Мяркуючы па прыкушаным вусе, пану Гараўскаму пачутае не прыйшлося да душы, але ён пастараўся схаваць раздражненне.
— І ўсё-ткі я хачу скараціць час пакутаў ад таго, што не могуць з’яднацца закаханыя сэрцы, дарагі князь Пятро Іванавіч. Паспрабуем найхутчэй спраўдзіць дадзеныя адзін аднаму словы гонару. Для шляхціца няма важнейшага, чым стрымаць слова, ці не так, дарагі князь?
На круглым твары Гагарына так-сяк праявілася няшчырая ўсмешка, а Гараўскі ўтаропіўся ў Лёдніка:
— Гер Айсман, трэба, каб за два дні вы намалявалі партрэт маёй дачкі і яе жаніха, яго светласці князя Пятра. Заплачу пяцьдзясят талераў золатам!
— Мой настаўнік толькі нямецкую мову разумее, вашамосць! — умяшаўся Пранціш і ўзяў на сябе справу тлумача.
Лёднік выкручваўся з ягонай дапамогай, як мог. І пра тое плёў, што нябёсная прыгажосць мадэляў вымушае доўгай падрыхтоўкі для яе ўвасаблення, і пра тое, што няма з сабой фарбаў — усе выкарысталі, і нават на падагру нажаліўся, якая круціць суставы ў такое надвор’е… Дарэмна. Парсуна патрэбная была пазарэз. Наколькі Пранціш зразумеў з размоў, Гараўскі калісьці прасватаў сваю дачку Гагарыну падчас моцнай п’янкі ў палацы Панятоўскага, і гэты шлюб мусіў спраўдзіць ягоныя амбіцыі. Масковец, аднак, не гарэў жаданнем жаніцца з не самай выгаднай для яго нявестай і прыдумваў усялякія адгаворкі. Не можа, маўляў, ісці да алтара, пакуль адзіная цётухна паводле ейнага жадання не пабачыць на свае вочы пляменніка з ягонай абранніцай, каб асабіста блаславіць. А то спадчыны пляменніку не пакіне.
Але Гараўскі нават не пабаяўся прапанаваць маёнтак для пастою палка, абы будучага зяця ў госці завабіць. І не збіраўся здавацца. Пачуўшы, што жаўнеры перастрэлі дарогай вазок з двума вандроўнымі мастакамі, якія везлі параненых, увішны ліцвінскі шляхцюк прыдумаў выйсце. Чаму б не адправіць да цётачкі гагарынскай на бласлаўленне партрэт? Вось пляменнік, вось побач нявеста… А даставіць парсуну ў суправаджэнні адпаведнага ліста ад Пятра Іванавіча пан Гараўскі сам паклапоціцца, самае вартае пасольства адправіць! А тады да Каляд можна і вяселле згуляць…
І высокія мастацкія якасці таго партрэта, трэба думаць, пану былі важныя, як парасяці табака.
А каб абадранцы-майстры не надта круцілі носам, пан уцямна папярэдзіў: не намалююць да суботы парсуну — будуць расстраляныя як канфедэрацкія шпіёны.
Пранціш шчыра ўзненавідзеў невядомую Дамініку Валянцінаўну, з-за якой узнікла праблема.
Але тут жа ўзнікла і сама Дамініка Валянцінаўна.
Будучая мадэль гера Айсмана ўвайшла, упэўнена пастукваючы абцасікамі, і гэтак жа ўпэўнена агледзела цёмнымі іранічнымі вачыма грамаду. Раздзеленыя бялюткім праборам гладка зачасаныя валасы блішчэлі, як шоўк колеру каштана, ніякіх табе напудраных парыкоў, чырваніл ды мушак. Тонкія выгінастыя броўкі, лоб высокі — панна не дурніца, маленькія вусны ўсмешлівыя, нос трохі з гарбінкай, як у бацькі…
— Каго вашамосць пан бацька хоча на расстрэл адправіць?
Пан Гараўскі пачаў распавядаць свой бліскучы план, а князь Гагарын кінуўся цалаваць ручкі нявесце… І па тым, як ён гэта рабіў, Пранціш зразумеў, што паненка князю нават надта падабаецца, і каб не змус жаніцца, дык і строіў бы тут прыемныя фіглі… Вось жа гэтыя кабеты, за пасады ды грошы на ўсё гатовыя!
Між тым панна Дамініка рашуча забрала з рук натхнёнага князя сваю вузкую белую ручку і ўтаропілася ў бацьку, прыжмурыўшы цёмныя вочы:
— Хіба татусю гэтак не церпіцца выправіць мяне з дому? Якое вяселле, калі ліецца кроў у Айчыне?
Апошнія словы паненка вымавіла без ценю іроніі, нават з горыччу. Князь Гагарын прасвятлеў тварам, унутрана згаджаючыся з нявестай. Але пан Гараўскі зноў горача загаварыў пра закаханыя сэрцы, пра небяспеку, якая павінна прыспешваць лёсавыя рашэнні… Карацей, сеансаў малявання ніяк не пазбегнуць, хоць Пранціш нясмела нагадаў, што ў іх ні фарбаў, ні пэндзляў, ні палатна…
— Фарбы я свае пазычу, — нечакана прамовіла падступная паненка, выпрабавальна гледзячы на самазваных мастакоў. — Палатно ёсць адно… Загрунтаванае…
От выспятак Фартуны! Замаскіраваныя канфедэраты самі не ўцямілі, як апынуліся перад белым прастакутнікам будучай карціны, прычым Лёднік быў узброены кавалкам вугалю, якім належала рабіць накід, а на мальберце стракацелі раскладзеныя паненкавы фарбы і пэндзлі.
Наводдаль, як галубкі, уселіся дзве мадэлі. Князь капрызліва надзімаў вусны, адкінуўшыся ў крэсле, і раздражнёна круціў у руках срэбную табакерку з вензелем імператрыцы, у цёмных вачах шкоднай паненкі Дамінікі скакалі вясёлыя жарынкі. Прыслугу выставілі прэч, толькі пан Гараўскі час ад часу нецярпліва зазіраў у пакой. Геру Айсману не далі часу нат на эскізы, чым можна было адтэрмінаваць непазбежны канфуз.
Читать дальше