А бяда й з’явілася. Наперадзе паказаўся такі вялікі шыхт, што можна было ўспомніць бойку пад Воршай… Дарога заварочвала між пагоркаў, і здалёк здавалася, што па ёй паўзе даўжэзная чорная змяя ці атрутная скалапендра з тысячай ног. Мусібыць, той самы полк маскоўцаў, які адправілі ў Капанічы. Дакладна не свае жаўнеры. Хаця хто ведае, ці няма сярод іх землякоў? Расказвалі, што з тых, каго захапілі ў палон пад Кракавам, а пасля саслалі ў Омск і Табольск, адбіралі, хто маладзейшы ды здаравейшы, рэкрутамі ў расійскія войскі. А хто адмаўляўся — секлі розгамі…
Вырвіч спыніў каня і закруціўся, аглядаючы краявіды… Іхні вазок быў, як прусак на белым абрусе. Ні лагчавіны, ні дрэў, затое нерасталы снег. Дарэмна спадзявацца, што іх не ўгледзелі. Збочыць? У размяклыя балаты, што цягнуліся паабапал дарогі, зрэдзь прыкрашаныя нядошлымі прутамі асін? Развярнуцца? Дагоняць і разбірацца не стануць… Да таго ж у тым баку таксама ворагі — кароннае войска. Адзінае, што можа ўратаваць, — зараз пачынаўся хмызняк, які хоць на некалькі хвіляў захіне…
Вырвіч расштурхаў свайго былога слугу і прафесара.
— Пераапранаймася!
Бутрым зірнуў наперад, дзе, як чорная саранча, набліжаліся жаўнеры, і, як толькі пачаліся кусты, услед за Вырвічам без лішніх слоў зняў рынграф — нагрудны афіцэрскі знак з выявай Прасвятой Багародзіцы ды канфедэрацкую белую куртку з чырвонымі вылогамі. Шаблі ўкруцілі ў анучы ды ўшчамілі пад дно вазка, Вырвіч толькі з тугой пацалаваў на развітанне лязо Гіпацэнтаўра. Галоўнае, не кідаць, як вайсковую форму, якую драгун імкліва ўтаптаў у лужыну пад карэннямі кустоў.
Каптан, што знайшоўся ў пакінутым ранейшым гаспадаром вазка куфры, быў памяты і пацёрты. На правым локці ўвогуле красавалася дзірка, у якую выглядала Лёднікава не самая свежая, затое з пышнымі карункамі кашуля. На шчасце, хоць карункамі можна прыкрыць далоні: у Бутрыма яны прабітыя, а раптам хтось ведае пра гэтую дзіўную прыкмету?
Пранцішу пашэнціла яшчэ менш: хто набываў гэты жоўты, як сярэдзіна варанага яйка, венгерскі каптан, абшыты зялёнымі галунамі ды тасёмкамі? Гаспадару альбо бракавала густу, альбо купляў, на што пакупнікоў не знаходзілася, з добрымі зніжкамі. Ззаду на бякешы — венгерскія каптаны так называліся ў гонар сябра Стэфана Баторыя, фацэта-венгра Каспара Бякешы, красавалася цёмная пляма. Уладальнік, відавочна, кудысь няўдала прысеў, і, каб не смяротная небяспека, Пранціш нізавошта такі блазенскі ўбор з задоўгімі для яго рукавамі не напнуў бы. Але не да куртуазнасці… Апошнім марцыпанам да вясельнага торта Пранціш насунуў на Лёдніка парык, з якога не абсыпалася яшчэ ўся пудра. Парык сядзеў коса, з-пад яго там-сям выбіваліся чорныя пасмы. Але доктар выпрастаў спіну, грэбліва скрывіў вусны — па ягоным фанабэрыстым выглядзе нельга было западозрыць, што спадара толькі што згінала ад болю. Сядзіць, як маршалак на сойме. Вырвіч паправіў накручаную на шыю сінюю хустку ў дробныя ружовыя кветачкі, таксама спадчыну гаспадара вазка, адчуваючы сябе паўднёвай птушкай папугаем, прыгладзіў светлыя кудзеры і надаў фізіяноміі самы добразычлівы ды наіўны выраз. Больш нічога нельга было зрабіць, бо маскоўцы пад’ехалі ўжо так блізка, што маглі разгледзець, чым гэта пасярод белага поля займаюцца падазроныя людцы.
— Ты, Бутрым, галоўнае, маўчы… Давай ты ўвогуле немцам будзеш… Не, лепш аўстрыякам.
У давяршэнне ўсяго, калі Вырвіч сунуў руку ў кішэню жоўтай венгеркі, акрамя раскрышанай табакі, намацаў цыдулку, у якой на польскай нейкая «Твая Гэля» прасіла «даражэнькага Марка», якога прычакалася ўжо з Ліфлянтаў, прыхапіць дарогай пачак цынамону.
Паколькі цынамону ў вазку не засталося, мусіць, Марку ўдалося збегчы, і сядзіць ён разам са сваёй ненагляднай Гэляй і п’е гарбату з булкамі. Не, да Вялікадня яшчэ далёка, пост і ў праваслаўных, і ў каталікоў, але посныя галёпы таксама смачныя. Вырвіч зглытнуў… Вось жа заўсёды нешта ў галаву старонняе лезе, калі чакаеш невядомай прышласці…
Іх вазок абкружылі жаўнеры. Войска абцякала яго, як веснавая ручаіна — каменьчык, але каму трэба было — дачапіліся… Бялявы афіцэр з капрызліва надзьмутымі вуснамі, у капелюху з пухнатым белым плюмажам прыпыніў каня і няўважна пазіраў, як ягоныя людзі дапытвалі падарожных.
— Хто такія? Адкуль?
Пранціш — такі вось я дурнячок-прасцячок, вашамосці — пачаў балбатаць, як цяжка ім, зусім мірным людзям, праехаць у той час, як бунтаўнікі ўчынілі вайну. Вось, з міласэрнасці падабралі на полі бойкі дваіх, якія засталіся жывымі (адзін ваш суайчыннік, самі бачыце, вашамосць!), і што ж гэта дзеецца на свеце, і як можна паўставаць супраць памазанікаў Божых… Лёднік маўчаў, незадаволена зыркаючы на жаўнераў, што пачалі абшукваць павозку, не вельмі акуратна штурхаючы ягоных пацыентаў.
Читать дальше