— Ну, там трошкі холадна, і ноч доўгая, — пажартаваў Лявон. — Пераязджай лепш да нас. Тым болей, што твая жонка згодна на вёску.
— Так і зробім, — жартаўліва-сур’ёзна згадзіўся Янка. — I тады я пачну пісаць пра вас, пра нашу вёску.
— А што, матэрыялаў у нас шмат. Ты нават трохі нешта пісаў, але неяк надта перакруціў тое, што ў нас было, тым, чаго не было.
— Ты правільна гаворыш, Лявоне. Ты, як той літаратурны крытык: будзеш мяне кансультаваць — па артылерыі, па трактарах, яшчэ па чым? — спытаўся Янка наўгад.
— Па гэтым самым, як яго — што наліваюць, — падказаў Рыгор і шматзначна пстрыкнуў сябе па падбародку.
— О, тут я разбіраюся... У гаручках я майстар, нават прафесар, — зарагатаў сам з сябе Лявон. — Магу пракансульціраваць любога... магу...
— Знайшоў чым хваліцца, — паўшчувала яго сястра Манька. — Каб ты пахваліўся, колькі ты класаў скончыў, а то што... Вось твой таварыш, яго ведаюць далёка, а цябе...
— Мяне таксама ведаюць, — перабіў яе Лявон, — ва ўсіх брыгадах, дзе я араў на трактары... А што не вучыўся... Дык хіба я тут вінаваты? Я вучыўся б, але хто нас карміў бы? У Янкі бацька быў, таму ён мог вучыцца. А майго і твайго бацьку польскім шпіёнам зрабілі... У расход пусцілі... А потым я ў Венгрыі, наводчыкам, снарады пасылаў за тых, хто майго бацьку... —Лявон не скончыў, закрыў твар рукамі і ўсхліпнуў, плечы яго ўздрыгнулі.
Застолле прыціхла, Лявонавы словы і яго слёзы, хай сабе і не зусім цвярозыя, уразілі ўсіх. У Янкі на вачах таксама закруціліся слёзы — ён вельмі добра разумеў свайго сябра, спачуваў яму і шкадаваў, што Лявон пасля пяці класаў кінуў вучобу. А з яго выйшаў бы выдатны інжынер, бо тэхніку ён любіў, ведаў яе, быў працавіты, толькі потым, ужо як стаў брыгадзірам, пачаў часцей заглядаць у чарку, за што і быў паніжаны да трактарыста.
Урэшце Лявон авалодаў сваімі пачуццямі, выцер вочы белаю сурвэткаю, неяк вінавата паглядваў на гасцей — ці не смяюцца з яго? Было не да смеху, усе гэта разумелі, і Янка не стрымаўся, каб не загаварыць зноў, запоўніць паўзу:
— Ты, Лявон, не трымай сэрца на сястру, яна не хацела цябе пакрыўдзіць, проста так атрымалася... Драма нашага жыцця ў тым, што адно пакаленне расплачваецца за грахі папярэдняга. Ваш бацька шукаў шчасця перш за ўсё для вас, а знайшоў сабе магілу, а вам прынёс гора і пакуты. А сам ён стаў ахвяраю савецкай агітацыі, як і многія з нас, асабліва нашы бацькі, дзядзькі... Яго трагедыя была страшная: ён загінуў ад рук тых, каго лічыў сваімі вызваліцелямі, за каго сядзеў у турме. Горшага нельга і прыдумаць... I ён быў такі не адзін, былі тысячы. Паўстае пытанне: а хто за гэта адкажа, як і за слёзы і пакуты іх бацькоў, жонак і дзяцей? Няма адказу на гэта пытанне. Адзіная надзея — на Бога. Можа, вам здасца дзіўным, што Янка, заўзяты піянер і камсамолец, сёння ўскладае надзею на Бога, як адзінага носьбіта праўды і справядлівасці. Такую перамену ў душы і свядомасці перажыў не я адзін, перажылі мільёны, і асабліва тыя, каму было цяжка, хто быў незаслужана пакараны, прыніжаны, пакрыўджаны... Я не думаю, што Лявон адразу паверыць мне, стане ў шэрагі вернікаў, але калі ён зробіць гэта, ён стане іншым чалавекам — выратуе сябе і сваю душу ад граху... Мы ўсе грэшныя, але мы каемся, мы молімся, і Усявышні даруе нам нашы грахі. Хай і сёння Усявышні даруе нам грэх спажывання напою, які зацямняе светлы чалавечы розум і прыводзіць часта да бяды. Будзьма з Богам — і ён не пакіне нас...
Янка замоўк, чакаў, што будзе: спрэчка, ухвала, нязгода? Паўза была нядоўгай: зноў загаварылі, зашумелі ўсе разам, і цяжка было разабраць, хто чаго хоча, хто за і хто супраць.
Выходзіла неяк так, што за сталом ішоў дыялог паміж Янкам і Лявонам, астатнія заставаліся слухачамі ці фонам, часам дадавалі нешта нязначнае, як падкідалі ў агонь паленца, каб ён лепш гарэў. I цяпер зноў галоўным апанентам у Янкі стаў Лявон, нездарма яны былі старыя школьныя сябры.
— Ведаеш Янка, ты мяне трохі здзівіў. А яшчэ больш здзівіўся б твой дзядзька, пачуўшы, што ты заклікаеш да Бога, — сказаў Лявон рэзка.
— А што, да Бога заклікаць горш, чым да сусветнай рэвалюцыі? Мой дзядзька, які склаў галаву ў першыя дні вайны, яшчэ больш здзівіўся б, каб паглядзеў на наша сённяшняе жыццё. А яшчэ больш здзівіўся б твой бацька: ці таго ён дабіваўся, што мы сёння маем, што маюць яго дзеці?
— Ты хочаш сказаць, што нашы сённяшнія здабыткі — гэта гузно старой курыцы, што мы жывём горш, чым жывуць на Захадзе? — пачынаў злаваць Лявон. — Я жыву не горш за с зайго бацьку, які жыў пры панах, а я пры Саветах.
Читать дальше