шчасце іншым…
Вырвіч прыўзняўся ў страмёнах, углядаючыся ў смугу, што зацягвала патроху панылыя краявіды і рабілася адзіным саванам загінулым… Канфедэраты, расейцы, жаўнеры кароннага войска — якая цяпер ім, застылым, розніца? А вось ці ёсць хто жывы? Наводдаль, ля цёмнага падлеску, хадзіў белы конь, нервова ўскідваючы галаву, нібыта не мог уцяміць, чаму ягонае сядло пакінуў вершнік. У скураных ольстрах — кабурах пры сядле — усё яшчэ тырчэлі два пісталеты, якімі гаспадар не паспеў скарыстацца. Вунь ляжыць перавернуты вазок… Дзе ягоны гаспадар? А вось улан у белым мундзіры з чырвонымі вылогамі абдымае зямлю, самую памяркоўную каханку, і паспеў аддаць ёй усё цяпло свайго цела і ўсю кроў…
Панесла ж невялічкі аддзел падхаружага Лёдніка менавіта ў гэты бок. Няўжо Полацкага Фаўста, які здаваўся трывушчым, як загартаваны клінок, дастала ўсё-ткі нейкая нядобразычлівая валькірыя?
Харунжы Вырвіч выцер рукавом лоб. І ён сам вінаваты… Адпусціў падначаленага — так, трэба разведаць, ці праўда ў Капанічах спыніўся расейскі атрад, і куды кіруецца далей… А калі данеслі, што туды мусіў выправіцца не атрад, а цэлы полк, і пасланыя на выведку не вярнуліся, Пранціш, заміж таго, каб ехаць са сваімі жаўнерамі да месца збору канфедэрацкага войска, узяў двух добраахвотнікаў ды чуйдух сюды. З якога боку ні глядзі — злачынны для камандзіра ўчынак… За здраду могуць палічыць.
Але менавіта такія ўчынкі дазваляюць застацца чалавекам у самай азвярэлай, крывавай калатнечы.
Пранцысь не павярнуў назад, нават калі застаўся адзін — падстрэленага драгуна адправіў з таварышам… Так, кепскі з яго камандзір. Але як жыць, калі толькі і застанецца ўспамінаць буркатанне Лёдніка, маўляў, колькі можна забіваць падсвечнікам цвікі, укладаць шаблю ў рукі таму, хто прызначаны лекаваць?
Апошнія месяцы заміж пераможнай кампаніі ператварыліся ў суцэльны панылы жах. Свавольны гетман Шыман Касакоўскі, пасвараны з Генеральнасцю канфедэрацыі, дзейнічаў сам па сабе, збіраючы войска з каго прыйдзецца. Шляхта, мешчукі, сяляне… Усе, хто не хацеў панавання маскоўцаў і быў злы на Панятоўскага. Але й поспехі стракатага войска былі няпэўнымі. То прарвуцца ажно да Смаленска, то адкінуцца назад. А што хацець? Шляхта, хто пабагацей, з’яўлялася са сваймі жаўнерамі, хто мог узброіць дзесяць, хто — трыццаць, хто й з сотняй панцырных баяр прыходзіў. І ўжо такі пан — сам сабе галава… Як на любой вайне, пакутавалі перш за ўсё бязвінныя. То маскоўцы вёску спаляць, то каронныя, то канфедэраты… Краіна паціху канала. Лёднік з кожным днём усё больш змрачнеў — і Вырвіч баяўся, што аднойчы наравісты Чорны Доктар проста адмовіцца выконваць якісь жорсткі загад. Дый глядзелі на доктара-канфедэрата скоса: праваслаўны, а барцы абараняюць жа каталіцкую веру, не шляхцюк — а зрабілі камандзірам, сармацкіх звычаяў не пільнуецца, вусоў не адпусціў, нават слівавіцы не адсёрбне пасля бойкі. Праўда, б’ецца так, што й на падпітку ніхто задзірацца з клісцірнікам не палезе. Кажуць, можа забіць, не датыкаючыся, агонь на адлегласці гасіць. Вядзьмак, адно слова. Зноў жа, каго параняць — зацыруе, нават з чыстца сваім мастацтвам дастане, модлы схізмацкія пад нос мармычучы.
Читать дальше