Лявон падахвоціўся праводзіць іх да аўтобуса, яны выйшлі з хаты, калі пачынала шарэць. Па гразкай вуліцы, выбіраючы сушэйшую сцежку, яны пакіравалі з вёскі на дарогу-гравейку, што вяла да гасцінца. Ісці заставалася няшмат, мо якую вярсту ці болей, для вясковага чалавека гэта не адлегласць. Першыя ішлі Рагнеда і Жэня, а за імі следам, але трохі адстаўшы, пляліся Янка і Лявон, абодва трохі ацяжэлыя — і ад шчодрага стала, і ад нейкай вірлівай, як Янку здалося, гутаркі за сталом, якая забрала ў іх шмат энергіі. На добры лад, лепш было б заваліцца дзе на сена ды даць храпака. А тут яшчэ трэба на нейкі аўтобус...
Жанчыны наперадзе нешта гаварылі між сабою, а яны таксама не маўчалі. Лявон расказваў, як ён шукаў бацькавых слядоў, колькі пісаў у розныя інстанцыі, якія прыходзілі адпіскі: нічога не ведаем, звярніцеся туды і туды, а там таксама нічога не ведалі ці не хацелі ведаць. I недзе праз гады тры ён знайшоў нарэшце месца, дзе яму далі на рукі паперу, што яго бацька — прозвішча, імя, імя па бацьку, злоўлены пры пераходзе польска-савецкай мяжы і расстраляны як польскі шпіён — і ў канцы дата. «Вось і ўсё», — выдыхнуў Лявон. «А кампенсацыя?» — спытаўся Янка. «Чаго захацеў — кампенсацыі! У іх портак не хапіла б, каб з усімі расплаціцца», — адказаў Лявон. «А рэабілітацыя?» — зноў спытаўся Янка. «Рэабілітацыя — калі ласка, паперкі ім не шкада. А што мне з тае рэабілітацыі? Я і так ведаў, што ён ніякі не шпіён, не вораг Саветам».
Яны падышлі да гасцінца, на скрыжаванне дарог, дзе будзе ехаць аўтобус Сноў—Буднікі, сталі чакаць, радаваліся, што не спазніліся. I тут убачылі агні на дарозе з Саматканавічаў. Лявон адразу вызначыў: едуць камбайны, там яны жалі, а цяпер вяртаюцца нанач у свой гараж. I вось яны блізка, асвяцілі сваімі вачамі-фарамі іхнюю кампанію, якая стаяла пры дарозе. Мо каб не Лявон, то яны б праехалі міма, але яго пазналі ў кампаніі з нейкімі незнаемымі — і спыніліся: адзін, другі, потым пад'ехаў і трэці. Камбайны, як гіганцкія страшыдлы, асляпілі іх фарамі, падфарнікамі, усімі габарытнымі агнямі, а вялізныя бункеры, капніцелі, матавілы, шнекі, бліскучыя зубы жняярак здаваліся яшчэ больш вялікімі і нерэальнымі. Але хлопцы аказаліся знаёмыя, нават Янка іх пазнаваў, не так даўно яны былі хлапчукамі: Янкаў траюрадны брат Васіль Пільневіч, сваяк па матцы, сын Пальчыка Міхаля, некалешчяга суседа, з трэцяга камбайна спусціўся таксама знаёмы хлопец — сын Лепцюка Міхала, такі ж насаты, як усе Кірухавы. Пад’ехаў на матацыкле Лявонаў малодшы сын Уладзя, які працаваў памочнікам камбайнера. Наперабой яны распытвалі Янку, як ён тут апынуўся, ці збіраецца ён сустрэцца з землякамі. Яны яго ведалі, яшчэ памяталі, калі ён быў студэнтам і прыязджаў дадому на канікулы, а яны яшчэ былі хлапчукамі.
Янка быў страшэнна расчулены гэтаю сустрэчаю з маладымі камбайнерамі, казаў, што знойдзецца час, каб наведаць іх, наладзіць сустрэчу, шчыра пагаварыць...
I тут якраз падехаў аўгобус на Буднікі. Яны сталі развітвацца — з хлопцам!, з Лявонам, памахалі рукамі і зайшлі ў салон. Былі вольныя месцы, яны селі побач, маўчалі, кожны ў душы перажываючы гэтую нечаканую сустрэчу з новым пакаленнем вясковай моладзі. У сініх камбінезонах, запыленыя, але дужыя, загарэлыя, вяселыя хлопцы з роднай вескі стаялі ў Янкі перад вачыма і цяпер, калі аўтобус ужо адмераў нямала кіламетраў. «Можа, і не прападзём, — думаў Янка. — Горш, як было ў вайну і пасля вайны, не павінна быць. Галоўнае, каб людзі не страцілі свае чалавечае годнасці і нацыянальнай свядомасці».
X
Усталі позна, ледзь разварушыліся — так адгукнуўся ўчарашні дзень. Проста не верылася, што яны тут, у Будніках, а не ў Дабрынічах, дзе ўчора прабылі цэлага паўдня. Пагода ціхая, цёплая, неба без хмараў, без аблокаў, у паветры ўжо сям-там відаць, як плавае павуцінне.
Маці сёння была ўважлівая да іх, нават ласкавая, казала, што ўчора адна сумавала, нават не захацела абедаць, нудзілася без іх, не ведала, за што ўзяцца — нічога не клалася на душу.
Янка трохі касіў картаплянік, трохі збіраў ападкі, трохі папраўляў плот. Пасля поўдня заняўся чытаннем рукапісу: час ідзе, людзі чакаюць, што ён скажа — ці тое яны пісалі? Вечарам схадзілі на возера, добра пакупаліся, асабліва ён сам, бо Рагнеда, як заўсёды ля вады, была асцярожная, і мо таму, што не ўмела плаваць. Янка таксама не быў добрым плыўцом, ён плаваў сярэдне, не вельмі хутка, але на вадзе мог пратрымацца доўга, хоць на глыбокім месцы адчуваў сябе не вельмі ўтульна — страх не адпускаў яго, асабліва як блізка не было людзей.
Читать дальше