Ужо на ганку да каралеўскай фаварыткі ды ейных сарацынаў далучыўся Давыд, на хаду з кімсьці раскланьваючыся. Можа, хоць гэты прыемна час прабавіў у д’ябальскім доме?
Калі карэта ад’ехалася ад развалін амфітэатра, Раіна падняла на Вырвіча ўсхваляваныя вочы:
— Гэта быў ён… Пан Лёднік…
— Я ведаю. Бачыў, — коратка пагадзіўся Пранціш. — Вось толькі куды яго павялі?
— А ў правую вежу, на другі паверх, — проста прагаварыў Давыд, разглядаючы незнаёмы герб на гузіку лёкайскай формы.
I патлумачыў на здзіўленыя воклічы:
— Ну я ж лёкай, гэткі малады прасцяк, як жа мне не завесці знаёмства з такімі ж лёкаямі ды служаначкамі, не пажаліцца на капрызлівую гаспадыню ды пра іхніх гаспадароў не паслухаць? — будучы полацкі аптэкар пасміхнуўся. — Хочаш таямніцаў — пасядзі на варыўні. Арыстакраты, прабачце, пан Вырвіч, скрозь фанабэрыю мыш ва ўласнай талерцы не ўбачаць. Яны шчыра лічаць, што прыслуга — штосьці кшталту мэблі, нават калі бачыць і чуе, усведамляе не больш за якога цюцьку. Ды слугі разумеюць усё лепш, чым гаспадары, прыкмячаюць да драбніцаў. Лішняга, вядома, тут не скажуць, напалоханыя лёсам вашага Агюста — ніхто не паверыў, што ён сам па сабе з дому знік. Дапамагаць нам ніхто не возьмецца, выклічы на суд за сведкаў — ад усяго адхрысцяцца. Але калі я сказаў, што не супраць папрасіцца да барона слугаваць, бо абрыдла ў гаспадыні, парадаў надавалі. Асабліва раілі да сутарэнняў блізка не падыходзіць — «калі не хочаш, браце, сам у іх знікнуць». Дэ Варда лічаць гнюсным і разбэшчаным. Адна панечка намякнула, што ў доме час ад часу таемна збіраюцца кампаніі кшталту тых, што ладзіць мадам Дзюбары для караля. Там, дзе закусваюць віно шпанскімі мушкамі для абуджэння юру, а нараніцу прыслуга дастае з-пад сталоў голыя п’яныя целы. Два лёкаі — тыя, што перабраліся з баронам з Парыжа і трымаюцца ад іншай прыслугі асобна — нават бяруць у тым Садоме ды Гаморы ўдзел.
Давыд скрывіўся, як у пеўня грэбень. Былая егіпецкая прынцэса стоена ўздыхнула — цалкам магчыма, давялося на ўсялякіх застоллях пасядзець… Фармацэўт працягваў расповед:
— Дэ Вард насамрэч цяпер не такі багаты, як удае — у Парыжы распусціў усе свае багацці, апошняе аддаў, каб адкупіцца ад суддзяў. Таму й згуртавалася гэтае Таварыства. Грошы з багатых кліентаў цягнуць хаўрусам, і вялікі працэнт асядае ў барона.
— Відаць, каб выцягваць грошы з арыстакратаў, барон і прыдумаў на пару з Бяскоўскім гэты ідыёцкі план па выратаванні манархіі аперацыямі на мозгу! — усклікнуў Вырвіч. Шкельцы ў вітражы, здзекліва пазвоньваючы, станавіліся на месца. — А я ж дапяць не мог, няўжо ён сам у гэта верыць, прайдзісвет!
Давыд прыўзняў бровы — маўляў, усё на свеце, васпан, шалберства, акрамя цагліны ў лоб, і працягваў:
— Ёсць у доме людзі ў ашыйніках. Гэта мурын, карузлік і некалькі красунек — адну я нават пабачыў, прыбегла за збанам віна, у паўпразрыстай адзежы, валасы распушчаныя да пояса, цьфу… Рабы, гэта значыць, каторыя ў ашыйніках, з дому не выходзяць увогуле ніколі, і астатнія слугі робяць выгляд, што іх не існуе.
— А пра Лёдніка, пра Лёдніка што кажуць? — нецярпліва перапытаў Пранціш.
— In brevi [16] Па-праўдзе ( лац .)
, пра таемнага Скарамуша, якога трымаюць пад замком, ведаюць мала, — прызнаўся Давыд. — У твар дык ніхто з непасвечанай прыслугі яго не бачыў. Расказваюць усялякія байкі: вупыра для эксперыментаў злавілі, дэмана ўтаймавалі. Адзін гардэробшчык шапнуў, што Скарамуш — скрадзены сын арабскага шэйха, вялікі чараўнік. Трымаюць яго ў пакоі за жалезнымі дзвярыма. Есці носіць толькі тая панечка ў ашыйніку. Ну і ўсе расповеды перарываліся змрочным «Лепей табе таго не ведаць».
Карэта перастала трэсціся па брукаванцы. Змоўшчыкі выехалі на дарогу, што вяла з Манпелье ў Ліён, і колы пачалі правальвацца ў калюжыны, быццам з пасажыраў карэты нехта хацеў збіць масла. Вырвіч трохі злаваў — вось жа нягеглы Давыд столькі змог разведаць! А ён яго нават браць не хацеў. Сам жа Вырвіч так і не навучыўся па-французску чысценька прамаўляць, ну няма ў яго здольнасці да моў, хоць і вершаплёцтвам займаецца. А юны Ляйбовіч — калі ласка, як бы й адсюль родам.
Але цяпер хоць нешта пэўнае: доктар у доме, і нават вядома, дзе трымаюць.
Праўда, ілбом мур не праб’еш. Давялося шукаць спосабы і сродкі. Гэта заняло яшчэ два тыдні, за якія Саламея зусім змэнчылася. Французская восень аказалася такой жа паганай, як і ліцвінская, дажджы сабе лілі, вецер дзьмуў, мора ўздыхала, быццам зняволены волат, што вось-вось абудзіцца. Адзіны спадзеў, каб не пачаўся шторм, які скасаваў бы план. Пранціш з’ездзіў у Парыж, дзе давялося ўжыць усе свае дыпламатычныя здольнасці, але вярнуўся не адзін.
Читать дальше