Раіна задзірыста засмяялася, адкінуўшы галаву з высокай прычоскай — у напудраных валасах, як слёзы, блішчэлі перліны, быццам нехта зверху аплакваў загінулую душу. А яна ж і сапраўды схуднела… Так, што аж свеціцца. Вочы вялікія, і цёмныя кругі пад імі запудраныя. А рукі ж, як галіначкі… Пранціш здушыў жаданне прытуліць да сябе, адагрэць гэтыя худзенькія да сінізны рукі… Бо ведаў — ён пажадае, і яна дазволіць усё, каб пасля зноў збегчы, не ганьбіць высакароднага Вырвіча сувяззю з «нізкай жанчынай».
— Што ж, у гэтым ёсць шанец, — вынес вердыкт Жылібер, ацэньваюча абмераўшы вачыма страйнюткую постаць госці.
— Яна не павінна ісці адна, — заявіў Пранціш. — Трэба пасвечаны назіральнік ды ахоўнік, каб разнюхаць што, пакуль усе будуць пацыенткай занятыя…
— Вы пра сябе, пан Вырвіч? — напружана папыталася Саламея. — Нават не думайце! Вы пабывалі ўжо ў доме дэ Варда… Нагадаць, чым скончылася?
Та-ак, паслалі сабаку па табаку — ані табакі, ані сабакі. Пранціш міжволі пацёр лоб, нібыта зноў адчуўшы, як галаву сціскаюць жалезныя абручы.
— Значыць, трэба прыдумаць якую маскіроўку! Як у Санкт-Пецярбургу… Памятаеш, Раіна, ты пераапранула мяне ў егіпцяніна, і я змяюку за табой у клетцы насіў?
Жылібер пачаў штось абурана звягаць — пра легкадумнасць ды балаган, але Раіна сур’ёзна задумалася.
— Што ж, скарыстаем, што зараз у Парыжы модна трымаць незвычайных прыслужнікаў. Кітайцаў, маўраў, індусаў, чаркесаў, казакаў, туркаў… У Мары ёсць слуга-сарацын. Ходзіць такі ў чорным, у шальварах ды шырокай кашулі, за поясам дзве крывыя шаблі ды кінжал, на галаве чалма, фізіяномія да вачэй чорнай хусткай закрытая, толькі вачыма бліскае ды рычыць, як звер… Страх глядзець! Праўда, ніхто не ведае, што Мары загадала яму твар захінаць, бо ніякі ён не сарацынскі ваяр, а лёкай родам з Сардзініі, і аблічча, як ні рычыць, недастаткова жудаснае на густ гаспадыні. Так што пазычу ў Мары ейнага гардыяна, ну і вы яму да пары якраз будзеце.
— Гэта ў туарэгаў мужчыны твар захінаюць… — не вытрымаў па-навуковаму дакладны Жылібер, але сам махнуў рукой, разумеючы, што ў свеце маскарадаў на такія адпаведнасці ўсім начхаць.
Сарацыны дык сарацыны.
— Я магу намяшаць рашчыння, каб скура смуглявая стала, — раптам падаў голас Давыд. — Вочы таксама можна цёмнымі зрабіць хаця б з дапамогай Hyoscyamus niger [14] Блёкат (расліна, лац .).
…
— Лепш Atropa belladonna [15] Беладона (расліна, лац .)
, — хуценька ўмяшаўся Жылібер. — Эфект устойлівейшы.
— Ну так, — меланхалічна пагадзіўся Давыд. — А мяне можна проста лёкаем. Я не асабліва прыкметны, падумаеш, студыёзус… Ніхто не пазнае.
Пранціш са здзіўленнем павярнуўся да пляменніка полацкага аптэкара, які сядзеў, выцягнуўшы доўгія ногі, у фатэлі, накрытым пухнатай белай посцілкай.
— Гэта небяспечна, Давыдзе.
Фармацэўт гэтак жа меланхалічна паціснуў плячыма.
— Без волі Госпада і волас з галавы не ўпадзе, Майсей вунь па дне мора народ правалок… Хаця, ведаючы, што давядзецца пасля сорак год блукаць у пустцы і пясок жаваць, многія б назад павярнулі, не чакаючы манны нябеснай.
Давыд відавочна ўспадчынніў ад дзядзькі Лейбы вясёлае блюзнерства, якое за адсланёна-журботнай мінай цяжка было западозрыць.
— Небяспечна, небяспечна… — працягваў буркатаць юнак, і ў ягоных цёмных задумлівых вачах скакалі дзёрзкія жарынкі. — Як зелле варыць — дык Давыд згодзіцца… А дзядзьку Баўтрамея выручаць — дык Давыд баязлівец, Давыд слабы. I, канешне, не памятае, як дзядзька Баўтрамей аптэцы нашай зачыніцца не даў, сям’ю выручыў, мяне на вучэнне ўладзіў…
Вырвіч сумніўна агледзеў хударлявую постаць юнага фармацэўта:
— Магчыма, там біцца трэба будзе.
— На ўсё воля Госпада. Мой славуты цёзка Галіяфа каменьчыкам зваліў.
Раптам расчыніліся дзверы ў другі пакой. Паніч Аляксандр Лёднік, трымаючы за руку малую сястрычку, глядзеў упартымі цёмнымі вачыма, задраўшы падбароддзе, і відавочна збіраўся патрабаваць, каб яго далучылі да вызвалення бацькі. I гэты падслухоўваў, значыць. Саламея ўсхліпнула, кінулася, абняла дзяцей і зашаптала тое, што шэпчуць маці ўсяго свету падчас войнаў, што ўсё будзе добра, і татка вернецца…
Але дабрацца да таго таткі, які зноў нашукаў прыгодаў на сваю вучоную галаву, было не прасцей, чым здабыць дзіду святога Маўрыкія ў полацкіх сутарэннях. Дом дэ Варда ахоўваўся, як важная фартэцыя. У тым крыле, якое барон адвёў пад медыцынскае таварыства, варту неслі венгерцы. Дакладней, французы, швейцарцы, італьянцы ды хто там яшчэ наняўся, у модных венгерскіх касцюмах, з мехавымі шапкамі, упрыгожанымі двума фазанавымі пёрамі, у юлёвых кунтушах з залатымі галунамі.
Читать дальше