Пранціш пачухаў патыліцу.
— Ну, мы ўжо столькі падчас нашых прыгод назіралі руйнаванняў ды пажараў, на дзесяць Трояў хопіць. А вось тваё зняволенне ў барона дэ Варда якраз можна прыпадобніць зняволенню Адысея на востраве ў німфы Каліпса. Зніклы для свету, зачараваны герой, часу не ведае… Праўда, ні дэ Вард, ні тым больш Бяскоўскі да німфаў не падобныя. Хіба згадаць тваіх… сясцёр па палоне? Тая Каламбіна — чым не німфа?
Лёднік паморшчыўся, бо пра сваё зняволенне ў якасці Скарамуша маўчаў, як воцату выпіўшы.
— Добра, а што цяпер? Мы па схеме Гамера дзе?
— Думаю, у цара феакаў Алкеноя, — упэўнена адказаў Вырвіч. — У яго была дачка царэўна Наўсікая, дужа разумная і смелая, і калі Адысея выкінулі хвалі на іхні бераг, няшчаснаму бадзягу дапамагла.
— Наўсікая, кажаш… — пасміхнуўся Лёднік і ўлез з недарэчным пытаннем: —Спадабалася паненка Гараўская?
Вырвіч натапырыўся, як верабей.
— Ды я б да такой ніколі з куртуазнымі намерамі не наблізіўся!
— Раздражняе? — насмешна ўдакладніў Лёднік і па-ментарску дадаў: — Вы, пан Вырвіч, ужо не юнак, а ладны дзяцюк, час навучыцца самога сябе разумець. Вас злуе, што вашыя звычныя фіглі ды кукарэцыі з такой дзяўчынай будуць бескарысныя.
— А мне з будучай княгіняй Гагарынай галантнасцяў не разводзіць! — сярдзіта буркатнуў Вырвіч і перавярнуўся на другі бок, чамусьці адчуваючы крыўду.
А раніца нічога не выратавала. Хутка абодва няшчасныя ілжэ-мазідлы стаялі перад няскончаным шэдэўрам, і Лёднік з прыхаванай панікай касавурыўся на выціснутыя на палітру фарбы. Адзінае што, Чорны Доктар, які ўмеў ганяць і прыслугу, і студэнтаў, умудрыўся з раніцы зноў надаць сабе прафесарскі выгляд: напудраны наноў парык выглядаў акуратненька, камзол выцвілы, але адпрасаваны, і нават дзірка на локці зацыраваная. Пад камзолам былі шчыльна перавязаныя палатном скабы, што рабіла паставу яшчэ больш выпрастанай. А дзюбаты нос задзіраць Полацкі Фаўст з дзяцінства навучыўся. Пранцішу зноў зрабілася няёмка за папугайскую вянгерку з цёмнай плямай на азадку.
Хіба палёгка атрымалася — князь Гагарын пасядзеў зусім нядоўга ды збег, спаслаўшыся на вайсковую неабходнасць. Затое месца каля дачкі заняў пан Гараўскі, які ўзяўся занудна разважаць пра падзенні нораваў і залаты сармацкі век. «Ды твае продкі з залатога сармацкага веку чужынцаў бы на ганак не пусцілі!» — ледзь стрымаўся ад заўвагі Вырвіч.
Паненка нешта лена адказвала бацьку, утаропіўшыся цёмнымі вачыма пад столь, дзе ляпныя анёлкі вартавалі прыцемак, і была думкамі так далёка, што зноў раздражняла. Яшчэ й ад таго, што Вырвіч спадзяваўся, што і сёння атрымае нечаканую дапамогу. Панне ж карціць замуж за Гагарына! І чаму толькі сама не возьмецца выканаць іх двайны партрэт, калі такая ўвішная?
Насамрэч, панна Дамініка некалькі разоў зрабіла спробу адаслаць бацьку, але пан Гараўскі сваю кветачку пільнаваў, як цыклоп адзінае вока.
А самае непрыемнае, што паненка, напэўна, яшчэ й шчыра весялілася: як жа самазванцы-няўмекі карціну расквецяць?
Лёднік уздыхнуў, як перад бойкай, і тыцнуў пэндзлем у чырвоную фарбу…
Па-праўдзе, Пранціш вельмі спадзяваўся, што з колерамі ў Бутрыма атрымаецца лягчэй. Ён жа з дзяцінства вучыўся змешваць фарбы ў друкарні Івана Рэніча, бацькі сваёй будучай жонкі. І ўмеў скласці карнацыю, цялесны колер, са свінцовых бялілаў і кінавары, і фарбу посх першага роду, і вянеду з тоўчанага вугалю ды вапны, якой вочы малююць, і фарбу вірыдонавую, якую атрымліваюць, абмазаўшы мядзяную пласціну мёдам, соллю і заліўшы воцатам, як раіў вялікі Тэафіл, і здабыць пігмент сіні сукус з бузіны… Так, Баўтрамей Лёднік, полацкі алхімік, мог бы лёгка для самаўпэўненай паненкі Дамінікі зрабіць дасканалы набор фарбаў… Але намаляваць імі хаця б яблык ён не мог. Вырвіч спрабаваў надаць партрэту хоць трохі прыстойны выгляд, падмалёўваючы, як умеў…
І затрубілі Іерыхонскія трубы, і ўстаў з месца пан Гараўскі, жадаючы пабачыць, як міла выглядае і ў намаляваным выглядзе ягоная ўлюбёная дачушка, без драбочка княгіня Гагарына і свецкая львіца.
Пан стаяў і сінеў, як ультрамарын, бо дыханне пераняло ад абурэння, і замест уцямных слоў сіпеў: «Ш-што? Ш-што?» — і тыцкаў пальцам у карціну, на якой, апярэджваючы свой час на некалькі стагоддзяў, вычварна спляталіся рознакаляровыя пісягі, вымалёўваліся прывідныя сілуэты.
Выразней за ўсё бачыліся два ярка-чырвоныя раты.
Вочы таксама меліся. Чатыры. Здаецца.
А лепш за ўсё Лёдніку ўдаўся парык князя Гагарына. У ім была дасканала перададзеная ўся імклівая, мройная натура князя, падобная да хмаркі, якую трэпле бура… Прынамсі, менавіта гэта паэт Вырвіч тлумачыў заказчыку. Ну і пра новыя павевы ў мастацтве, пра еўрапейскую моду на з’яднанне фарбаў, пачуццяў і снабачанняў у фантасмагарычным капрычыа…
Читать дальше