Але грашавіты кліент — залаты ключык, які любую браму адамкне, нават калі яе ахоўваюць цэрберы, гаргоны і цвярозыя стральцы Пяцігорскага палка.
Пранціш скасавурыўся на свайго напарніка: яны з ім не менш застрашліва выглядаюць! Шаблі за паясамі крывыя і небяспечныя, як зубы ў цмока. Шырачэзныя кашулі ды нагавіцы, плашчы, чалмы — усё з чорнага шоўку, фізіяноміі да вачэй прыкрываюць чорныя хусткі… Галоўнае, вочы, закапаныя блёкатам, пажахлівей лупіць. Не тое, што Давыд у кароценькай лёкайскай куртачцы, жоўтых штанах да калена ды белых панчохах: сунецца прыгорблена за ўрачыстай акторкай Серафінай, нібыта век слугаваў, нясе куфэрак з грашыма.
А Серафіну Мішэль сустракаюць, як каралеву! Яшчэ б… Столькі грошай уваліць за адзін візіт! А паводзіцца як, а пастава ганарыстая! Каралеўская фаварытка, ясна… Даўгалыгі Бяскоўскі (Пранціш так бы і даў кулаком па ягоных пудраных патлах) ручку цалуе, ветлівы, як малінавае сочыва.
Сузіраць таемства лекарскага агляду Бяскоўскі ахоўнікам дазваляць не хацеў. Але Серафіна запэўніла капрызліва, што ахоўнікі яе людзі дзікія і адданыя, як сабакі, нават пад дзвярыма яе спачывальні начуюць — бо так ім загадаў сам яго вялікасць кароль. Не мусяць выпускаць яе, суцеху каралеўскага сэрца, з-пад нагляду й на хвілю.
Абмежаваліся тым, што паставілі кітайскую шырму, распісаную белымі, як сырадой, лотасамі, і абодва сарацыны, паклаўшы рукі на дзяржальны шабляў, пагрозна сталі за ёй з боку дзвярэй. Пранціш, шпег спрактыкаваны, тут жа прарэзаў у шчыльнай тканіне з лотасамі дзірку для назірання. Напарнік незадаволена скасавурыўся: ды што з яго ўзяць, цельпука: чужы, калі што — не дапаможа.
Між тым Бяскоўскі пачаў агляд пацыенткі. Змушаў глыбей дыхаць, паварочвацца, згінацца, распытваў ціха пра нешта… Раіна ў нейкі момант гэтак натуральна заперхалася — аж страшна, каб не ведаць, што прыкідваецца, дык і паверыў бы ў хваробу. Відаць, Міхалішыўна нездарма запэўнівала — зможа напалохаць лекара, бо Бяскоўскі не на жарт задумаўся. Потым адышоўся, паклікаў свайго лёкая ды штось прашаптаў, Пранцішу пачулася слова «Скарамуш». Сэрца ажно зайшлося ад хвалявання. Няўжо ўдасца?
I праўда… Вось ужо Бяскоўскі нясе бязвокую маску з белага аксаміту, расшытую срэбрам ды каменьчыкамі. Угаворвае багатую кліентку прылегчы ў шыкоўным фатэлі з гэтай маскай на твары, засяродзіцца на сваім болю — так дакладней можна дыягностыку правесці.
Бяскоўскі не паленаваўся падысці і зазірнуць за шырму — стаяць абодва жыхары пусткі, як слупы, лупяцца дзікімі адсутнымі вачыма ў сцяну…
А потым бязгучна адчыніліся непрыкметныя дзверцы, якія прыкрываў габелен паміж шафамі, і ў пакой увайшла знаёмая постаць. Высокі хударлявы мужчына ў белым балахоне, захутаны аж да вачэй не горш, чым абодва «сарацыны», з бязглуздай белай шапачкай на галаве, падобнай да тых, што носяць пекары. Нават здалёк, праз шчыліну, Пранціш пабачыў, што вочы ў прыхадня цёмныя, і глядзяць засяроджана, пільна… I немагчыма было не пазнаць гэтыя ўпэўненыя, адрывістыя рухі, тую ўчэпістасць, з якой доктар Лёднік заўсёды аглядаў пацыентаў, няважна, ці кароль перад ім, ці смяццяр.
Дзякуй богу, Бутрым на нагах, пры памяці…
А яго баяцца, нават у ашыйніку — двое гардыянаў сталі побач, каб сачыць за кожным рухам.
Між тым новы лекар давай выстукваць нешта па грудзях, па скабах пацыенткі — ага, ужывае тую саму пяркусію, якую ўся еўрапейская медыцына высмеяла. Каралеўская фаварытка зноў зайшлася ў сухім, пакутлівым кашлі. Цікава, Лёднік выкрые падман? А можа, пазнае Раіну нават з закрытым абліччам — ён жа назіральны, ды падыграе?
Бяскоўскі папрасіў кліентку яшчэ трохі паляжаць і адышоўся з Лёднікам у самы дальні кут. Бутрым нешта доўга і горача шаптаў, Бяскоўскі, здаецца, незадаволена спрачаўся. Чорны Доктар угневаўся, аж страсянуў свайго ўладальніка за каўнер, але зараз жа быў схоплены за рукі ахоўнікамі і выштурханы за таемныя дзверы.
Пранціш мімаволі схапіўся за шаблю: гэх, зараз кінуцца б, пакуль Бутрым тут, пасячы гадаў… У юнацтве не стрымаўся б — нават ведаючы, што з дому нізавошта не выбрацца.
Між тым Бяскоўскі наблізіўся да пацыенткі і акуратна зняў з яе маску. Запэўніў, што прагнозы самыя лепшыя, трэба толькі піць адмысловыя лекі. А сама лепей звярнуцца да маладога пана Месмера, які пераехаў з Вены ў Парыж і ўсё больш паспяхова практыкуе свой магнетызм.
Пранціш здзівіўся: няўжо Месмер, якога лічылі шалберам, а Лёднік — таленавітым чалавекам, што ўпустую растрачвае свой талент, забаўляючы багацеяў, у хаўрусе з прагрэсіўнымі дактарамі? Такую кліентку перасылаюць!
Читать дальше